(з вопыту працы клуба “Параскева” філіяла Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р.Шклярава ў Гомелі)

Цалка Пётр Міхайлавіч, Беларусь, г. Гомель

Традыцыйная матэрыяльная культура беларусаў захавала ў сабе рэшткі шматвяковай духоўнай культуры нашых продкаў, што яскрава можна прасачыць пры вывучэнні і аналізе шматлікіх музейных артэфактаў. У дадзеным выпадку мы звернемся да азнаямлення з ткацкай традыцыяй і ткацкімі вырабамі, па колькасці якіх (у рэгіянальна-лакальным варыянце) Веткаўскі музей народнай творчасці займае дамінуючае месца ў краіне. Клуб “Параскева”, што дзейнічае пры філіяле ВМНТ, з’яўляецца своеасаблівым носьбітам мясцовай традыцыі ткацтва. Асноўнае, на што абапіраецца работа клуба, гэта не толькі спасціжэнне тэхналагічнага боку вырабаў (ЯК рабіць?), а, галоўным чынам, разуменне сэнсавага зместу ўзора тканіны (ШТО І НАВОШТА рабіць?).

Галоўнай мэтай нашай працы будзе паказаць узаемасувязь такіх паняццяў, як “вобраз”, “знак”, “традыцыя”, якія дапамогуць сучаснаму чалавеку спасцігнуць таямніцу ўзораў на ручніках.

Кожны чалавек успрымае акаляючы свет па-свойму і адштурхоўваецца ад уласнага вопыту. Такім чынам і клуб “Параскева” пры працы з “вучнямі” ў першую чаргу абапіраецца на чалавека, на вобразы, якія захоўвае яго памяць. Пры правядзенні заняткаў адным з дамінуючых прынцыпаў з’яўляецца арыентацыя на мясцовы аўтэнтычны матэрыял. Менавіта гэта дапамагае не рассейваць увагу на шматлікія “блуканні па культуры”, а лакалізаваць працу і тым самым паглыбіцца як мага хутчэй у “свет традыцыі”. Як было пазначана вышэй, сама тэхналогія вырабу становіцца толькі дапаможным звяном пры вывучэнні мясцовай спецыфікі ткацтва. Па вялікім рахунку, тэхнікі можна пералічыць на пальцах: закладная, браная, выбарная, падвойная. А вось калі спрычыніцца непасрэдна да арнаменту самога ручніка, тут мы знойдзем не тое што сотні, тысячы саманазваў пэўных элеменатаў (бабачка, барабан, дуб, ёлка, жучок, качан, лапата, лялька, пампушка, рожа, калёсы, чамадан, верябей, вутка, вядзьмедзь, жабка і г.д.). Трэба адзначыць, што ўнікальны “слоўнік” назваў арнаментаў, гэта не вынік кабінетнай міфалогіі, а самаадданая трыццацігадовая экспедыцыйная праца Веткаўскага музея. На гэтай падставе і грунтуецца наш артыкул па вывучэнні ручніка спачатку “знутры”, а пасля ўжо “звонку”.

Да прыкладу выкладання матэрыялу возьмем адзін з арнаментаў – “жабкі”. Напачатку “вучні” запісваюць усе асацыяцыі, якія звязваюць яго з прадметам вывучэння (узровень – “вобраз”):

Паводле аналізу дадзеных, мы бачым, што дамінуючай пазіцый з’яўляецца “мокрая”. І гэта, бясспрэчна, беспамылковая выснова. Гэта яшчэ раз дазваляе пацвердзіць думку, што нават калі чалавек не перадае інфармацыю непасрэдна з вуснаў у вусны, тады яна захоўваецца на ўзроўні падсвядомасці. Пацверджаннем гэтаму становяцца шматлікія архаічныя ўяўленні пра жабу: “Жабы ўяўляюцца былымі людзьмі, якія перавярнуліся ў земнаводных у выніку сусветнага патопу [выдзелена намі – Ц.П.] ці злоснага пракляцця” [1, с.167]. Падтрымліваюць нашу думку і наступныя павер’і: “Жаб не трэба ўбіваць. Бо будзе дождж” [2, с. 512]; “Калі жабу задавіць – к дажджу” [2, с.512]. Такім чынам, намі засведчана хтанічная аснова вобраза жабы, якая ставіцца на першы план. Згодна наступнай пазіцыі “брудная”, якая характарызуе жабу як “брудны, неахайны” [3, с. 397] і “грэшны, д’ябальскі” [3, с. 397]. У адносінах да жабы фарміруюцца своеасаблівыя “практычна”-міфалагічныя парады “не чапаць яе, бо на руках могуць з’явіцца бародаўкі. А сам будзеш рабы” [1, с. 167]. Своеасаблівы “д’ябальскі” пачатак жабы звязаны з верай “у здольнасць жабы сурочыць чалавека” [1, с. 167]. “Халодная” – якасць жабы як фізіялагічная (разрад халоднакроўных земнаводных), так і магічная. Жаба з’яўлялася носьбітам хваробы і ўвогуле смерці – іншасвету, дзе адсутнічае цеплыня і пануе холад: “З’яўленне жабы ў хаце лічылася кепскім знакам, а ўбачыць іх у сне або “пузым вярёх” наогул прадказвала смерць [1, с. 167]. Адзін з самых жахлівых праклёнаў на Беларусі: “Каб табе жаба цыцкі дала”, таксама жадае адрасату смерці. І, нарэшце, апошняя пазіцыя “зачараваная”, відаць, узнаўляе тэкст казкі пра “царэўну-жабу”. Аднак, згодна народнай міфалогіі беларусаў, у жабу ператваралася не толькі “царэўна”, але ж і дачка “жанчыны і вужа” (“У этыялагічных легендах жабай стае дачка жанчыны і вужа, якая не вытрымала допыту і расказала дзядзькам пра схованку бацькі – “а яна няхай увесь свой век сквярэцца, як ета кроў заскверлася на памосце”), і дзве сястры (“дзве сястры, пакахаўшы аднаго хлопца, ніяк не маглі падзяліць яго і праклялі адна адну: “Каб ты ніколі свайго гнязда не мела і дзетак не гадавала” і “Каб ты аб зямлю грудзямі стукалася”. Так і сталі з іх зязюля і жаба”), і, нарэшце, усе людзі, перад вялікім патопам (гл. вышэй). Робім выснову, што ўсе пазіцыі, вызначаныя “вучнямі” папалі, як кажуць, “у яблычак”, пазначыўшы найбольш характэрныя ўяўленні нашых продкаў пра жабу. Гэта з улікам таго, што выбар рабіўся без канкрэтных ведаў пра міфапаэтычны пачатак земнаводнага.

Такім чынам, пераступіўшы ўзровень “вобразнага” пераходзім у “знакавы”. Кожны з прысутных на занятках па ткацтве ў сваёй свядомасці ўжо трымае пэўныя вобразы, з якім ён прыйшоў да нас. Наступным заданем для “вучняў” будзе паказаць жабу як істоту і як знак. У выніку мы атрымліваем выяву жабы (зразумела, у кожнага, паводле мастацкіх здольнасцяў, малюнак атрымаўся адрозным ад іншага, але ж фізіялагічна ўсе з прысутных намалявалі менавіта “жабу” – “падобная на лягушку бясхвостая земнаводная жывёла з барадаўчатай скурай”; “Тое, што і лягушка” [3, с. 197]):

“Жаба-знак” ва ўсіх з прысутных на 100% супаў – літара “Ж”:

Для параўнання возьмем “жабкі” з манжэтаў кашулі в. Неглюбка:

Прайшоўшы шлях праз “возбраз” і “знак”, мы непасрэдна змаглі дакрануцца да “традыцыі”. На гэтым наша праца не завяшаецца. Наперадзе застаецца цэлы пласт традыцыі, якая будзе ўзнаўляцца нашымі ўласнымі рукамі.

Засвойваючы тэхнічныя прыёмы ткацтва, асноўную ўвагу звяртаем на:

- веданне назваў усіх частак ткацкага станка (ставы, навой (вялікі і “таварны”), ніты, кабылкі, бёрда, набілкі, панажы (“лапа”) і інш.);

- веданне назваў прылад, якімі патрэбна будзе карыстацца (дошчачкі-“бральніцы”, пруг, “сукала”, чоўнік, цэўка і інш.);

- веданне назваў асноўных тэхнік беларускага народнага ткацтва (у дадзеным выпадку выкарыстоўваецца “палатнянае” і “рэпсавае” перапляценні і бранае ткацтва);

- веданне асноўных тэхнік выканання беларускага народнага ткацтва (практычнае ўменне выконваць і камбінаваць тэхнікі);

- веданне мясцовай традыцыі ткацтва (назва арнаментаў, колеравая гама, лакальныя асаблівасці).

Перавага надаецца працы ў групах. Па-першае, па прычыне абмежаванасці працоўных месцаў (ткаціх станкоў), па-другое – сам працэс ткацтва (у прыватнасці, бранага) патрабуе працы некалькіх чалавек і, па-трэцяе, агульная праца дапамагае аб’яднаць веды і мінімізіраваць колькасць памылак у працэсе.

Спасцігнуўшы ўсе таямніцы семантыкі вобраза-знака “жабка”, смела сядаем за ткацкі станок і пачынаем “стварэнне свету” (менавіта пачынаем, бо “жабка” як хтанічная істота знаходзіцца знізу, пад зямлёй. Відаць, па гэтай прычыне выносіцца гэты арнаментальны элемент уніз або на край тканых вырабаў (аздабляюцца манжэты рукавоў, пачатак і канец ручніка):

- ствараем фон выявы – палатняным перапляценнем, белай ці шэрай ніткай тчэм 2см. палатна (выкарыстоўваецца 1 чоўнік – белы);

- першая частка арнамента – рэпсавым перапляценнем (у 2 чоўнікі – чырвоны і белы) пракідваем кожны з чоўнікаў па 4 разы ва ўток;

- другая частка арнамента – бранае ткацтва, перабіраем на дошчачку аснову (10 нітак застаюцца знізу і 6 нітак – зверху), закладаем дошчачку, падымаем дошчачку, пракідваем ва ўток чырвоную нітку. Кожны ўзорны ўток чаргуем з палатняным перапляценнем (белы колер). Пракідваем кожны чоўнік па 4 разы ва ўток;

- трэцяя, сярэдняя частка, арнаменту – палатняным перапляценнем пракідваем чоўнік чырвонага колера 8 разоў ва ўток.

Астатняя частка арнаменту робіцца па прынцыпу адлюстравання – чацвёртая частка паўтараецца з другой і пятая – з перашай.

Такім чынам, робячы выснову дадзенай працы, адзначым асноўныя моманты і прынцыпы працы клуба “Параскева” ВМНТ:

- выкарыстанне мясцовай аўтэнтычнай матэрыяльнай спадчыны (ручнікі, кашулі, посцілкі і г.д.);

- выкарыстанне мясцовай аўтэнтычнай духоўнай спадчыны (прыкмты, павер’і, паданні, абрады і г.д.);

- выкарыстанне мясцовых назваў (панажы – “лапа”);

- кропкавае, лакальнае даследаванне (за аснову бярэцца адна трацыцыя, адна рэч, адзін узор і г.д.);

- комплекснае вывучэнне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны (прадмет – абрад).

Клуб “Параскева”, на нашу думку, з’яўляецца тым самым цэнтрам сапраўднай аўтэнтычнай культуры, якой на наш час так бракуе як сталаму, так і маладому пакаленню беларусаў. Якія “праз абставіны, што склаліся ў нашай краіне ў цяперашняе стагоддзе” [4, с. 39], страцілі найвялікшыя скарбы беларускіх народных традыцый, у тым ліку і ткацкіх.

Літаратура:

  1. Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / склад. І. Клімковіч, В.Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. – Мн.: Беларусь, 2011. – 607 с.: іл.
  2. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / уклад. В.С.Новак. – Мінск: Права і эканоміка, 2010. – 538 с. – (Серыя “Гуманітарныя навукі”).
  3. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65000 слоў / Пад. рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко; Афармленне А.М. Хількевіча. – 4-е выд. – Мн.: БелЭн, 2005. – 784 с.
  4. Традыцыйныя рамёствы Беларусі. Праграмы для Дамоў рамёстваў / уклад. В.А. Лабачэўская. Н.М. Кузняцова, М.М. Віннікава, В.Я. Фадзеева, І.П. Хіцько. – Мн, 1995. – 134 с.

Апублікавана: "Музей і традыцыйная культура Беларусі" Навукова-практ. канф. (2012; г. Мазыр) II навукова-практычная канферэнцыя "Музей і традыцыйная культура Беларусі" 30 - 31 мая 2012 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: С.В. Разанаў (гал. рэд) [і інш]. - Мазыр: КПУП "Калор", 2012. С. 90 - 94.

Пётр Міхайлавіч Цалка,

загадчык філіяла Веткаўскага музея

стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика