Царкоўны і хатні іканастас слабады Папсуеўкі

Выстава дзейнічае з 16.04.21 у філіяле Веткаўскага музея

Новая выстава Веткаўскага музея прысвечана адной з першых 14 слабод, заснаваных стараабрадцамі ў канцы XVII ст., у межах сучаснага Веткаўскага раёна - Папсуеўцы. З пачатку свайго заснавання, Ветка, разам з вакольнымі слабадамі, пачынае вельмі хутка развівацца, прымаючы ў сваё лона ўсё новых і новых «ревнителей древнего благочестия» - стараабрадцаў. У пачатку XVIII ст. мноства вёсак і мястэчак ужо маюць свае самастойныя цэрквы альбо маленныя дамы. Створаныя храмы, па-сапраўднаму велічныя цэрквы і манастыры прыцягваюць і пакідаюць у сябе падарожнікаў, якія шукаюць духоўных аднадумцаў. Багатыя рызніцы мясцовых храмаў захоўваюць як прынесеныя з далёкіх месцаў іконы і кнігі, так і створаныя ўжо тут - на Ветцы і Старадуб'і. Мясцовыя майстры актыўна забяспечваюць «иконами и книгами весь старообрядческий мир».

Чарада спусташэнняў і знішчэнняў веткаўскіх слабод ў XVIII ст., гістарычныя перыпетыі XIX ст. і татальнае знішчэнне XX ст. значна пазбавілі нас, даследчыкаў, паўнавартаснага дыялогу з той культурай. 1986 г. становіцца яшчэ адной знакавай датай у гісторыі стараабрадцаў на Ветцы. Многія Веткаўскія слабоды адыходзяць пад «зону обязательного выселения», пусцеюць пакоі, дамы і цэлыя вёскі.

Што ж застаецца мінулага Веткі і вакольных яе слабод? - спытаеце вы. Разгледзім на прыкладзе адной з вёсак - Папсуеўкі. Заснаваная ў канцы XVII ст. і выселеная ў 1991 г., яна безумоўна назапашвала ў сабе багаты духоўны складнік. Заснаваная стараабрадцамі царква была названа ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. З вопісу 1929 г., знойдзенага намі ў Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці, мы можам выказаць здагадку, які іканастас знаходзіўся некалі ў царкве. Велізарны, які складаецца з чатырох ярусаў, напэўна упрыгожаны багатай залачонай разьбой. На жаль той самы іканастас убачыць нам сёння ўжо не ўяўляецца магчымым, аднак некаторыя іконы з яго былі сабраны і выратаваны супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Яны і дазволілі нам стварыць гэтую выставу.

Усе прадметы, якія прадстаўлены перад вамі ў гэтай зале, звязвае адно - гэта гісторыя іх паходжання і месца бытавання, пазачасавае каханне іх гаспадароў і сённяшніх захавальнікаў. Як пісаў Павел Фларэнскі: «Иконостас - есть граница между миром видимым и миром невидимым […] Иконостас есть видение!»...Так і вобраз нашага сённяшняга іканастаса, усё роўна, «іканастаса» хатняга або царкоўнага - ёсць бачанне, бачанне той найбагацейшай культуры, ад якой сёння «остался лишь ноготь от мизинца, от того человека, что был».

На выставе «Веткаўскія слабоды. Папсуеўка. Гісторыя ў 300 гадоў» прадстаўлены іконы, якія паступалі ў музей ў розныя гады, і толькі на гэтай выставе яны ўпершыню за доўгі час аб'ядналіся ў адзін, хоць і ўмоўны, іканастас.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
bezh-CNenfrderues
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика