Раманава Ларыса Дзмітрыеўна,
вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея
народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.

“Звяры, якія ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае, птушкі, лятаючыя ў паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плывуць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы ды ім падобныя бароняць вуллі свае. Гэтак жа і людзі — дзе нарадзіліся і выхаваны жыць па-Божы, да таго месца вялікую ласку маюць, ” — гэтае славутае выказванне Ф. Скарыны мае непасрэднае дачыненне да этнакультурнага выхавання, якое адбываецца ў Веткаўскім музеі народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава. Больш дваццаці гадоў тут праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі па праграме Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!”, якія праводзяцца па матэрыялах мясцовых традыцый.

Аўтар ідэі і распрацоўкі праграмы заняткаў — Галіна Рыгораўна Нячаева. Заняткі праводзяцца з выхаванцамі дзіцячых садоў г. Веткі, вучнямі САШ № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, гімназіі г. Веткі, вучнямі некаторых агульнаадукацыйных школ г. Гомеля.

У праграме заняткаў (з самага пачатку дзейнасці Школы) налічваецца 36 гадзін. Кожны з 36 заняткаў праводзіцца на працягу 40-60 хвілін ў экспазіцыях музея (у залежнасці ад узросту). Для кожнага асобнага класа або старэйшай групы дзіцячага сада прадугледжваецца правядзенне трох заняткаў па розных тэмах на працягу года.

На працягу пазнейшага часу з’яўляліся і праводзіліся заняткі па новых тэмах, напрыклад, “Абрад “Свячы” у вёсках Веткаўскага раёну”, “Вобраз Сусветнага Дрэва ў народнай культуры”, “Гісторыя старажытнай Веткаўшчыны”, “Свята “Пакроў” у народнай і царкоўнай традыцыях”, “Веткаўская ікона. Тэхналогія стварэння, мастацкія асаблівасці”, ды іншых.

З’яўленне новых тэмаў у праграме заняткаў Школы “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” — доказ таго, што традыцыйная народная і хрысціянская культура, гісторыя раёна — прадмет новых навуковых даследванняў, асаблівага творчага захаплення супрацоўнікаў музея. Варта заўважыць, што размеркаванне тэмаў музейна-педагагічных заняткаў адбываецца з улікам таго, наколькі яны блізкія асноўным тэмам даследванняў навуковых супрацоўнікаў. Маецца на ўвазе наступнае. Тэму “Што можна зрабіць з дрэва?”… (тэма 1 кл.) і далейшае яе паглыбленне, якое адбываецца на занятках з вучнямі 5 кл. “Уяўленні, звязаныя з будаўніцтвам дома. Што аберагаюць "стрэлы"?, а таксама з вучнямі 9 кл. — ”Экскурсія па горадзе: гісторыя і сучаснасць веткаўскай архітэктурнай разьбы” праводзіць Андрэй Валер’евіч Скідан, які з 2007 г. па 2011 г. зрабіў фотафіксацыю прыблізна 2050 мясцовых аб’ектаў драўлянай народнай архітэктуры. Акрамя іншага, Андрэй Валер’евіч — выдатны майстра: многіх людзей радуюць дзівосныя драўляны рамы, зробленыя ім для карцін. Тэму “Круглы год” — каляндар прыроды і працы” (занятак па ёй праводзіцца ў 3-ім кл.) і тэму “Багатыры” (занятак праводзіцца ў 4-ым кл.), ды іншыя тэмы найбольш поўна раскрывае Генадзь Ісаакавіч Лапацін. Ён выдатна ведае мясцовыя звычаі, традыцыйныя уяўленні і абрады.

Святлана Іванаўна Лявонцьева праводзіць музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей па сваіх улюбёных тэмах: “Патрэбныя літары і прыгожыя буквіцы (тэма 1 кл.), “Кніга-сад: як вырошчваць буквіцы? (практычны занятак)” (тэма 2 кл.), “Як даўней рабілі кнігу?” (тэма 5 кл.), “Веткаўскі стыль аздаблення старадаўніх рукапісаў” (тэма 7 кл.), “Старадрукі на Ветцы. Шлях даўжынёй у 400 гадоў”) (тэма 8 кл.).

Людміла Андрэеўна Новікава праводзіць заняткі па тэмах: “Вобразы народнага адзення” (тэма 5 кл.), “Мастацтва аздаблення тканіны. Чаму навучылі кросны” (тэма 7 кл.). Людміла Андрэеўна цікава, з захапленнем расказвае дзецям аб тэхналогіях выканання ўзораў, паказвае іх на экспанатах з музейных фондаў. Яна можа навучыць жадаючых сплесці “гарлячкі” з бісеру — так, як іх плялі калісьці ў Неглюбцы, а таксама — сплесці рыбалоўную сетку, саламянага “павука” ды шмат чаго іншага.

Аляксандр Іванавіч Драбушэўскі праводзіць заняткі: “Ці заўсёды рэчы былі такімі, якімі мы іх ведаем сёння? (тэма 2 кл.), “Пра што расказваюць старадаўнія рэчы? (тэма 3 кл.), “Як чалавек асвятляў сваё жыллё і што можна вышыць пры лучыне) (тэма 4 кл.). Аляксандр Іванавіч, як ніхто іншы, можа цікава распавесці, напрыклад, аб жаночых і мужчынскіх упрыгожваннях, прыладах працы, знойдзеных падчас раскопак на гарадзішчах і ў курганах у Веткаўскім раёне, аб старадаўняй зброі, аб відах арнаменту на гліняных гаршках, аб гісторычных падзеях, якія адбываліся ў розныя часы на тэрыторыі Веткаўскага раёна.

“Традыцыі старажытнарускага мастацтва ў творчасці веткаўскіх майстроў” (тэма 10 кл.), “Старажытнарускае мастацтва і веткаўскі іканапіс. Лёс Веткі і веткаўцаў у творах народнага мастацтва і ў культурных помніках” (тэма 11 кл.) ды іншыя тэмы цудоўным чынам раскрывае на занятках Вольга Васільеўна Афанасьева.

Уводзіны ў свет старажытнага рамяства — ткацтва, знаходжанне адказаў на пытанне: “Як жывуць розныя колеры ў народным мастацтве (ад абраза да кашулі)?” адбываюцца на занятку “Чырвоная” радасць ды чорны смутак” (тэма 1 кл.), які праводзіць Галіна Рыгораўна Нячаева. Знаёмства з мясцовымі арнаментамі, іх сэнсам, практычным прымяненнем адбываецца на занятках “Адкуль з’явіўся ўзор, якому пяць тысяч гадоў, на вясковым ручніку?” (тэма 6 кл.), “Славянская міфалогія. Пра старажытныя славянскія знакі ды сімвалы ва ўзорах народнага мастацтва (на прыкладзе нашага раёна) (тэма 8 кл.), “Сучасны неглюбскі ручнік. Прыгажосць, слава, таямніца” (тэма 10 кл.).

Падчас першых трох заняткаў праграмы “Што такое музей?”, “Зямля і неба ў касцюме чалавека”, “Чарадзейныя памочнікі” (заняткі праводзіць Л.Д. Раманава) адбываецца першаснае знаёмства дзяцей з экспазіцыямі музея, уводзіны ў свет знаёмых і незнаёмых “чарадзейных” рэчаў. Дзеці вучацца распазнаваць адметнасць, прызначэнне прадметаў, іх касмалагічны сэнс. Такім чынам, падчас самых першых тэм заняткаў дзякуючы азнаямленню з мясцовымі казкамі, песнямі, загадкамі, рэчамі побыту адбываецца далучэнне да этнакультурнага выхавання. На занятках з дзецьмі малодшага і сярэдняга ўзросту музейныя педагогі актыўна выкарыстоўваюць метад гульні, тактыльны метад, метад пытанняў і адказаў, метад практычнага дзеяння, моўнае мысленне.

Прыкладна такі змест мае праграма заняткаў Школы “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” [1, 4-5], якія праводзяць 7 навуковых супрацоўнікаў музея, і, вядома, дырэктар.

Падчас правядзення музейна-педагагічных заняткаў выкарыстоўваюцца, адпаведна тэме, экспанаты фондаў. Унікальныя, значныя калекцыі, сабраныя ў Веткаўскім музеі народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава — калекцыі старадрукаваных і веткаўскіх рукапісных кніг ХV1-ХХ стст., стараабрадніцкіх і праваслаўных абразоў ХIХ-ХХ стст., калекцыя народнага адзення. Адна з самых вялікіх, арыгінальных калекцый — калекцыя народнага ткацтва. У ёй налічваецца 1199 тканых і вышытых ручнікоў (дадзеныя за 2010 г.). Па гэтай прычыне даволі многія заняткі Школы прысвечаны знаёмству з народным ткацтвам. Вялікая колькасць ручнікоў паходзіць з в. Неглюбка і неглюбскіх пасёлкаў. Супрацоўнікамі музея на працягу 1979-2004 гг. было зафіксавана 648 назваў арнаментаў адных толькі (!) тканых ручнікоў некалькіх традыцый ткацтва, у тым ліку — неглюбскай. Усё гэта сведчыць аб багацці традыцый, аб адметным мастацка-філасофскім мысленні, глыбокім светапоглядзе стваральніц узорыстых тканін.

“Саджаць”, — так казалі неглюбскія ткачыхі аб нанясенні ўзораў пры тканні. Чалавек, нібы дрэва, з гадамі “урастае” у сваю зямлю і “узрастае” на ёй. Зямля, на якой нарадзіўся, самая блізкая і родная. І таму ручнік, абаронца роду, гэта яшчэ і унікальная геаграфічна-ментальная карта, на якой можна распазнаць сваю “Новую зямлю” і самога сябе, напрыклад, у коле-ромбе вертыкальнага ланцужка на тканым ручніку; “Тут мой захад і тут — усход” (А.С. Разанаў). І калі ў Кітаі на працягу многіх стагоддзяў развіваўся і ўмацоўваўся ідэал прыгажосці — ствараліся сады і паркі з асаблівым ландшафтам (як ні дзіўна, гэтым займаліся паэты, мастакі, пісьменнікі, філосафы, імператары; мастацтва, паэзія, філасофія пры гэтым спалучаліся ў адно цэлае), то ў Беларусі такім разгорнутым, нібы сад перад Сусветам, ідэалам прыгажосці з’яўляюцца ручнікі, на якіх — “мыслямі ўзоры клаліся” (радок з вясельнай песні, запісанай у ХIХ ст. Я. Тышкевічам), у якіх адкрываюцца традыцыйныя ўяўленні, мастацкія густы многіх пакаленняў.

Сугучна вышэйзгаданаму радку А.С. Разанава гучаць выказванні неглюбскай ткачыхі Ганны Рыгораўны Грыньковай: “Хоць плоха, хоць добра, жыві на тым месцы, дзе Бог пасяліў”, “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”, “Чалавек без Радзімы — што дрэва без каранёў”. Гэтыя словы пераконваюць: носьбіты традыцыйнай культуры заўсёды ўсведамлялі і ўсведамляюць першаснае значэнне зямлі бацькоў, мясцовых народных традыцый у этнакультурным выхаванні чалавека.

З самага пачатку стварэння Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава “завязаўся” творчы дыялог паміж яго супрацоўнікамі і народнымі майстрамі, захавальнікамі і носьбітамі традыцый, выканаўцамі абрадаў. У выніку экспедыцыйных паездак па Веткаўскім і суседніх раёнах быў сабраны багаты матэрыял па традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры. У дадзены момант налічваецца каля 140 сшыткаў навуковага архіва музея. На працягу многіх гадоў супрацоўнікі рабілі палявыя запісы, аудыёзапісы, фота, відэафіксацыю аб’ектаў традыцыйнай культуры. Падчас правядзення заняткаў Школы “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” многія з гэтых запісаў выкарыстоўваюцца. Такім чынам, праграма музейна-педагагічных заняткаў была распрацавана ў музеі як вопыт прымянення атрыманых значных вынікаў пры даследаванні народнай традыцыйнай культуры, таксама — як адзін са спосабаў падоўжыць існаванне народных традыцый.

У аснову праграмы пакладзена арыгінальная методыка, распрацаваная ў музеі. Галоўная асаблівасць методыкі — культуралагічны падыход да засваення духоўнай і матэрыяльнай спадчыны ў асобным, канкрэтным кантэксце традыцыйнай культуры. Між іншым, на некаторых занятках, калі гэта ўваходзіць у задачы іх правядзення, музейны педагог разам з дзецьмі шукае і дае азначэнні першасным, важным паняццям: “культура”, “быць культурным” [2, с. 134].

Цэнтральныя ідэі пры засваенні дзецьмі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, па словах Г.Р. Нячаевай: “1) семантычнае апісанне культурнай прасторы; 2) перавод вопыту кантактаў асобы з традыцыйнай культурай з азнаямленчага ўзроўню на ўзровень каштоўнасцяў і выяўленне непарыўных сувязяў паміж часавымі слаямі культуры (у тым ліку й сучаснасцю); 3) улік рэзанансных з’яваў у традыцыйнай і сучаснай культуры (ад скразных вобразаў да касмалогіі, псіхалогіі і дзеяў) [3, с. 3].

Лепшаму засваенню тэмаў музейна-педагагічных заняткаў садзейнічае добра прадуманае ўладкаванне экспанатаў у музейных экспазіцыях. Любы з іх нагадвае аб дзеях Шляху — гістарычных і асабістых, які асвойвае наведвальнік музея, гэтаксама — дзіця, падлетак, вучань старэйшых класаў падчас правядзення музейна-педагагічнага занятка. “Экспазіцыі музея будаваліся з улікам знакавых культурных працэсаў, развіцця “вечных” скразных вобразаў і могуць быць “палігонам” для здабывання нетрадыцыйных ведаў, — яшчэ раз пераконваешся ў сцвярджэнні Г.Р. Нячаевай [4, с. 16].

Падчас правядзення музейна-педагагічных заняткаў адбываецца арыентацыя на школьныя навучальныя праграмы, таксама — на праграмы выхавання дзяцей у дзіцячых садах.

Этнакультурнае выхаванне, якое адбываецца ў Веткаўскім музеі народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава, — запатрабаванае людзьмі і часам. Настаўнікі малодшых і сярэдніх класаў гімназіі г. Веткі запрашаюць музейных супрацоўнікаў выступіць таксама з лекцыямі па некаторых тэмах у класных аудыторыях. Звычайна Г.І. Лапацін, Л.Д. Раманава, А.В. Скідан распавядаюць пра беларускую народную культуру на беларускай мове. Нельга навучыць дзяцей любові да роднай зямлі, ігнаруючы мову, якой карысталіся стваральнікі і носьбіты гэтай культуры. Пры ўсім тым, даводзіцца сустракацца з наступнай з’явай: бываюць асобныя выпадкі, калі выхавацелі дзіцячых садоў, настаўнікі малодшых класаў звяртаюцца з просьбай да музейнага супрацоўніка весці занятак на рускай мове, патлумачыўшы гэта тым, што дзеці не разумеюць беларускай мовы. Такія выпадкі сведчаць пра тое, што этнакультурнаму выхаванню ў сям’і, дзіцячым садзе даецца надта мала ўвагі. Але радуюць, напрыклад, такія вынікі, калі пяцігадовае дзіця робіць высновы: “Калі людзі не будуць любіць адзін аднаго, наша планета не будзе кружыцца і ўпадзе ў чорную дзірку.”

Асноўныя мэты дзейнасці Школы “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!”, на маю думку, — як мага больш даць веды дзецям (на прыкладзе мясцовых традыцый) пра навакольны свет, традыцыйныя рамёствы і ўяўленні, пазнаёміць з правіламі ўзаемаадносін ”чалавек-грамадства-прырода”, навучыць дзяцей духоўнаму бачанню з’яваў жыцця (распазнаваць сапраўдныя зямныя каштоўнасці), шанаваць зямлю, культурныя здабыткі, беларускую нацыянальную культуру, з павагай ставіцца да культуры суседніх народаў — рускай, украінскай, польскай, навучыць зберагаць традыцыі, веру сваіх продкаў.

Асабліва важна ў наш час выправіць моўную сітуацыю, якая склалася цяпер, — сыход беларускай мовы ў нябыт. На сёння яна — адна з васьмідзесяці знікаючых моваў планеты. Мова, як вядома, гэта не толькі сродак міжнацыянальных зносін, гэта найперш прастора думкі. Калі чалавек думае, мысліць, тым самым ён мадэліруе свет, нацыянальны Космас. Адмовіцца ад нацыянальнай мовы — гэта азначае пазбавіць сябе будучыні.

У наш час найбольш развітыя, добраўпарадкаваныя краіны — гэта тыя, у якіх перш за ўсё выкарыстоўваецца патэнцыял чалавека, да прыкладу, Японія, Сінгапур, некаторыя іншыя краіны. Між іншым, прыярытэты, якія ставяць сабе настаўнікі японскіх агульнаадукацыйных школ, гэта, па-першае, — выхаваць грамадзяніна і патрыёта, па-другое, — прывіць імкненне да ведаў, па-трэццяе, — сфарміраваць базавыя веды. Праблемы культуры становяцца ў наш час стратэгічным фактарам, умовай выжывання ўсяго чалавецтва. Неадукаванасць, некампетэнтнасць, нявыхаванасць адказных кіраўнікоў — таксама адна са стратэгічных праблем. Вышэйзгаданыя выказванні прагучалі падчас Румянцаўскіх чытанняў у Гомелі 6 красавіка 2010 г. у дакладзе “М.П. Румянцаў і сучаснасць: духоўная культура як фактар нацыянальнай і міжнароднай бяспекі”. Гэты даклад прачытаў К.К. Колін — Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, доктар тэхнічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута праблем інфарматыкі РАН, сябра Румянцаўскага таварыства (г. Масква). Сёння, па сведчаннях многіх беларускіх, еўрапейскіх культуролагаў, філосафаў назіраецца вялікая цікавасць да этнічнай культуры народаў вялікіх краін і малых, да этнакультурнага выхавання.

Згадаем яшчэ і яшчэ адзін раз, што мова — гэта душа народа. Ці, па словах А.С. Разанава: “Кожны народ стварыў хаця б адзін выдатны твор. І гэты твор — мова.” У цяперашні час большасць насельнікаў Беларусі лічаць патрэбным не гаварыць па-беларуску ў сям’і, школе. Трэба канстатаваць факт, што нацыянальная беларуская культура, за рэдкім выключэннем (на тое ёсць многія прычыны) зведвае далёка не лепшае становішча ў грамадстве, фінансуецца па астатнім прынцыпу.

Аднак, шукаючы вечныя ісціны, чалавек не аднойчы захоча выказаць сябе узорам, словам, карцінай, дзеяй, нейкім іншым творам. Галоўнае — адбудаваць сябе, свой хорам, ісці старажытным, натораным шляхам: “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” А, магчыма, і нейкім іншым.

Спіс літаратуры:

1. Поўнасцю праграма заняткаў друкуецца ў выданні: Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!: Школа старажытнай і сучаснай народнай культуры пры Веткаўскім музеі народнае творчасці (па матэрыялах мясцовых традыцый): Праграма заняткаў. — Гомель: ВПП “Сож”, 1999. — 40 с.

2. Л.Д. Раманава. Вобраз Сусветнага Дрэва ў народнай культуры. Сцэнарная распрацоўка музейна-педагагічнага занятка (згодна з праграмай “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!) для вучняў 4-х класаў. // Чалавек. Культура. Экалогія. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мн, 1998, — с. 148

3. Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!: Школа старажытнай і сучаснай народнай культуры пры Веткаўскім музеі народнае творчасці (па матэрыялах мясцовых традыцый): Праграма заняткаў. — Гомель: ВПП “Сож”, 1999. — 40 с.

4. Там жа.

Ларыса Дзмітрыеўна Раманава,
вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея
народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.

Ніжэйнадрукаваны артыкул ёсць у выданні: «Скарына і наш час». V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: /матэрыялы/ рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэдактар /і інш/; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2011. — 302 с, с. 23-27.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика