H9mDm0XbHGA.jpg

5 красавіка (пятніца) ў філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы «Брама».

У 1895 годзе адзін з першых даследчыкаў Веткі М.І. Лілееў апісаў цікавую гісторыю. Сутнасць яго апавядання ў тым, што ў 1695 годзе ў Веткаўскую Пакроўскую царкву з Калугі даставілі дарэформенны (да рэформы Нікана, што раскалола Рускую праваслаўную царкву) іканастас XVI ці XVII стагоддзя.

У 1735 годзе Ветка была спустошана. З дарэформеннага іканастаса змаглі выратаваць толькі Царскую браму, бакавыя дзверы і чатыры абразы. Іх перавезлі ў Свяцк.

У 1910-м, са спыненнем пераследу стараабрадцаў, у Свяцкім пасадзе пабудавалі драўляную Успенскую царкву. Магчыма, нейкія выявы з першага іканастаса перанесеныя былі туды.

9 ліпеня 1983 г. супрацоўнікі Веткаўскага музея паехалі ў Свяцк… Староста Успенскай царквы дазволіў забрацца на яе гарышча, дзе ляжалі некалькі старых ікон, агледзець іх. Паколькі гэта былі ўжо чорныя дошкі з маляўнічым пластом, які лупіцца, не прыдатныя для выкарыстання ў храме, дазволіў узяць некалькі ў музей.
Сярод гэтых артэфактаў аказалася і створка Царскай брамы. У цемры счарнелага пакосту праглядаўся жывапіс. А што, калі гэта створка з таго самага іканастаса, што везлі ў 1695 г. цёмнымі калужскімі лясамі?

Ужо ў 2000-х, калі нам удалося арганізаваць сваю рэстаўрацыйную майстэрню, мы адважыліся раскрываць жывапіс гэтай створкі. Нібыта, адкрывалася XVII стагоддзе!

У 2022 годзе мы задумалі працяг праекта. І пачалі збіраць навершы Царскай брамы. Спачатку здавалася, што іх, стараабрадніцкіх, увогуле ў нашых мясцінах не захавалася... Але, на шчасце, уцалелі!

Людзі адгукнуліся і сталі дапамагаць - і гэтая прыгажосць чалавечага ўдзелу, мабыць, самы прыгожы вынік нашага даследавання, рэстаўрацыйнай падрыхтоўкі і прадстаўлення вам твораў нашых продкаў-мастакоў. У гэтай прыгожай працы - сіла іх духу.
А створка са Свяцка злучыла нас.

 Запрашаем вас на адкрыццё выставы, якая вядзе нас у гісторыю XVII стагоддзя, і да якой маеце дачыненне вы, нашы дарагія наведвальнікі і ўвогуле сябры Веткаўскага музея.

 Калі: 05.04.2024 у 16:00.

 Дзе: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).

Уваход вольны!

 +375 232 50-96-98

 

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика