Выстава, прысвечаная памяці выдатнага паэта Дзмітрыя Кавалёва, была адкрыта 4 сакавіка ў памяшканні Веткаўскай раённай бібліятэкі. Над яе зместам і афармленнем працавалі як супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, так і бібліятэкары.

Тэма выстаўкі – творчасць паэта-земляка Дзмітрыя Міхайлавіча Кавалёва, яго жыццяпіс, аўтабіяграфічныя звесткі, дзённікавыя запісы, у якіх раскрываюцца характар, светапогляд аўтара. Ідэя выстаўкі – пазнаёміць прысутных з цудоўнымі вершамі паэта, пераканаць наведвальнікаў у тым, што паэзія Д.М. Кавалёва была актуальнай як у ранейшы часы, такой жа застаецца і ў сённяшнія дні: «…Многие его строки свежи, будто написаны сегодня», па словах сына паэта, Міхаіла Дзмітрыевіча Кавалёва (з прадмовы да кнігі Дзмітрыя Кавалёва «Нет вечных истин ничего новей»).

Шчырасць і бескампраміснасць выказванняў, вера ў дабрыню і высакароднасць людзей, непрыняцце хлусні, тонкае адчуванне непаўторнай прыгажосці родных мясцін, сум па Ветцы, дзе пахавана маці паэта, імкненне і ўменне найбольш проста выказваць думкі, пабудова многіх вершаў у форме дыялогу - адметныя рысы паэзіі Дзмітрыя Кавалёва.

Паэт верыў у тое, што яго словы перажывуць яго самога, будуць сведчыць пра яго ў вечнасці: «И даже потом, когда не будет меня, я не перестану любить – стихи мои будут любить». Сапраўды, так і ёсць.

У жыцці Дзмітрыя Кавалёва было надта многа выпрабаванняў: трагедыі, убачаныя ў дзяцінстве, цяжкая фізічная праца ў дзіцячыя і юнацкія гады, змаганне ў вайне з фашыстамі (марскі пехацінец, удзел у баявых аперацыях падводнага флоту), літаратурная праца ў ваенны і пасляваенны час… Няроўнае дыханне (рытм), стомленасць, напружанасць прысутнічаюць амаль у кожным вершы. І, разам з тым, словы, сказаныя паэтам, нібы ачышчальны лівень пасля навальніцы, які падае з неба, напаўняюць душу вялікай верай у сэнс спрадвечных ісцін, якія заўжды даюцца з пакутамі.

Перад намі - бесказырка паэта, сіні шарсцяны каўнер да формы марскога пехацінца – простыя рэчы, якія, разам з іншымі, сагравалі паэта з 1940 да 1946 года. Некалькі аўтаручак, тры з якіх пішуць чарнілам, - сведкі нараджэнняў вершаў.

Галоўнае ж для паэта – кнігі. Зборнікі паэзіі. Імгненні жыцця, выяўленыя ў словах. Адзін з нататнікаў, якімі любіў карыстацца паэт... Зноў жа, вельмі няроўны почырк Дзмітрыя Кавалёва, – і ў гэтым нататніку таксама.

Простасць выказванняў даецца няпроста.

Паэт уславіў горад не мудрагелістымі паэтычнымі выкрунтасамі, а ўзнёслымі, ціха сказанымі словамі: «Ветка… Зялёная Ветка!» І далей, са шкадаваннем: «Выпадало нам видеться редко…» Так мала і, разам з тым, так многа сказана ў гэтых радках! Веткаўчанам яны добра запомніліся, як і паўтораныя, сказаныя яшчэ раз, з удакладненнем: «Но шумит по-весеннему/вечно/Вечно зелёная Ветка».

Пра сапраўдную любоў звычайна не крычаць, не нагадваюць па сто раз у дзень. Згадаем Уільяма Шэкспіра: «Я не хочу хвалить любовь мою, - я никому её не продаю!»

Асаблівыя пачуцці ў Дзмітрыя Кавалёва да горада, у якім нарадзіўся. Ён звяртаецца да яго як да жывой асобы: «Ветка... Зялёная Ветка»... Гэтыя словы – арыенцір для нашчадкаў ў стварэнні ўтульнасці, хараства горада, маркер чалавечнасці.

Што б сказаў паэт, калі б убачыў сённяшнюю Ветку? Даўней не было дзікунскага звычаю нявечыць дрэвы (каштаны, слівы, клёны): падразаць іх кроны амаль дашчэнту, ды яшчэ вясной. Так бывае апошнімі гадамі ў Ветцы па вуліцах імя Андрэя Грамыкі, Дзмітрыя Кавалёва, некаторых іншых. Ад дрэва застаецца ўсяго толькі слуп, які ўсё ж збірае ў сабе ўсю моц, усю астатнюю сілу жыцця і прарывацца з гэтай бяды: выпускае ў свет некалькі жывых лісткоў. А іншыя дрэвы, параненыя наскрозь, не маюць сілы да ўваскрасення. Такія вось бываюць эксперыменты ў нашыя дні. Новыя дрэвы, вядома, высаджваюцца калі-нікалі камунальнай гаспадаркай раёна. Размова ж не пра гэта. Людзі прызвычайваюцца да варварскага ландшафту, не заўважаюць, што дрэвам таксама баліць… Відаць, падобныя гісторыі здараюцца з людзьмі, калі іх “прычэсваюць” так, як нібыта гэта трэба, ці робяць «інкубатарскімі». «Я – не з інкубатара», - казаў неяк Міхась Басякоў, таленавіты выканаўца народных беларускіх песень. Дзмітрый Кавалёў параўнаў дрэвы нават з салдатамі (верш «Деревья»):

Деревья

И у деревьев Всё бывает.
Дубы какие полегли!
То, как солдат, поубивает,
То с корнем вырвет из земли.
То руки греют –
И в огонь их.
То ровно стелют для моста.
То в отдалённые места
Везут
В коричневых вагонах…
Но
Не шелохнутся осины,
Все как стояли,
Так стоят
И у невидимой трясины
В румянце свежем
Дрожь таят.
Видны
По виду их незлому.
Розовощёкий цвет
Раздут.
И ни порубу им,
Ни слому,
Нагие,
На глазах растут.

На выставе прадстаўлены паэтычныя замалёўкі, успаміны з дзённікаў Д.М. Кавалёва, фотаздымкі, на якіх – ягоныя маці і бацька, баявыя сябры, пісьменнікі, жонка, дзеці. Вялікая ўдзячнасць – Міхаілу Дзмітрыевічу Кавалёву, сыну паэта, які падзяліўся аўтографамі асобных вершаў, запісаў бацькі.

Мы бачым на фотаздымках веткаўскія мясціны – сведкі сустрэч паэта з горадам, якія трапілі ў аб’ектывы фотаапарата А. Д. Кузняцова ў 1960-ыя гады. Так, з сямейнага архіву веткаўчанкі Тамары Іванаўны Сапрыка трапіў фотаздымак, на якім яна разам з роднымі, знаёмымі падчас вясновага разліву Сажа, непадалёк ад вуліцы Набярэжнай, на фоне парахода. Унізе, пад фотаздымкам, тэкст верша «Сож», створаны Д.М. Кавалёвым. Перад намі - фота сучаснай веткаўскай вуліцы імя Д.М. Кавалёва, якая з 27 красавіка 1979 г. носіць імя паэта. Да таго часу вуліца была вядома як Сялянская (Крестьянская). Ідэю пераназваць вуліцу імем паэта выказаў Фёдар Рыгоравіч Шкляраў.

Выстава, прысвечаная памяці выдатнага веткаўскага паэта Дзмітрыя Кавалёва, адрасуецца найперш падлеткам, навучэнцам веткаўскіх сярэдніх навучальных устаноў і , вядома, веткаўчанам і гасцям горада. На акрыццё выставы завіталі вучні 9 «А» класа СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, настаўнікі школы, бібліятэкары, супрацоўнікі Веткаўскага музея. Пра творчую працу пры стварэнні выстаўкі, пра паэзію і творчасць Д. Кавалёва распавядалі Ларыса Дзмітрыеўна Раманава і Пятро Міхайлавіч Цалка.

Вучні 9 «А» класа атрымалі творчае заданне: назваць як мага больш назваў раслін (кветак), букеты з якіх размешчаны на першай і апошняй вокладках кнігі Дзмітрыя Кавалёва «Нет вечных истин ничего новей» (2015 г.). Аказваецца, гэтыя малюнкі былі створаныя самім паэтам! Унізе, пад малюнкам на вокладцы, ёсць подпіс: «Д.К. 31.07.74 (г.)». Наперадзе ў Д.М. Кавалёва былі ўсяго толькі тры гады зямнога жыцця…

…Вучні і дарослыя назвалі кветкі. Гэта - васількі, дзьмухаўцы, іван-чай ( кіпрэй, або скрыпень), цыкорый, дзяды (татарнік, чартапалох), канюшына, львіны зеў… «По именам здесь знаю все цветы я», - такімі радкамі Д. Кавалёў пачынаў верш «Цветы», тэкст якога прадстаўлены на выставе. Лепш за ўсіх з творчым заданнем справіўся Мікола Сокалаў, вучань 9 «А» класа. Ён атрымаў у падарунак кнігу «Нет вечных истин ничего новей».

Выстава «Ветка… Зялёная Ветка!» - гэта спроба аповеду пра жыццё Дзмітрыя Кавалёва, спроба роздуму пра сэнс жыцця. Сапраўдная паэзія, любоў да роднай зямлі выратоўвае чалавека ў цяжкія моманты жыцця, вучыць мудрасці. Менавіта такія думкі з’яўляюцца, калі чытаеш радкі марака-падводніка Паўночнага флоту Дзмітрыя Кавалёва: «О Беларусь! Имя твоё нежное в глубинах на торпеде напишу…»

Вось так, услед за класікам беларускай літраратуры Янкам Купалам, аўтарам радкоў, з вялікім болем народжаных:

«А вот як не любіць гэта поле, і бор,
і зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, -
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь! (1905-1907 гг), ды многімі нашымі вядомымі паэтамі Дзмітрый Кавалёў услаўляў родную краіну.

Тэкст — Раманава Ларыса Дзмітрыеўна
Фота — Нікіцін Аляксандр Сяргеевіч

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
bezh-CNenfrderues
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика