Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Галоўная
  • Навіны
  • «Гомельскі патрыятызм: выдумка ці рэальнасць?» у межах выставы «Гомель. 1929» 27.12.2019

«Гомельскі патрыятызм: выдумка ці рэальнасць?» у межах выставы «Гомель. 1929» 27.12.2019

Сустрэча «Гомельскі патрыятызм: выдумка ці рэальнасць» адбываецца ў межах выставы «Гомель. 1929», дзе прадстаўлены больш 30-ці фотаздымкаў гомельскай сям'і ў яе штодзённым жыцці, датаваных 1929 годам.

Дзе: філіял Веткаўскага музея (г. Гомель, Плошча Леніна, 4, цэнтральны парк, за саборам Пятра і Паўла)
Калі: 27 снежня (пятніца) 2019, 18:00
Кошт: 2 р. 00 к.
Тэлефон: 8(0232) 75-88-86

Актуальнасць тэмы гарадскога патрыятызма даўно агучвалася ў асяродку людзей, якія неабыякава адносіліся да мясцовага краязнаўства, гісторыі, культуры. Гомель, адзін з абласных цэнтраў Беларусі, які не сфармаваў выразнай гарадской культуры, бо фармальна стаў горадам толькі ў сярэдзіне ХIX ст. Аднак, за апошняе стагоддзе, у выніку імклівага росту, у выніку складаных гістарычных працэсаў і драматычных падзей сфармаваліся выразныя рысы гомельскай свядомасці, своеасаблівы ментальны партрэт гомельца, які вядомы нам, дзякуючы дакументам, мемуарнай літаратуры, фота ды інш. Але варта адзначыць, што сёння, гэтыя дадзеныя не сістэматызаваны, і, што больш турбуе, не асэнсаваны. Адсутнічае такі напрамак даследванняў як «гомелезнаўства», прытым, што даследванні ў вобласцi гісторыі, этнаграфіі, культуры, экалогіі ды іншых дысцыплінаў так ці інакш закранаюць межы горада і ягоных ваколіцаў.

Яўген Малікаў, кандыдат мастацтвазнаўства, гісторык, краязнаўца чыя калекцыя фотапар прадстаўлена на выставе «Гомель. 1929» заўжды клапаціўся аб фармаванні кола даследчыкаў у галіне гісторыі горада. Вынікі ягоных даследванняў драўлянай архітэктуры і дэкаратыўнай дамавой разьбы, гомельскіх некропаляў сталі значнай падзеяй у галіне гарадской гісторыi і культуры.

Сяргей Балахонаў, пісьменнік, гісторык, краязнавец, аб'ектам сваёй творчасці абраў вобраз гомельца ў розныя гістарычныя эпохі. Ён імкнецца «дэталізаваць» вядомыя з гісторыі, але пазбаўленыя дакладнасці легенды, надаць ім літаратурны фармат і лірычную апавядальнасць.

Ініцыятар і вядучы сустрэчы, мастак-рэстаўратар музея Андрэй Скідан шмат намаганняў прыкладае для папулярызацыі вобраза традыцыйнага драўлянага Гомеля, які знікае на нашых вачах, збірае і ўводзіць у музейны фонд фрагменты разьбянога ўпрыгожвання гомельскіх дамоў.

Ягонае меркаванне адносна фізікі ды метафізікі гарадской прасторы, аб своеасаблівай гарадской ноасферы, якая змяшчае нематэрыяльныя здабыткі духоўнай і душэўнай культуры, ляжыць у аснове разважанняў на тэму рысаў гомельскага патрыятызма.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.