Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Дзеючыя выставы музея

Выстава «Корни и ветви» 2019-2020

Мастацтва рукапіснай кнігі Веткі ў кантэксце еўрапейскай кніжнай культуры

Выстава будзе дзейнічаць з 13.12.19 па 24.04.20 у філіяле Веткаўскага музея.

З моманту свайго ўзнікнення, у канцы XVII ст., і на працягу амаль усяго XVIII ст. Ветка, у сілу гістарычных абставінаў, з'яўлялася буйным духоўным цэнтрам стараабрадцаў. Як і ўсе стараабрадніцкія цэнтры, веткаўскі стаў магутнай крыніцай доўгага захавання і своеасаблівага развіцця рускай сярэднявечнай кнігапіснай традыцыі «ўнутры» культуры Новага часу. Тут сфармаваўся свой мастацкі стыль у афармленні мясцовых рукапісных кніг, якія працягвалі стварацца нават у пачатку XX ст. Высокі мастацкі ўзровень, вялікая ступень яго арыгінальнасці, пазнавальнасць дазваляюць Ветцы заняць годнае месца ў шэрагу іншых рукапісных традыцый, такіх як паморская, гусліцкая. І гэта дазволіла ўвесці ў навуковы зварот такія паняцці як «веткаўскі кніжны арнамент», «веткаўскі мастацкі стыль рукапіснай кнігі». Да канца XVIII ст. ужо ярка праявіліся найбольш характэрныя яго рысы: бясконцая разнастайнасць кампазіцый, раслінных формаў, каларыту, абсалютна жывы рытм «вырастаючых» дэкаратыўных элементаў. Можна сказаць, што, калі паморскія і гусліцкія майстры «будавалі» арнамент, то веткаўскія яго «вырошчвалі».

Ветка атрымала ў спадчыну не толькі шматлікія рысы ад старажытнага мастацтва рукапіснай кнігі, але яна заўсёды была адкрыта новым «вялікім» стылям. Мастацтва веткаўскіх майстроў увабрала ў сябе і перапрацавала тэндэнцыі барока, класіцызму, ракако і нават мадэрна. Гэтаму спрыяў і прынцыповы падыход да мастацкага афармлення рукапіснай кнігі: не капіраваць дасягнутыя высокія прыклады, а кожны раз, застаючыся ў рамках традыцыі, здзіўляць, захапляцца, радаваць новымі арнаментальнымі вобразамі.

На выставе прадстаўлены рукапісныя кнігі XVIII-XIX стст. з фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава, музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А таксама матэрыялы, атрыманыя ў выніку працы з калекцыямі рукапісных кніг, вывезеных з тэрыторыі Веткаўска-Старадубскага рэгіёна ў 70-80-я гады XX ст. і якія захоўваюцца ў «Древлехранилище Пушкинского Дома» (Санкт-Пецярбург), у Навуковай бібліятэцы МДУ (Масква). Менавіта гэтыя матэрыялы зноў і зноў пераконваюць нас у існаванні кнігапісных цэнтраў Веткаўска-Старадубскага рэгіёна, у якіх нараджаліся сапраўдныя шэдэўры кніжнага рукапіснага мастацтва.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © «Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый» г. Ветка, Беларусь — 2012-2020.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.