«Пчолкі… Гэта мая худобіна…», - словы, сказаныя з пэўнай доляй гумару, іншы раз чуеш ад людзей, якія нястомна, з году ў год, клапоцяцца пра маленькіх крылатых істот. З раніцы да вечара аглядаюць пчальнікі: здымаюць «крышкі», дастаюць рамкі: а ці здаровыя пчолкі? Ці не заляцелі матыліцы? А мо пара спрабаваць мёд?

Так, пчолы ствараюць не толькі карысныя прадукты харчавання ды лекі, апыляюць кветкі, але ж і дораць нам радасць усведамлення: які цудоўны свет навокал!

Вулей каля будынка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава з’явіўся як працяг музейна-адукацыйнай працы паводле праекта «Спазнаю гісторыю рукамі».

20 мая ў свеце адзначаецца Сусветны Дзень пчалы. У наступны ж дзень, калі нарэшце пасля дажджоў з’явілася сонейка, вучні 2«Б» СШ № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, іншыя ўдзельнікі свята назіралі за пчаліным жыццём. Разам з пчаляром Міхаілам Аляксеевічам Крышчыхіным вучыліся навашчваць рамкі. Пазней разглядвалі арыгінальную выяву карты XVI ст., на якой тэрыторыя сучаснай Беларусі пазначана бортным дрэвам і двумя мядзьведзямі. Спрабавалі абхапіць бортную калоду, якая была домам для пчол у адной з вёсак Гомельскага раёна, а цяпер з’яўляецца жывым сведчаннем бортнай справы.

 

Падчас свята можна было ўбачыць кнігі, прысвечаныя бортніцтву, пчалярству. Экспанавалася выява іконы, на якой – вобразы святых Зосімы і Савація – апекуноў пчалярства, а таксама - ручнікі з фондаў Веткаўскага музея з мясцовымі ўзорамі «вядзьмедзі», «вядзьмедзі ў жалуддзі», «вуллейкі накрытыя» – сведчанні таго, што калісьці даўней Веткаўскі раён быў багаты на мёд, воск, іншыя прадукты пчалярства.

  

Проста на галінах яблыні, каля вулея, замацаваныя на нітачках, разгойдваліся пчолкі, намаляваныя на паперы дзецьмі мастацкай студыі «Мая фантазія» Веткаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Вучні 2«Б» класа падарылі Веткаўскаму музею шыкоўныя малюнкі, прысвечаныя пчолам.

Свята было адметным яшчэ й таму, што дзеці частаваліся цукеркамі, пілі чай з самага сапраўднага самавара, каля якога завіхаўся дырэктар музея Пятро Міхайлавіч Цалка.

Будзем спадзявацца, што лета, якое хутка прыйдзе, будзе цёплым, сонечным, будзе магчымасць яшчэ і яшчэ не адзін раз паназіраць за пчоламі, пакаштаваць сонечны мёд.

Аўтар тэкста: Раманава Л.Д.
Аўтары фота: Юдзіна І.А., Рагоўская С.П.

 

 

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
bezh-CNenfrderues
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика