Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Дзеючыя выставы музея

Выстава «И швец, и жнец, и на дуде игрец» 2019

Афіша выставы Віктара Шыпкова ў філіяле Веткаўскага музея

Аўтарская выстава Віктара Шыпкова: тэкстыль, традыцыйныя строі, музычныя інструменты з в. Маркавічы (Гомельскі р-н, Гомельская вобл.)

Выстава будзе дзейнічаць з 5 кастрычніка 2019 па 25 снежня 2019 у філіяле Веткаўскага музея.

У філіяле Веткаўскага музея, у зале «Жывое рамяство», побач са старадаўнімі станкамі — «кроснамі» гарманічна размясцілася аўтарская выстава Віктара Шыпкова.

«Хто, як не Я» — такую фразу сказаў Віктар у інтэрв'ю для газеты «Звязда». Гэтыя словы прымушаюць задумацца пра тое, што мог зрабіць малады чалавек, якія ў яго інтарэсы. Віктар Шыпкоў — цудоўны чалавек, шматдзетны бацька і добры сем'янін, пра якога напісан не адзін артыкул, удзельнік разнастайных мерапрыемстваў, па прафесіі: оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку, таксама з'яўляецца даўнім сябрам Веткаўскага музея.

Адкуль наш аўтар? З вёскі Маркавічы.

Вёска — цэнтр Маркавіцкага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай вобл. Знаходзіцца ў 4 км ад чыгуначнай станцыі Краўцоўка (на лініі Гомель — Чарнігаў), у 35 км на паўднёвым ўсходе ад Гомеля.

Віктар Шыпкоў са школьных часоў зацікавіўся мясцовымі традыцыямі і культурай, дзякуючы педагогу арганізатару Рыгору Басаву, сям'я ў гэтай справе таксама адыграла важную ролю. Сваю калекцыю Віктар збіраў лакальна, менавіта ў тым рэгіёне, дзе нарадзіўся і вырас.

Варта згадаць аб двух важных царкоўных святах: Раство і Вялікдзень, пасля якіх, у сялянскім побыце, праводзіліся абрады: Каляды і «Ваджэнне Сулы». Асаблівай увагі заслугоўвае абрад «Ваджэнне Сулы», які у 2019 г. атрымаў ахоўны статус і быў унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Яго штогадовае правядзенне ў в. Маркавічы было перапынена ў 1967 г., а адноўлена толькі праз 40 гадоў у 2007 г. Абрад праходзіць і па гэты дзень на другі дзень пасля Вялікадня і Віктар прымае ў ім актыўны ўдзел. Жыхары вёскі Маркавічы тлумачаць, для чаго «водзяць Сулу»: «каб у нас усё радзіла і маланка нас не біла»! Яшчэ адзін з абрадаў, гэта Каляды. З сімвалам Віфлеемскай зоркі ў руках, якую Віктар зрабіў сам, ідуць у Маркавіцкія двары ўдзельнікі абраду на Каляды і спяваюць: «Пусціце Зорку ў дом! Зорку праспяваць — шчасце прынесці!».

Шмат цікавых рэчаў яшчэ можна расказаць пра аўтара, але на самой справе лепш убачыць і натхніцца, і з малога пачаць аднаўляць ці захоўваць тыя традыцыі і абрады, носьбітаў якіх з кожным днём становіцца ўсё менш і менш. Віктар Шыпкоў гэтаму яскравы прыклад.

Прадстаўленая калекцыя ўключае ў сябе многае: гэта і музычныя інструменты (майстравыя гармонікі, бубны), ручнікі і традыцыйныя жаночыя строі (некаторыя элементы касцюма зроблены рукамі аўтара) і калядныя зоркі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.