Каб нас радавалі пчолы, а мы — іх!

Паміж Веткаўскім музеем стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі г. Веткі здаўна існуе цеснае супрацоўніцтва. На працягу амаль трыццаці гадоў пры музеі дзейнічае Школа старажытнай і сучаснай культуры «Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!». Па праграме Школы супрацоўнікі музея праводзяць музейна-педагагічныя заняткі для вучняў СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, выхаванцаў чатырох дашкольных дзіцячых устаноў г. Веткі. Заняткі праводзяцца як у экспазіцыях музея, так і ў адукацыйных установах. «Абрад «Свяча» у вёсках Веткаўскага раёна» — занятак, падчас якога распавядаецца пра асаблівасці правядзення мясцовага абраду ў розных вёсках Гомельшчыны, пра яго сутнасць, пра выраб свечак з воску — адзін з самых запамінальных, адметных. Тым болей, што ў экспазіцыі музея прадстаўлены абрадавыя комплексы «Свячы» (з Веткаўскага, Добрушскага, Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці) — розныя на выгляд хатнія агмені, на якіх вернікі ў час малітвы запальваюць свечкі.

Інтэрактыўная музейная экспазіцыя для дзяцей «Спазнаю гісторыю рукамі», пачатак стварэння якой быў пакладзены ў 2018 г., з’яўляецца цудоўным дапаўненнем да дзейнасці Школы «Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!». Падчас правядзення заняткаў у дзяцей ёсць магчымасць у літаральным сэнсе спазнаваць гісторыю сваімі рукамі: напрыклад, нанесці ўзор на гліну старажытнымі спосабамі, зрабіць саламяны мат для ўцяплення пчол на зіму, ці нешта іншае. Такім чынам дзеці засвойваюць каштоўныя веды, традыцыйныя ўяўленні, звязаныя з мясцовай традыцыйнай і сучаснай беларускай культурай. Узрост дзяцей, на якіх разлічана знаёмства з экспазіцыяй і творчая пазнавальная праца — 5-16 гадоў. Больш падрабязна аб музейных педагагічных занятках, выставах, прысвечаных мясцовым бортніцтву, пчалярству, вырабу Брацкай васковай свячы можна даведацца на сайце Веткаўскага музея.

Сёлета ў ліпені адбылося некалькі сустрэч навуковых супрацоўнікаў Веткаўскага музея Л.Д. Раманавай, І.А. Юдзінай з наведвальнікамі Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва г. Веткі, Веткаўскага раёна. Яны былі праведзены ў фармаце майстар-класаў. Такая форма працы — запатрабаваная і ў гэтай установе: «Усё хочуць зрабіць сваімі рукамі» — так кажуць выхавацелі аб сваіх гадаванцах. — Тым больш ім цікава самім зрабіць мат з жытняй саломы. «Дзе і калі будзе такая магчымасць?»

Мат з саломы ўдалося зрабіць на працягу дзвюх сустрэч «Пчалярства, бортніцтва на Гомельшчыне». Я спрабавала перадаць дзецям і дарослым адчуванне радасці, натхнення, асалоды, якое, не сумняваюся, ёсць у любога чалавека, які зацікавіўся пчалінымі таямніцамі і падаўжае несалодкае існаванне гэтых маленькіх працаўніц. Магчыма, гэта адчуванне можна перадаць словамі:

Без людзей, без Бога, без пчалы не пражывеш. Так важна, калі чалавек чуе другога чалавека. Гэтая размова можа быць без слоў. Пчолы разумеюць адна другую без слоў. Дзеля чаго мы тут сабраліся? Думаю, дзеля таго, каб тварыць агульную малітву, усвядоміць, наколькі важнае існаванне пчол для нас, людзей. Павучымся клапаціцца пра пчол – паспрабуем зрабіць самае простае — мат з жытняй саломы па даўняй мясцовай тэхналогіі (для зімоўкі пчол), паспрабуем нацягваць ліст вашчыны на провалаку рамкі. Паспрабуем кожным сваім новым дзеяннем і крокам пераадольваць слабасць і бязвер’е, імкнуцца жыццё зрабіць прыўкрасным, нягледзячы ні на што. Пастараемся лепш разумець і чуць адзін аднаго…

Каб нас радавалі пчолы, не толькі кветкі і сонца, а мы радавалі іх!

Каб шукаць і чакаць сустрэчы з Богам, як некалі яе чакаў Сімяон, і, дачакаўшыся, з палёгкай пайсці ў іншы свет.

Каб мы, як тыя пчолы, прыносілі нектар жыцця ў свае соты — дзеля агульнай карысці: сумесная стваральная праца дае непаўторную асалоду жыцця.

Бортніцтва і пчалярства былі і ёсць аднымі з самых любімых заняткаў беларусаў: на працягу стагоддзяў у барах, дубровах, ці каля сваёй сядзібы падтрымліваецца вялікае сяброўства: бортнік слугуе пчале, а пчала — бортніку.

Навакольны свет імкліва развіваецца, жыве па сваіх законах. З’яўляюцца новыя з’явы жыцця. Аднак пчала на працягу многіх тысячагоддзяў была і ёсць сімвалам уваскрашэння, мудрасці, працавітасці.

Ніжэй — фрагменты сустрэч, якія гучалі ў Веткаўскім музеі, Цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва г. Веткі, Веткаўскага раёна.

Сёння ў нас — размова аб пчолах, аб бортніках, аб пчалярах. Мы зробім нечаканую вандроўку ў мінулы і цяперашні час, навучымся рабіць мат з саломы, якім і цяпер карыстаюцца пчаляры. Навучымся прымацоўваць ліст вашчыны да драўлянай рамкі. Гэта — некаторыя моманты працы пчаляра.

— Хто з вас ведае, што такое борць, рамачны вулей, лавушка ? Што вы чулі аб працы бортнікаў, пчаляроў? Можа, у Вашых бацькоў, суседзяў ёсць пчолы? (Адказы дзяцей). Так, борць — гэта вялікае дупло, у якім жывуць пчолы ў жывым дрэве ў баравым лесе, калода для пчол — гэта спілаванае дрэва даўжынёй каля двух метраў з выдзяўбанай адтулінай унутры. Лавушка — невялікая драўляная скрыня, у якой замацаваны дзве-тры рамкі з вашчынай, пакладзены кветкі багуна або чабору (ці нейкай іншай расліны), якой карыстаюцца бортнікі для прываблівання пчол. Вось тут знаходзіцца калода, якой карысталіся бортнікі ў Веткаўскім раёне на пачатку, у сярэдзіне XX ст. У калоды ёсць «шапка», або «галава» (верх калоды), ёсць «вока», або «ляток» — накрыўка і адтуліна на ніжняй частцы калоды, ёсць «под», «дно» або «пята» (ніз калоды). Унутры мы бачым драўляныя «крыжачкі», «крыж», «грабёнкі» — драўлянае перакрыжаванне для ўтрымання борцевых сотаў. У борцевай калоды ёсць «доўжня» (або «века», «лазейка») — прамавугольная адтуліна, праз якую «пешняй» выразалі «камору» (выемку ў калодзе), таксама ёсць «снет», «сняток» — дубовая дошка, якой прыкравалі «доўжню». Усе гэтыя старажытныя беларускія словы добра вядомы сучасным бортнікам.

Разгледзем, што ўяўляе сабой лавушка, якую размяшчаюць, як і калоду, на дрэвах. (Вучні разглядваюць пабудову калоды, лавушкі).

А цяпер даведаемся, як уладкаваны пчаліны рамкавы вулей. Ён таксама зроблены з дрэва. Вырабляюць такія вуллі з сасны, а найлепшымі лічацца тыя, што зроблены з елкі. Здымаем драўляную крышку. Яна зроблена з нахілам, каб вада пасля дажджу ці раставання снегу хутка сцякала, не затрымлівалася на ёй. Для пчол, калі яны зімуюць, вельмі небяспечна празмерная колькасць вільгаці. Але ж трэба, каб у вуллі была адпаведная тэмпература. Саламяны мат ўяўляе сабой шчыльны покрыў. Яго кладуць на паталочныя дошкі. Салома ўбірае ў сябе лішак вільгаці, што вельмі важна. Пчаляры таксама ўцяпляюць вуллі сухім імхом, або ільняной кастрыцай, або лясным папаратнікам, верасам, які кладуць узбок ад рамак, паміж дыяфрагмай і сценкай вулля (у пэўным вуллі уцяпляюць нечым адным з названых раслін). Некаторыя сучасныя пчаляры ўцяпляюць пчол іншымі матэрыяламі.

Цэнтр рамкавага вулля, па-іншаму — «гняздо» — месца для жылля пчол. Пчолы, як і птушкі, найбольш нябёсныя істоты. У іх, як мы бачым, таксама ёсць «гнёзды», якія, праўда, робяць для іх людзі. У цэнтры рамкавага вулля звычайна стаяць гнездавыя рамкі. На іх звычайна зімуюць пчолы, сабраўшыся ў клуб, — так лягчэй захоўваць цяпло. У сотах гэтых жа рамак — запасы ежы — пяргі. Гнездавыя рамкі стаяць пастаянна ў вуллі. Звычайна вашчыну на іх мяняюць пасля года або двух гадоў выкарыстання. Вашчына і самі рамкі на працягу гэтага часу набываюць карычнева-чорны колер, соты ў іх робяцца вузейшымі, у адрозненне ад сотаў на новых рамках. Старыя соты абразаюць, пазней ператапліваюць у кругі воска. А на рамку, добра ачышчаную ад даўняй вашчыны і праполіса, нацягваюць новую провалаку і новую вашчыну. Гэта — звычайная праца пчаляра, якая патрабуе даволі шмат часу.

Ранняй вясной, калі толькі добра прыгрэе сонца, пчаляры адкрываюць паталочныя дошкі, шчыльна склееныя пчаліным клеем (праполісам ці узой (так калісьці называлі праполіс)), дастаюць і адкладваюць да наступнага года уцяпляльныя матэрыялы (саламяны мат, інш.) — такім чынам робяць агляд пчол. Глядзяць, ці шмат ёсць жывых, ці ёсць памерлыя. Звычайна некаторыя пчолы не дажываюць да вясны. Пражыўшы свой нядоўгі век, асыпаюцца на дно вулля. Гэта — так званы падмор. Пчаляр чысціць вулей, паталочныя дошкі, падкармлівае пчол. У цёплыя вясновыя дні пчолы пачынаюць збіраць пылок з кветак клёна, вярбы, маць-і-мачыхі, які паступова перапрацоўваюць у пяргу — пчаліны хлеб, ці хлябіну, якім кормяцца самі і кормяць сваіх маленькіх пчалянятак — чэр. Збіраючы пылок з кветак, пчолы прымацоўваюць яго да сваіх задніх ножак, таму і завецца ён нярэдка — «калошкі». Пчала садзіцца на ляток нібы абутая ў жоўтыя панчошкі, (як кажуць у пчол ёсць узятак), запаўзае ў вулей і аддае пылок сваім сяброўкам, якія старанна складваюць і утрамбоўваюць яго ў васковыя соты — мноства паралельных, злучаных паміж сабой шасціграннікаў. Кожны такі сот — гэта абавязкова калыска для пчалы: у соце развіваецца і вырастае пчаліная лічынка, адкладзеная пчалінай маткай. Іншы раз соты — гэта і дамавіны, у якіх застаюцца пчолы, не выжыўшыя да вясны. Маладыя пчолкі пакрыты маленькім шэрым «пухам», у старых рабочых пчол яго няма.

Улетку, калі расцвітае мноства кветак, пачынаецца медазбор — час вялікай працы ў пчол. І ў пчаляроў — таксама. Пералятаючы з кветкі на кветку, пчала збірае салодкі нектар у асобных частках расліны — нектарніках, і раз за разам прыносіць гэтую салодкую вадкасць у соты. Іншыя пчолы дабаўляюць у нектар розныя ферменты, набіраюць яго ў свае страўнікі… Салодкі мёд будзе пазней, калі паспее. Пчаляры звычайна выкатваюць мёд тады, калі на васковых сотах ёсць «крышачкі» — забрус, кажуць пры гэтым: «мёд ужо запячатаны», ці «крыты». У час мёдазбору пчаляры ставяць «настаўкі» («магазіны») — скрыні, у якіх размяшчаюцца «наставачныя» рамкі. Яны могуць быць розных памераў: большыя ў вышыню, і меншыя.

Ставім настаўку з такімі рамкамі на гнездавыя рамкі. Паміж імі не павінна быць паталочных дошак. Дошкі мы кладзем на верх настаўкі, шчыльна замацаваўшы паміж сабой. Пчолы не любяць пустых месцаў, таму пчаляр заўсёды размяшчае вельмі роўна, паралельна адна другой, рамкі ў вуллі. Шырыня «вулачак» — так называецца прастора паміж паралельна пастаўленымі рамкамі, звычайна бывае прыкладна 1, 5 см. Пчолы вельмі любяць парадак, чысціню, акуратнасць. Усё лішняе, непатрэбнае ў вуллі выносяць праз ляток. Або складваюць на адным з кутоў вулля. У такім месцы любіць схавацца васковая моль — невялікі матылёк, які адкладвае ў вуллі лічынкі. Васковая моль, мышы, мурашы, шэршні, сініцы, некаторыя іншыя птушкі, рознага віду кляшчы — гэта ворагі пчол.

Накрываем вулей зверху крышкай. Застаецца толькі паставіць яго ў добрым месцы, каб у ім маглі жыць пчолы. Кажуць, у дрэнных людзей пчолы не вядуцца. Відаць, маецца на ўвазе лянівы чалавек, абыякавы. Сапраўдныя ж пчаляры — заўсёды ў працы, у клопатах. Яму то парахні (гнілушак), або грыбоў для падкурвання трэба назбіраць і ведаць тое месца, дзе яны ёсць, то дымар, сетку, ці раёўню адрамантаваць. Бачыце, якая ў нашым музеі прыгожая раёўня? Зрабіў яе невядомы майстар з лута — ліпавай кары. Там, дзе быў сучок, прышыў ніткамі латку — таксама з ліпавай кары.

У раёўню ловяць пчаліны рой. Пчолы раяцца — спраўляюць сваё радаснае шумнае вяселле ў сонечны майскі або чэрвеньскі прыгожы дзень. Спраўляюць раніцай ці ў абед. Пасля нябёсных радасных сустрэч самай галоўнай пчалы — пчалінай маткі з трутнямі — прадстаўнікамі мужчынскага полу, яна аказваецца неўзабаве ў цэнтры пчалінага рою — вялікага клубка пчол, які павісае дзесьці ў садзе — на галінах дрэў. Пчаліная матка — самая галоўная істота ў пчалінай сям’і. Без яе пчолы зводзяцца на нішто. Менавіта яна адкладвае мноства лічынак у соты. Рабочыя пчолы гэта рабіць не могуць, адно толькі яны кормяць яе пчаліным малаком, пылком кветак, нектарам. Могуць выгадаваць таксама «трутнёвую» матку, якая бярэ на сябе ролю сапраўднай: адкладвае толькі лічынкі трутняў, ад існавання якіх пчаліная сям’я трутнее і прападае; на падмане і ляноце далёка не паедзеш.

Усе пчолы выконваюць рознага віду працу. Нават трутні, якіх пчолы выкідваюць з вулля ў канцы жніўня, улетку робяць нешта патрэбнае — вентыліруюць вулей.

У пчол ёсць свае любімыя месцы для пасадкі роя — асобныя галіны на тым ці іншым дрэве (яблыні, вішні, ліпе, інш.). Сучасныя пчаляры карыстаюцца для прыманвання роя спецыяльным сродкам — апіроем (у якім утрымліваюцца пахі кветак), ці іншымі сродкамі. Іншы раз рой можа зляцець далёка, ніякім чынам яго не спыніш і не вернеш.

Вядома, каб даглядаць пчол, з імі найперш трэба пасябраваць і ніякім чынам не баяцца. Асцерагацца пчол трэба толькі тым людзям, якім супрацьпаказаны пчаліны яд. Пчала толькі тады будзе джаліць чалавека ці жывёлу, калі выпадкова ці знарок яе пакрыўдзяць, напрыклад, наступяць босай нагой. Пчолы вельмі ня любяць чорныя (чорныя шарсцяныя — тым болей) рэчы адзення, валасы чалавека ці поўсць жывёлы, пер’е, ня любяць пах поту і спіртных напіткаў. Могуць уджаліць, калі дастаеш і пераглядаеш рамкі: яны прымаюць цябе за злодзея. Можа, «думаюць»: «Гэта ж — мядзьведзь!» У такіх абставінах вельмі дапамагае спецыяльны касцюм пчалавода, сшыты з лёгкай ільняна-баваўнянай тканіны, і сетка, якую надзяюць на галаву. Такі касцюм (бываюць розныя памеры) можна набыць у пчалярскай краме. У ім няма ні воднай шчылінкі для пчол. А яшчэ можна набыць пальчаткі.

Калі ж мы завітаем да пчол у адзенні жоўтага колеру, пчолы будуць спакойныя: жоўты колер, як сцвярджаюць вучоныя, у іх — самы любімы. Ну, і поўная абарона для пчаляра — карыстанне дымаром, у якім пэўны час тлеюць лекавыя для пчол сухія грыбы — бярозавыя трутавікі, інакш — «скрыпалі», або сухія гнілушкі вярбы. Пры з’яўленні дыму пчолы імкліва пачынаюць набіраць мёд у свае брушкі. Спрацоўвае генетычная памяць: пчолы «думаюць», што пачаўся пажар і трэба рабіць ходу, і пачынаюць набіраць мёд, якім напаўняюць брушка. З напоўненым брушкам пчале цяжка адкрыць залозу з джалам, якое ёсць у канцы брушка.

Ці ведаеце? Сучаснае пчалярства ўзнікла ў выніку трох адкрыццяў: вырабу штучнай вашчыны (1857 г.), медагонкі (1865 г.) і рамкавага вулля (1814 г.).

Пчолы на нашай планеце з’явіліся намнога раней, чым людзі. Нашы продкі ўвесь час назіралі за пчоламі, спасцігалі таямніцы іх жыцця. Параўнальна нядаўна, у XVIII-XX стст., удалося крыху «прыручыць» іх: пчолы ў нашай мясцовасці жывуць ужо найбольш не ў лясах, а ў вёсках і нават вялікіх гарадах.

Тым не менш, бортніцтва як старадаўні лясны промысел, пчалярства — сучаснае культурнае развядзенне пчол — тэмы, малавядомыя сучаснікам. У многіх з іх — малыя веды аб значнасці прадуктаў пчалярства, увогуле — аб важнасці існавання пчол на зямлі.

Як вы лічыце, чым карысныя пчолы для людзей? (Адказы дзяцей). Так, сапраўды, пчолы апыляюць больш 70% кветкавых раслін і дрэў. На іх пасля апылення з’яўляецца завязь, без якой немагчымы рост, ураджайнасць пладоў (агародніны, садавіны), іншых раслін, важных для сельскагаспадарчай вытворчасці (грэчка, канюшына, інш.). У даўнія часы мёд елі з кашамі і кісялямі, падавалі да бліноў, выпякалі з мёдам салодкія святочныя пірагі, варылі мядовыя віны. І цяпер мёд лічыцца адным з самых улюблёных ласункаў у мноства людзей.

Многія сучаснікі ужываюць мёд як лекі: ён дапамагае загойваць раны, паляпшае памяць, падаўжае працягласць жыцця. Вядома многа іншых карысных уласцівасцей мёду. Між тым, у шкале каштоўнасці прадуктаў пчалаводства мёд займае апошняе, дзесятае месца. З даўніх часоў і зараз у медыцыне, касметыцы, розных відаў прамысловасцяў выкарыстоўваюцца пярга і праполіс, воск і матачнае малако, пылок і забрус, ды іншыя рэчывы. Увогуле, догляд пчол, іх развядзенне прыносіць асалоду жыцця, цікавасць да нязначных, на першы погляд, рэчаў, якія кладуцца ў падмурак вывучэння свету.

Як добра, што ёсць такія людзі, як Мікалай Мікалаевіч Качаноўскі — бортнік, гаспадар аграсядзібы «Палескі бортнік» у в. Качановічы (Пінскі раён, Брэсцкая вобласць), дырэктар «Фарма-Кампаніі» Качаноўскі, адзін з аўтараў кнігі на польскай мове «Апошнія бортнікі Еўропы, якія сустрэліся Кшыштафу Хейке» (Варшава, 2017). Гартаем старонкі гэтай прыгожай кнігі. Мы бачым фотаздымкі сучасных бортнікаў Беларусі, Украіны, Літвы. Таксама — многія прадметы, якімі карыстаюцца бортнікі. Некаторыя з іх — тут, перад намі. Патрымаем у руках лязіва — тое, на чым «лазяць» — моцная, добра сплеценая вяроўка з пянькі або са скуры, дзякуючы якой бортнік падымаецца па ствалу дрэва да калоды. Паглядзім, якім чынам зроблены лазьбень — драўляная скрыня, відаць, такой карыстаўся «дворнік»: клаў у яе бортны мёд.

Паспрабуем сілу кляшчоў, якімі выціскаюць мёд з сотаў. У кнізе ёсць малюнак з бортнымі знамёнамі — старажытнымі адмысловымі геаметрычнымі знакамі, якімі бортнікі пазначалі свае уласныя борці.

Сучасным аматарам пчаліных таямніц і прафесіяналам-бортнікам добра знаёма імя Івана Дзмітрыевіча Осіпава. Ён — стваральнік «Братэрства босых бортнікаў», аўтар фільма «Праз тысячу гадоў бортніцтва». Дзякучы гэтаму апантанаму чалавеку ды такім жа, іншым, у 2017 г. бортніцтва ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Многія нашы мясцовыя пчаляры клапоцяцца пра пчол. Гэта — Іван Цімафеевіч Транькоў, Міхаіл Аляксеевіч Крышчыхін, Васіль Рыгоравіч Ціпуноў, Аляксандр Аляксандравіч Асіпенка, Віктар Шыцікаў, Валерый Рыгоравіч Рудкоўскі, Міхаіл Стэфанавіч Кавалькоў, Ігар Васільевіч Медзін ды іншыя, хто даглядае пчол у Ветцы і вёсках Веткаўскага раёна — Данілавічах і Стаўбуне, Прысно і Радузе, Фёдараўцы і Навасёлках, Старым Сяле, Залатым Розе, Неглюбцы. (Паказ фотаздымкаў асобных пчаляроў, вышэйзгаданай кнігі).

У параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі, на Гомельшчыне, Брэстчыне пчалярства, бортніцтва захаваліся найбольш. Так, па словах Івана Дзмітрыевіча Осіпава, на Палессі бортнікаў налічваецца ў нашы дні больш за сто чалавек. Багатыя на бортнікаў Лельчыцкі, Жыткавіцкі, Рэчыцкі ды некаторыя іншыя раёны Гомельшчыны.

У «Могилёвской старине» — зборніку дакументаў, артыкулаў па гісторыі, этнаграфіі і археалогіі Магілёўшчыны, перадрукаваных з «Могилёвских губернских ведомостей» за 1898-1903 гг., выдадзеным пад рэдакцыяй беларускага этнографа, гісторыка Е. Раманава, ёсць цікавыя звесткі, якія датычаць нашай мясцовасці: «Как известно, пчеловодство ведёт своё начало у нас из времён глубокой древности. Им занимались не только наши предки славяне, но и их более ранние предшественники.

В Могилёвской губернии имеются на это прямые доказательства. В Гомельском уезде имеется знаменитое Кобылино болото, которое тянется от Сожа на Узе и по всей вероятности было некогда руслом одного из притоков Сожа. В 1852 г., при проведении чрез это болото шоссе, в нём выкопано днище большой лодки, нагруженной кружками воска. Очевидно, по этому протоку воск сплавлялся из верховьев Сожа в Днепр и по нему в Византию. Спрашивается: сколько же времени потребовалось для того, чтобы старик-Сож оставил этот свой проток и образовал из него озеро, и чтобы это озеро превратилось в болото, представляющее в настоящее время из себя уже луг?

Перад намі — копія карты «Carta Marina», створаная ў 1539 г., адна з самых ранніх гістарычных карт Паўночнай Еўропы. Яе аўтар — Алафус Магнус, вандроўнік, шведскі царкоўны дзеяч, пісьменнік, дыпламат. Паспрабуем адшукаць на ёй тэрыторыю сучаснай Беларусі. Так, наша зямля на гэтай карце пазначана борцевым дрэвам, пад якім — мядзьведзі і палка-самабітка. Тэрыторыі іншых краін на карце пазначаны іншымі выявамі — сімваламі той ці іншай мясцовасці. У XVI ст., сапраўды, бортніцтва было ў вышэйшай ступені распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і вандроўнік адзначыў гэта як галоўную адметнасць.

Бортнікі і пчаляры, як правіла, умеюць размаўляць з пчоламі. Кожны гэта робіць па-свойму. Бывае, размаўляюць у думках, а бывае — і словамі. Да пчалы звяртаюцца ласкава: «пчолачка».

На Вадохрышча прынята было даўней асвячаць не толькі людскія дамы, але ж і пчаліныя: пчаляр абпырсківаў святой вадой калоду ці вулей, крэйдай маляваў крыжык над лятком. Хто-ніхто прамаўляў замову (малітву) у гэты святочны дзень або ў іншы. Трымаю ў руках — ксеракопію рукапіснага зборніка «В пользу богохранімых пчёл», напісанага на царкоўнаславянскай мове ў 1732 г. Дзеля таго, каб пчолы добра вяліся, пчаляры рабілі тыя ці іншыя дзеянні і прамаўлялі словы малітваў, напісаных у зборніку. Напрыклад: «На выпуск пчол. Перш за ўсё — абкурыць росным ладанам належыць, і чытай малітву гэту», «Калі сыйдзе рой, акрапі яго вадой, якая бралася ў Чысты чацвер, затым садзі яго ў вулей, як сонца будзе садзіцца… , абнаві вулей і кажы гэта: «Святая маці Кафея Зосімаўна, любі ты мяне, раба Божага, (імя), як я цябе даўно люблю. Гаспадарыня пчолачка, любі сваю мамачку, не гуляй у аблёце і не разыходзься. Як у мяне раба Божага (імя) душа з целам не разыходзяцца, так ты, мая пчала, не разыходзься і не расставайся са сваёю маткай».

Вядома, былі і другія зборнікі і замовы, якія старанна перапісваліся са сшытка ў сшытак. У «Экспедыцыйных матэрыялах» Веткаўскага музея — навуковым фондзе, запісы ў якім вядуцца больш трыццаці гадоў, ёсць запісы аб былым існаванні прыватных, калгасных пасек, (ёсць запіс аб існаванні ў 1970-ыя гг. пасекі з калоднымі вуллямі), якія існавалі на тэрыторыях Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці. Сабраны асобныя звесткі, якія датычаць традыцыйных уяўленняў, звязаных з пчоламі, пчалярствам.

Перад намі — тканыя ручнікі з вёсак Бабічы, Нісімкавічы Чачэрскага раёна, на якіх ёсць узоры «вуллейкі накрытыя», «рабінка», «разьбітае сэрца». Калі ласка, параўнаем тканыя «вуллейкі» на ручніку з сапраўднымі вуллём, калодай. Бачым, што яны падобныя. Вельмі часта на ручніках можна ўбачыць кветкі, якія растуць на палях, лугах, у лясах. Назавіце, калі ласка, тыя кветкі і дрэвы, што растуць у нашай мясцовасці, з якіх пчолы збіраюць нектар. (Дзеці называюць). Так, гэта васілёк, сланечнік, рапс, канюшына, грэчка, сіняк, дзьмухавец, верас, багун, многа іншых. Ліпа, акацыя, садовыя дрэвы, што цвітуць увесну — самыя вядомыя з дрэў-меданосаў.

Назіраючы за жыццём пчол, пчаляры міжволі надалі ёй асобныя рысы чалавека, ягонага жылля. Так, у в. Каменка Мазырскага раёна слова «дворнік» існавала ў наступным значэнні: «Дворнік — чалавек, які збіраў мёд у вуллях, што размяшчаліся на дрэвах; «от прыходзіў час мёд збіраць, за ім дворнік на дзераво лез.

Сімволіка борці, пчалінага дома атаясамлівалася з домам, «дваром» чалавека. У пчалінай калоды, як я казала раней, ёсць «шапка», або «галава» — верх калоды, ёсць «пята» або «под» — ніжняя частка калоды. Ёсць цэнтр, нутро; «гнездавымі рамкамі», «гняздом» называюць сучасныя пчаляры вялікія рамкі з расплодам і сам цэнтр рамачнага вулля.

Пчолы вельмі добра адчуваюць катаклізмы на планеце, якія, магчыма, адбываюцца ў выніку драпежных дзеянняў чалавека.

Многія пчаляры назіраюць такую з’яву: некаторыя моцныя сем’і злятаюць перад зімоўкай з вулля ў невядомым накірунку. Гэта пры тым, што ў іх дастаткова мёду. Ёсць думка, што пчолы такім чынам падаюць сігнал бедства, забіваючы саміх сябе. Зямля наша, і кветкі з нектарам таксама — забруджаныя розным смеццем, пачынаючы ад пластыкавых бутэлек, заканчваючы бруднымі словамі, думкамі, учынкамі. Варта згадаць знакамітае выказванне цара Саламона: «Залатыя яблыкі ў срэбраным празрыстым посудзе — слова, сказанае прыстойна».

Пчала на працягу многіх тысячагоддзяў — сімвал працавітасці, мудрасці, уваскрашэння, надзеі.

Праз малітвы да нашых святых заступнікаў — Іаана Златавуста, святога Міколу, святога Амбросія, святых Зосіма і Савація, іншых апекуноў пчол мы просім у Бога здароўя для пчол! Дзякуем ім, святым заступнікам —людскім і пчаліным заўжды, асабліва ў святочны дзень — Мядовы Спас!

Аўтар тэксту і фота: Раманава Ларыса Дзмітрыеўна

bezh-CNenfrderues
  Яндекс.Метрика