З 7 красавіка у філіяле Веткаўскага музея працуе новая выстава "Eссe homo. Уніяцкае мастацтва Беларусі".

Упершыню ў Гомелі мы пакажам уніяцкае мастацтва Беларусі!

У сценах філіяла Веткаўскага музея прадстаўлены экспанаты з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, аднаго з найбагацейшых у Беларусі сховішчаў сакральнага мастацтва.

Геаграфічнае і культурнае становішча Беларусі паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам абумовіла асаблівы шлях развіцця мясцовага сакральнага мастацтва.

У XVI – XVII стагоддзях беларускія іканапісцы пераасэнсавалі візантыйскія кананічныя сюжэты, увялі ў іх рэалістычныя элементы, уласцівыя заходняму мастацтву: перспектыву і глыбіню прасторы, аб'ёмнасць фігур і лікаў, пейзаж, побытавыя дэталі. Тут персанажы надзяляюцца псіхалагічнымі характарыстыкамі і мясцовымі этнічнымі рысамі. Творы гэтага перыяду стылістычна бліжэй да рэлігійнай карціны, чым да класічнай іконы.

Па сведчаннях сучаснікаў, уніяцтва было рэлігіяй “простага люду”, таму найбольш пашыранымі ў сакральным мастацтве сталі творы “маляроў” з народнага асяродку. Прастата жывапісу і недахоп прафесіяналізму гэтых твораў выкупляюцца шчырасцю, наіўным рэалізмам і экспрэсіяй.

На выставе прадстаўлены старажытныя іконы, скульптура, кнігі ХVI - XVIII стагоддзяў. Вы пабачыце незвычайныя для нашага рэгіёна храмавую ўніяцкую скульптуру, адзенне святароў з фрагментамі знакамітых слуцкіх паясоў, выданні лацінамоўных “Імшалаў”, аздобленых шыкоўнымі гравюрамі.

*Ecce Homo - з лацінскай мовы - "Вось чалавек".

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика