Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Ці запаліцца свечка?...

Да свята рыхтаваліся зараней. 21 верасня — Другая Прачыстая, дзень Раства Прасвятой Багародзіцы.

Што патрэбна, каб свята адбылося? Запаліць агеньчык у сваёй душы, а таксама — запаліць свечку перад вобразам Царыцы Нябеснай.

Да Другой Прачыстай даўней, ды і цяпер вяскоўцы стараюцца сабраць увесь ураджай на полі. Да гэтага ж прыкладна часу — часу восеньскага раўнадзенства прымяркоўвалася першае запальванне хатняга агменя: на Палессі спраўлялі абрад — «Жаніцьбу коміна», ці ўшаноўвалі Багача — сявеньку з зернем і пастаўленай у яго свечкай (жыта ці пшаніцу для сявенькі бралі з першага зажынкавага снапа).

Багатнік, Багатуха, сімвалам якога быў Багач, — старадаўняе земляробчае свята. Яго спраўлялі пасля заканчэння жніва, прымяркоўвалі да Раства Маці Божай. Гэтае свята бытавала ў Беларусі да канца XIX ст., найбольш у вёсках Паўночнага Палесся і на Гродзеншчыне. Сявенька з зернем і свечкай стаяла ў хаце да наступнага жніва, як сімвал шчасця і багацця.

Ты багаты, калі пасля шчырай цяжкай працы засекі поўныя спелым зернем. Ты багаты, калі спарадкаваў ураджай, які даў Гасподзь Бог. Адсюль і назва ўсіх зярнят, сабраных разам: «збожжа» — тое, што ад Бога, найпершае багацце, адсюль і «Багач».

Багач як боства? Асабіста мне ён уяўляецца ў постаці дзіцяці, якое «купаецца» ў зярнятах абмалочанага жыта (пшаніцы, аўса, ячменю).

Зерне, вядома, пасля абмалоту трэба высушыць, насыпаць у мяхі… І многа чаго трэба зрабіць для таго, каб хлеб ляжаў на стале.

Праца, праца, няспынная праца!

І толькі на Другую Прачыстую можна крыху адпачыць: пайсці ў царкву, запаліць свечку, падзякаваць святым — Міколу, Іллі, Барысу і Глебу, Юрыю-Георгію, Прачыстай Маці і Яе Сыну за хлеб-соль, за свята жыцця. А пасля гэтага, на наступны дзень, распачынаць сяўбу азімых культур.

Азімае жыта, інакш рунь — галоўны сімвал, як і жытнёвыя каласы, на музейна-педагагічных занятках «Сцежкаю Маці Божай» у Веткаўскім музеі.

Удзельнікамі былі хлопчыкі і дзяўчынкі Цэнтра дашкольнага выхавання г. Веткі, ясляў-сада №3 г. Веткі, выхавацелі гэтых дашкольных устаноў. Заняткі адбыліся незадоўга да Другой Прачыстай у этнаграфічна-археалагічнай экспазіцыі музея «Спазнаю гісторыю рукамі».

— Як вы думаеце, што трэба, каб зярняты, кінутыя ў зямлю, зазелянелі?

Патрэбны сонца і вада, — адказваюць дзеці. — Сонца — для таго, каб зярнятку было цёпла, яно змагло прарасці, каб учапілася карэньчыкамі ў глебу. Вада, каб напіцца…

Прарослыя зярняты грэла сонейка, паіла вада.

І вось, побач з табой, дзівосны сноп жыта.

Згадваем аповед Ніны Пракопаўны Марозавай (нар. у 1929 г. у в. Стаўбун Веткаўскага раёна): «Калі жніво ... Перва памоляцца: «Прэсвятая Божжа Маці! Памажы нам жыцечка жаці!» — «Тады ж буду памагаці, калі ня будзеш сама ляжаці!» — эта так шуцяць. Тады ўжэ выжынаюць — перва па адной жменьцы. І выжнуць — і пад пояс, штоб паясніцы не балелі. І первы сноп, як нажнуць атдзельна паставяць, у абабак не ставяць Як ідуць дамоў, первы эты снапочык каждая нясуць. Як у хату толькі ўваходжаюць: «Уношыю першы сноп — клапам і тараканам — на гроб. Уходжыя хазяін у двор — мухі і камары із хаты — вон...» Прыходжаем жаць. І жнуць, жнуць. І тады: «Нашлі! Нашлі! Сцежачку… І я тую сцежачку бачыла. Нізенька будзе, у два пальчыкі, іціць і іціць. Так відна, што падрэзаныя каласочкі. А саломы не відна. Дзе яна дзелась?. І хапаем тэй жніўнік, саломку. Жнём, рукі баляць… Тады ўжэ параць зажонам Мацер Божай» (Паводле: Экспедыцыйныя запісы Веткаўскага музея).

