Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Дзеючыя выставы музея

«90 вёснаў майстра Васількова» 2019

Аўтарская выстава Барыса Васількова, разьба па дрэве 1960-х — 2019 гг.

Выстава будзе дзейнічаць з 5 чэрвеня 2019 па 30 верасня 2019 у філіяле Веткаўскага музея.

Барыс Міхайлавіч Васількоў 25 мая 2019 адзначыў сваё 90-годдзе і да гэтага часу ён займаецца сваёй любімай справай: разьбой па дрэве! Ён быў і застаецца актыўным удзельнікам шматлікіх выстаў у рэспубліцы і за яе межамі. Работы Барыса Міхайлавіча знаходзяцца ў розных кутках планеты: Амерыка, Італія, Літва, Бельгія, Кітай.

Гады ўпартай працы раскрываюць гледачу талент скульптара-разьбяра. Пастаянная цікавасць да казкі, фальклору, а таксама душэўная дабрыня адгадваецца ў кожнай працы аўтара. Багатае творчае ўяўленне прымушае скульптурную кампазіцыю закахаць у сябе гледача. Душэўная шчодрасць майстра адкрыта любому жадаючаму, хто хоча спазнаць сакрэты мастацкай разьбы па дрэве.

Многія гады аўтар навучаў дзяцей 24 школы г. Гомеля гэтаму мастацтву. Колькі работ выканаў за ўсё жыццё аўтар — не злічыць. Цікаўнасць і жаданне кожны раз ажыўляць матэрыял жыве ў ім і да гэтага часу, што выклікае вялікую павагу. Як успамінае імяніннік: «Першыя працы — гэта лыжкі». Таму пажаданне аўтара пры стварэнні выставы — гэта наяўнасць лыжак, сярод мноства драўляных скульптур.

Кожны раз, прыходзячы ў музей, аўтар паказвае, што зрабіў і дзеліцца новымі ідэямі. У такія моманты становіцца зразумела, што чалавек працуе душой і аддае гэтай справе ЎСЁ, і ў такія хвіліны разумееш, што жыццё працягваецца.

На выставе Вы ўбачыце больш за сотню аўтарскіх работ 1960-х — 2019 гг. з фондаў Веткаўскага музея, «музея гісторыі горада Гомеля» і асабістай калекцыі Барыса Міхайлавіча Васількова.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.