Аўтарская выстава Барыса Васількова, разьба па дрэве 2021 г.

Выстава дзейнічае з 10.09.21 у філіяле Веткаўскага музея

Васількоў Барыс Міхайлавіч нарадзіўся 25 мая 1929 года «не вядома дзе, можа ў Віцебску, можа ў Гомелі». У маленстве, разам з сястрой і братамі, трапіў у дзіцячы прытулак у Чонках. «Ня ведаю што так, мабыць рэпресіі». Лёс раз’яднаў родных у 1936-38 гг. на доўгі час. Не простае дзяцінства – сапраўдная школа жыцця, якая выпрацавала характар. Дзеля побытавых патрэб, патрэбна было выразать лыжкі, так шпаркі хлопец атрымаў першыя навыкі разьбы па дрэве.

Шмат куды кідаў лёс спадара Васількова. Падчас вайны дзіцячы прытулак звезлі ў Казахстан у аул, каля ракі Іртыш. Пошукі сям'і прынеслі шмат «прыгод» і вандровак, таму сваю працоўную дзейнасць ён пачаў у горадзе Карсакпай, бліз Байканура. Потым служба ў горна-стралковых вайсках у Карпатах, першыя спартыўныя ўзнагароды. Дзе бы ні бываў Барыс Міхайлавіч, сэрца цягнула к родным. З братам сустрэлісь толькі праз сорак восемь гадоў, але ў Гомелі знайшлась сястра Зіна. Таму вярнуўся, уладкаваўся на працу, ажаніўся, пачаў абжывацца.

Са свайго вугла і пачаўся шлях мастака-рэзчыка, чалавека свайго часу: «Я думаў так, як куточак свой будзе, так адразу я і буду выразаць». Рабіў шмат: для інтэр’ераў кватэр, падарункі сябрам. С цягам часу запрасілі весці гурток па разьбе ў адной з гомельскіх школ. Барыс Міхайлавіч пераможца і лаўрэат шматлікіх конкурсаў, узнагароджаны як ударнік пяцілеткі, за дасягненні ў самадзейным мастацтве. Поспехі яго вучняў – прадмет асаблівага гонару майстра.

Невычэрпная дапытлівасць і працавітасць дапамаглі дасягуць вяршыні майстэрства. Барыс Міхайлавіч увесь час шукае нешта сваё, адметнае. «Вось шахматы я выразаў… усе людзей, матрошак робяць, а мне захацелася нешта сваё, вось я і выразаў «Фаўну Беларусі». Дык гэтыя шахматы зараз у музеі, у Раўбічах, знаходзяцца».

З-пад умелых рук майстра вышла безліч самых розных вырабаў, якія раз’ехаліся па ўсім свеце: і музеі Беларусі ў сваіх фондах маюць працы Барыса Міхайлавіча, і ў «Музей Чарцей» у Каўнас паехаў ягоны «Чорцік», і ў Італію, Францыю, Амерыку. Можна вельмі доўга пашыраць геаграфію «вандровак» прац нашага майстра... Наш музей супрацоўнічае са спадаром Васільковым з 1990-х гадоў. За гэты час мы зладілі некалькі выстаў, у тым ліку «Казка ў дрэве», «Хороша ложка к обеду», «90 вёснаў майстра Васількова». Заўсёды цікавасць да казак і фальклору, дабрабыту Душы бачна ў кожным вырабе. Багатае творчае ўяўленне робіць кампазіцыі гэтага майстра прывабнымі для дзяцей і дарослых. Ужо даўно спілаванае і высушанае дрэва пад умелымі рукамі Барыса Міхайлавіча вяртала сваю веліч і прыгажосць. «Я люблю дрэва і яно адказвае мне узаемнасцю».

Непаўторнасць гэтага майстра – яго любоў да прыгожага і вернасць Барыса Міхайлавіча сваёй казачнай тэме – тое што стварыла ідэю гэтай выставы. «Я раблю тое што мне цікава», «Задумаў і зрабіў». Гуляючы нібы дзіця, шахматы, кубікі, шматлікія ігрушкі ад якіх падымаецца настрой, на другі план адыходзяць турботы. Нібыта казачныя, але з жыццёвай мудрасцю, гумарам і навукай.

У свае 92 спадар Васількоў застаецца не менш актыўным: часта яго можна сустрэць не толькі ў Гомелі, але і непадалёку ад горада ў лясных закуточках, дзе ім адшукваюцца новыя героі для новых драўляных «казак».

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
bezh-CNenfrderues
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика