Неглюбскі сусвет адной майстрыхі… Неглюбская традыцыя ткацтва

Выстава дзейнічае з 30.10.20 у філіяле Веткаўскага музея

Калі памірае блізкі чалавек — з’яўляецца пачуццё віны. І пачуццё гэта бязмерна большае, калі з жыцця сыходзіць майстар. Віна за тое, што цяжка ён жыў, а ты і бачыўся зрэдку, і амаль нічому не вучыўся, і наогул, мабыць, не паспеў зразумець нешта самае важнае.

Вельмі доўга нас прывучалі да думкі, што незаменных людзей няма. І мала калі вучылі берагчы кожнага канкрэтнага чалавека. Але з сівой мінуўшчыны дайшло да нас, што «чалавек ёсць свет малы». Ды знікае, гасне ўпарта адзін свет за другім. Таму ніколі не міне адчуванне пустэчы, што ўзнікла пасля смерці Марыі Паўлаўны Каўтуновай. І не толькі пустэчы, а і нейкага невядомага страху, бо з сыходам кожнага майстра нібы таннейшай робіцца перашкода злу на гэтым свеце.

Пра сябе Марыя Паўлаўна доўга не расказвала, яе біяграфія простая, як і ўсіх вясковых жыхароў. Нарадзілася ў Неглюбцы 1 красавіка 1915 г. Скончыла 2 класы мясцовай школы. Працавала даяркай. Замуж пайшла ў 1931-м. Узгадавала дзевяць дзяцей. Ткаць і вышываць вучылася, як і ўсе тады, з дзяцінства, але глыбокая і непаўторная душа майстрыхі засталася ў яе творчасці, пра якую можна пісаць кнігу.

Мабыць, ва ўсіх, хто наведаў дом Марыі Паўлаўны ў неглюбскім пасёлку Рэпішча, найперш вырваўся вокліч бязмежнага захаплення. Потым узнікалі здіўленне і разгубленасць: як можа адзін чалавек столькі зрабіць?

Мы, музейныя работнікі, упершыню прыехалі ў пасёлак позняй вясной 1981 г. Калі зайшлі ў дом майстрыхі, здалося, што трапілі проста ў райскі сад. Ні лапіка пустой сцяны не было вакол. Тканыя і вышытыя дываны, карцінкі, кожная навалачка, падзор, посцілка нібы выхваляліся адзін перад адным сваёй пышнасцю і квяцістасцю ўзораў. Чырвоны кут свяціўся ад ручнікоў. Дом, здавалася, спрачаўся з прыродай. Мы, аслепленыя ад радаснага святла, адразу нават забыліся на гаспадыню. А як прыйшлі ў сябе — убачылі перад сабой прыгожую, статную жанчыну. Твар яе таксама ззяў радасцю. Нягледзячы на мажнасць, яна была вельмі рухавая і да таго ж гаваркая. Але мы здзівіліся, калі Марыя Паўлаўна пачала даставаць з шафы, з-пад ложкаў куфры, напакаваныя сваім рукадзеллем. Нібы каляровыя ручаі паплылі па долу чатырохмятровыя ручнікі, на канапу адзін за другім клаліся дываны, посцілкі, падзоры. А ў нас адразу з’явілася безліч пытанняў. І калі паспела зрабіць столькі, дзе працавала?

А працавала Марыя Паўлаўна ўвесь час у саўгасе. Даяркі добра ведаюць, як стамляюцца на рабоце рукі. Нарадзіла дзесяць дзяцей, вырасціла дзевяць. І ў душах іхніх выпеставала дабрыню, клопат, павагу, любоў да працы. Дзеці дапамагалі калі не ткаць і вышываць, дык па гаспадарцы, каб вызваліць ёй час для стварэння той неабходнай усім нам прыгажосці.

Гэта дзіўная жанчына была не толькі таленавітай ткачыхай і вышывальшчыцай, але, што самае галоўнае, сапраўднай захавальніцай старажытных традыцый. З яе расповядаў мы пачалі разумець, што такое традыцыйная народная творчасць. Бо, як тлумачыла Марыя Паўлаўна, «хоць кожная ткачыха па-свойму ручнік робіць, ды трэба трымацца, каб неглюбскі ён быў». Багата яна працавала над узорамі, малюючы іх на аркушах у клетачку.

Марыя Паўлаўна вышуквала, збірала ўзоры арнаментаў з усіх старэнькіх ручнікоў і аднаўляла старажытныя знакі «сонца», «вады», «узаранага і засеянага поля», «вялікай урадлівасці», пераводзіла іх са складанай тэхнікі даўнейшага бранага ткацтва ў больш просты аднабаковы перабор («закладання»). Нават мужа свайго Ігната Іванавіча пасылала зімой у іншыя вёскі за ўзорамі. І ён прыносіў ёй старэнькія кавалкі з наскладанейшым арнаментам. І душа яе адразу пачынала хвалявацца: «Хаджу, працую, а думка ў мяне, як бы зрабіць, а ці атрымаецца?». Ёй трэба было палюбіць узор, «а як палюбіла, так і зрабіла».

Кожны раз зноўкі заходзячы ў дом майстрыхі, разглядаючы новыя тканыя ручнікі, мы адкрывалі нешта для сябе. А яна ўсё раскладвала і раскладвала іх, прымаўляючы: «…гэты — удалы, а гэты — не надта». Мы спыталі ў майстрыхі, па якіх мерках яна ацэньвае прыгажосць сваіх твораў. Адказала яна нам так: «А я проста гляджу на ручнік, калі ёсць у ім згода, значыцца ён атрымаўся, і атрымаўся прыгожы». Ці не на гэтай вялікай згодзе трымаецца ўвесь свет? І можа, толькі Майстар душой адчувае яе.

Колькі разоў прасілі мы Марыю Паўлаўну аддаць што-небудзь у музей. Яна ўсё адцягвала той час. Потым тры ручніка ўсё ж выдзеліла, а пра астатняе сказала: «Пасля маёй смерці ўсё забярыцё, а пакуль жыву — няхай будзе дома».

Тады мы не разумелі, што ёй трэба было хваліцца сваёй работай, здзіўляць людзей, якіх нямала перабыло ў яе дома, пераконваць іх, што чалавек можа шмат чаго паспець у гэтым жыцці. Ёй важна было бачыць радасць на тварах, каб запоўніць ёю сваю душу і зноў штодня брацца за іголку ці садзіцца за ткацкі станок.

А ў палатне няскончанага дывана засталіся ў вечным чаканні дзве вялікія іголкі з ніцямі…

Дзеці выканалі запавет маці. Пакінуўшы сабе па адным тканым ручніку, яны ўсё астатняе (больш за 60 прадметаў) перадалі ў музей. І сёння мы можам убачыць увесь «сад яе жыцця» на выставе, прысвечанай 105-годдзю нараджэння Марыі Паўлаўны Каўтуновай. Убачыць і ўзрадаваць сваю душу.


Фотасправаздача з адкрыцця 30 кастрычніка 2020:

bezh-CNenfrderues
  Яндекс.Метрика