Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Галоўная
  • Навіны
  • Віктар Шыпкоў. Традыцыйная культура в. Маркавічы ды наваколля

Віктар Шыпкоў. Традыцыйная культура в. Маркавічы ды наваколля

У ткацкай майстэрне філіяла Веткаўскага музея адбылося адкрыццё аўтарскай выставы Віктара Шыпкова «И швец, и жнец, и на дуде игрец». Зацікавіліся мы гэтым майстрам невыпадкова. Віктар — даўні сябар музея, і ведаем мы яго, як заліхвацкага гарманіста, які грае на філіяле, калі ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Але ж мы прапануем паглядзець на аўтара з іншага боку, на чалавека, які вельмі цікавіцца традыцыйнай культурай.

У суботу, 5 кастрычніка 2019, у ткацкай майстэрне філіяла сабраліся такія ж зацікаўленыя народнай культурай людзі, як і сам Віктар. Адкрыццё выставы не было тыповым, а з майстар-класам. Аба ўсім па парадку.

Веткаўскі музей прываблівае людзей тым, што ў ім наведвальнікі адчуваюць чалавечы дух, то, што зусім нядаўна бачылі самі ў доме бацькоў, альбо бабулі ці дзядулі, а зараз — гэта рэчы з прыватнай калекцыі. Дзякуючы Віктару Шыпкову ў нашым музеі працягваецца дэманстрацыя народнай культуры і традыцый. У дадзеным выпадку, гэта в. Маркавічы (Гомельскі р-н). Калі людзі прапануюць шчыра то, што ім самім падабаецца, то кожны гэта адчувае. Дадайце гэтаму разважанні пра канкрэтных персон, якіх вы ня ведаеце, але, дзякуючы ўбачанаму, усе становіцца крышачку бліжэй да нас, адчуваеш сабе ва утульнай хаце.

«Вось напрыклад посцілка пасярэдзіне сцяны, гэта была тканіна для андарака. У сувязі з тым, што андарак выйшаў з моды, а засцілаць ложак няма чым, бабуля прыняла рашэнне зрабіць з клетчатай тканіны не андарак, а пашыць посцілку. У маю калекцыю некаторыя андаракі так і трапілі. Бабуля засцілала імі ложак. Два андаракі распарывала, а затым сшывала разам і атрымлівалася вялікая посцілка».

Вельмі цікавую думку выказаў Віктар:

«На самой справе, уся беларуская культура ўвогуле трымаецца на адным чалавеке, як бы гэта дзіўна не гучала».

У дадзеным выпадку Віктар распавядае пра свайго настаўніка Рыгора Ціханавіча Басава.

«Басаў — гэта той чалавек, які не чакаў, што прыйдзе хто-небудзь з этнографаў, падыме той стары этнаграфічны матэрыял і пойдзе размаўляць з бабулямі, якія дадуць яму нешта такое, а ён на падставе таго нешта будзе рабіць. Ён проста браў і рабіў, не чакаў, што нехта пойдзе да бабулі і запіша прыпеўкі, ён не чакаў, што нехта дастане з куфэркаў сарочку і прэзентуе іх ў комплексе. На яго прыкладзе пачалося фарміраванне і уласнае ўяўленне пра сваю традыцыйную культуру, культуру в. Маркавічы ды наваколля».

З чаго ўсе пачыналася?

«Пачыналася ўсё з прыпевак. Прыпеўкі пацягнулі за сабой цікавасць да абрадаў. Дзякуючы ім з'явілася цікавасць да строю і яно ўсе навалілася і, у прынцыпе, склала суцэльнае ўяўленне пра традыцыйную культуру. На сенняшні дзень рэчы ў калекцыю трапляюць розным чынам».

Вельмі хочацца падзяліцца думкамі аўтара для ўсіх зацікаўленных тэхнікай «спрэнг». І вось падышоў той момант, калі майстар пачаў распавядаць пра паясы:

«Першай у калекцыю трапіла мужчынская сарочка. На жаль, у нас не атрымалася яе выставіць, але не факт, яшчэ часу шмат, я думаю пабачым. Другое, што ў мяне з'явілась у калекцыі, гэта пояс. Недзе ў 2007 годзе ў вёсцы нашай, у Маркавічах, былі паясы, но як іх рабіць ніхто не ведаў. Першыя паясы — гэта просценькія, тканыя на дошчачках, чатыры штукі. Я круціў, як кажуць, навобмацак, як бачыў так і выкручваў. Рабіў паясы на бердзечку. Літаратуру чытаў, было незразумела. Калі заправіў, яно і пайшло. Самае цікавае для мяне — вырабляць узор, але тое, што мяне вельмі ўразіла, гэта паясы ў тэхніцы «спрэнг». Калі я пачаў паглыбляцца ў гэтую тэхніку выявілася, што ёсць яшчэ ў нашых вёсках бабулі, якія нават ведаюць як іх рабіць. Напрыклад у в. Макаўе бабуля, можна сказаць, на пальцах зашнуравала ніткі і паказала асноўныя варыянты перапляцення гэтых паясоў. Адрозненне «спрэнгавых» паясоў у тым, што там ёсць толькі ніці асновы, якія пераплецены між сабой. Сёння, я прыхожу да такой высновы, што першыя людзі на зямлі асвоілі гэтую тэхніку раней, а перапляценне асновы і утка з'явілася пазней».

«Як вы думаеце, хто прыдумаў ткацтва? Прырода. Вось ёсць кавалачак падобны да сеткі. Гэта частка ад пальмы. І калі параўнаць пояс з прыродным кавалачкам, то яны вельмі падобныя. На поясе дыяганальнае перапляценне: крыж на крыж. Самыя першыя вырабы якія зрабіў чалавек — не адзенне. Самы першы выраб — жыццёвая патрэба чалавека — сеткі. Сеткі, якімі чалавек здабываў сабе ежу, якімі ён лавіў рыбу. Вертыкальны ткацкі станок — першая прылада для таго, каб атрымаць сетку. Да ніткі чалавек ішоў вельмі доўга. Першапачаткова чалавек выкарыстоўваў у якасці ніткі косы жывёл альбо доўгія валокны кары ад палак».

«Тэхніка «спрэнг» унікальна тым, што ў ёй можна зрабіць прывычную нам тканіну, як на кроснах. Ткачы зразумеюць, што такое дыяганальнае перапляценне — гэта саржавае перапляценне. Вось пайшла «елачка» на поясе. Ёсць толькі адно адрозненне ў тым, што ён выканан толькі з нітак асновы, таму ён эластычны, у адрозненні ад тканіны, сатканай на кроснах. У гэтай тэхніцы можна вырабляць прамавугольныя тканіны і сшываць іх. Самыя старажытныя знаходкі датуюцца 7 тыс. да н.э. Яны захаваліся як адбітак на гліняным посудзе».

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.