Ніна Пракопаўна расказвала таксама пра тое, што даўней, у дзень дажынак, жнеі рабілі крыжыкі з саломы, клалі іх каля апошніх нязжатых сцяблін жыта — абрадавай «барады». Пра тое ж успамінала і Марыя Паўлаўна Пузікава, 1916 г.н., жыхарка в. Дубраўка Добрушскага раёна: «Бараду дзелалі. Так, жыта вяршок… Па бародах бегалі. Гурочка, хлебца пакладуць. Ой, глядзіш ужо — малыя тых гурочкаў, бараду схапіць… Ціпер ба б тую бараду ніхто не ўзяў. На кожным полі бараду ставілі. Дажынаіш — і бараду. Сярод нівы паставяць… Жнуць, жнуць. Кінуць на бараду такі во кусочык. Тады ета — звяжуць нітачкай, вяршок той зрэжаць, хрэсьцік здзелаяць… Хрэшчычак… Пучочак так складзеш, шчэ пучочык. Пакладзеш. Еты крэсьцік нясеш дамоў і кладзеш на Кут. І ляжыць той хрэшчык, пакуль жыта сеяць увосень. І па жыту пасеяць… Бараду абізацельна дзелалі — такая запаведзь была… «Вон ужо — Маня ці Галя, бараду ужо здзелала, ужо зжала жыта» (Паводле: Экспедыцыйныя запісы Веткаўскага музея).

Хлопчыкі і дзяўчынкі разглядалі і дакраналіся да самых розных рэчаў, якімі карыстаюцца жнеі, хлебаробы і пчаляры, запаміналі іх беларускія назвы: «рунь», «жыта», «збожжа», «зерне», «Барада», «кручча» (узор неглюбскай традыцыі ткацтва на ручніку), «сявенька», «Багач», «лязіва», «лазьбень», «воск», знаёміліся са словамі «бортнік», «борць», «пчаляр», «калода», «вулей», «кляшчы»…

Абмалочвалі жыта з дапамогай невялікага драўлянага праніка.

Вось яны, побач: прарослае жыта — рунь і спелыя каласы, нахіленыя кручкамі («круччам») — наш, мясцовы узор, якому налічваецца некалькі тысяч гадоў. Паспрабавалі яго намаляваць: спачатку — ромб і крыжык, затым — кручкі. Вытокі ўзора — у арнаменце мясцовых гаршкоў.

Вось зерняцёрка: круглым, невялікім каменем некалькі тысяч гадоў таму нашы продкі расціралі на муку зярняты, насыпаныя на плоскі камень.

А вось і драўляныя жорны, на якіх перамолвалі зерне яшчэ ў сярэдзіне XX ст. у вёсках Веткаўскага раёна. Паспрабавалі на жорнах змалоць муку…

Мінаюць стагоддзі. Кожнай вясной (і ўвосень) сейбіты засяваюць поле, у жніўні і верасні — праца на жніве, — спрадвечныя людскія дзеянні. Як і запальванне святла, выраб свечак, якіх у пэўны момант замянілі электрычныя лямпачкі…

На працягу тысяч гадоў людзі карысталіся свечкамі, зробленымі з воску. Без іх і цяпер не абыдзешся ў пэўныя моманты. Воск (не толькі мёд) у вялікай колькасці збіралі бортнікі, пчаляры.

У Веткаўскім музеі захоўваюцца экзатычныя рэчы, якімі карысталіся бортнікі: дымар, якім абкурвалі пчол, лязіва, зробленае са скуры, лазьбень — драўляны посуд для збору бортных сотаў, драўляныя кляшчы, якімі выдаўлівалі бортны мёд, цясло — сякера, лязо якой мае форму паўкруга. Дзецям аб іх — асобны аповед.

«Апошнія бортнікі Еўропы, якія сустрэліся Кшыштафу Хейке» (яе аўтар — Кшыштаф Хейке) — шыкоўная кніга, у якой ёсць мноства тэкстаў на польскай мове і мноства арыгінальных здымкаў, зробленых на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Беларусі. Гартаючы старонкі гэтай кнігі, дзеці здзіўляліся розным цікавым рэчам на фотаздымках, прыгажосці нашага свету. Пчала ў ім — прыклад працавітасці, надзеі на ўваскрасенне.

Цікава было таксама падчас музейна-педагагічных заняткаў патрымаць у руках кавалачак воску, нагрэты ў вадзе. Пакруціць за ручку млына і ўбачыць, як сыплецца мука. Далучыцца да вырабу прыгожай жоўценькай свечкі. Уявіць сабе спелае жытняе поле, па якім нябачна прайшла Маці Божая Марыя і зрабіла першы зажын.

Ці запаліцца свечка на Раство Маці Божай?

Аўтар тэксту: Раманава Л.Д.
Аўтар фота: Раманава Л.Д.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.