Напачатку

Адзначым амаль парадаксальную рэч: яшчэ да свайго заснавання экспедыцыйная дзейнасць сталася праграмным накірункам дзейнасці музея. Як такое магло адбыцца? Справа ў тым, што ў музея быў свой бацька-заснавальнік – Фёдар Рыгоравіч Шкляраў, мясцовы краязнавец, збіральнік, самадзейны мастак. Менавіта ягоная калекцыя стараабрадніцкіх ікон, старадрукаў і помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сталася тым грунтам, на якім узнік адзін з самых знакамітых музеяў краіны. Іначай яе і нельга было сабраць, як толькі праз інтэнсіўную пошукавую дзейнасць. Таму і пры заснаванні афіцыйнай установы экспедыцыйная дзейнасць заўжды папярэднічала кабінетнай рабоце.

Калі ў 1983 г. Фёдар Рыгоравіч «по совету друзей» набыў уласны аўтамабіль «Масквіч» ён фактычна стаў музейным транспартам. Толькі за адзін год на ім было здзейснена каля 60 выездаў. Менавіта падчас такіх выездаў аформіўся своеасаблівы стыль экспедыцыйных сшыткаў: кароткія нататкі ад убачанага, амаль дзённікавыя нататкі: інфарматыўныя, лаканічныя і суправаджальныя малюнкі, калі забаранялі фатаграфаваць іконы ў багатых уборах. Паралельна авалодвалі практыкай аварыйнай рэстаўрацыі: проста ў хатах накладалі кансервіруючыя «пластыры» (папіросную паперу) на іконы, якія абсыпаліся літаральна на вачах. Гэта паступова сагравала сэрцы суровых стараабрадцаў, якія насцярожана ўспрымалі любога прадстаўніка афіцыйных структур – памяталі нядаўнія часы, калі апісвалі маёмасць і забіралі прадметы рэлігійнага характара. Цяпер, наша прысутнасць нагадвала прысутнасць урача, які робіць балючую, але карысную справу. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што ад багатай культуры многіх стараабрадніцкіх і беларускіх паселішчаў толькі і застануцца гэтыя нешматлікія дзённікавыя запісы ды чорна-белыя фотаздымкі. Дыктафоны і лічбавыя фотаапараты з’явяцца пазней.

Аварыя

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС толькі ў Веткаўскім раёне перапынілі існаванне 58 населеных пунктаў, здаецца, што менавіта музейшчыкі выпрацавалі праграму фіксацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры стараабрадніцкіх і беларускіх паселішчаў. Большасць з іх вылучалася сваімі адметнымі ўзорнымі тканінамі, спеўнай і абрадавай культурай, тут бытавалі мастацкія помнікі высокага ўзроўню: Барталамееўка, Закружжа, Косіцкая, Тарасаўка, Грамыкі… Дзякуючы менавіта падвіжніцкаму імпэту супрацоўнікаў музея, якія з пачатку працэса адсялення працавалі ў «зоне», атрымалася пазбегнуць поўнага небыцця шматлікіх прадметаў матэрыяльнай культуры, якія і цяпер з’яўляюцца своеасаблівымі «сведкамі» зыйшоўшых паселішчаў.

Такім чынам, прыходзілася звыкнуцца з тым, што Веткаўскі музей з’яўляецца пэўнай творчай лабараторыяй па вывучэнню рэгіянальнай культуры і адначасова пляцоўкай папулярызацыі яе здабыткаў на шырокім усходнееўрапейскім абсягу.

Творчая лабараторыя

Менавіта гэтае пачуццё падштурхнула да рэалізацыі канцэптуальнага музейнага праекта па вывучэнні традыцыйнай культуры басейна Сожа-Іпуці-Беседзі, які адзначыўся сапраўдным экспедыцыйным прарывам, які ў 1999-2001 гг. увасобіўся ў шэрагу праектаў сярод якіх, апроч пошукавай дзейнасці адну з асноўных выконвала экспазіцыйная панарама здабытых артэфактаў і вербальных сведчанняў. Комплекснае даследванне тэрыторыі ўключала ў сябе азнаямленне з ткацкімі традыцыямі, культам шанавання крыніц і вадаёмаў, абрадамі вясенне-летняга цыклу, народнай дэманалогіяй, звычаямі пераноса абшчынных ікон-свечаў, археалагічныя разведкі ў зоне экспедыцыйных маршрутаў і шмат што іншае. У выніку гэтых плённых экспедыцый быў сфармуляваны «гідралагічны» прынцып даследвання тэрыторый, згодна з якім пэўныя культурныя тэрыторыі звязваюцца з асаблівасцямі водных сістэм, якія ўплывалі на рассяленне нашых продкаў. Варта сказаць, што калі дагэтуль вывучэнне розных галінаў рэгіянальнай культуры для нас не ўяўляла пэўнай сістэмы, дык ад «бесядскога цуда» і дасёння яно адбываецца комплексна і метадычна.

Музейная паўсядзённасць

Аднак, гэтыя шматдзённыя экспедыцыі былі, бадай адзіным буйнамаштабным працяглым праэктам, які застаўся своеасаблівым эталонам экспедыцыйнай дзейнасці музея. І цяпер з вуснаў у вусны перадаюцца амаль легендарныя аповяды пра «жыццё ў райскіх кушчах». У параўнанні з гэтым, сістэмныя і сістэматычныя выезды 2010-20-х – руцінная праца паўсядзённасці. Аднак менавіта яна дазволіла багатую калекцыю тканых вырабаў музея зрабіць буйнейшым рэгіянальным зборам ва ўсходнеславянскім свеце. Аднойчы, давялося пачуць ад наведвальнікаў музея, што, маўляў, Буда-Кашалёўскі раён у параўнанні з Веткаўшчынай бедны на помнікі матэрыяльнай культуры. Амаль паспрачаўшыся, супрацоўнікі музея выправіліся падцвярджаць адваротнае. І судзіце самі: толькі за пяць дзён экспедыцыйных выправаў па населеным пунктам раёна было сабрана каля сарака тканых вырабаў. Увогулле, цяпер калекцыя тканінаў з Буда-Кашалёўшчыны складае болей за сотню адзінак і гэта ўпэўнена сведчыць аб наяўнасці самавітай ткацкай традыцыі.

Падобным чынам былі вызначаныя зоны бытавання вяночнага двара на тэрыторыі Ніжняга Пасожжа і памежжа Гомельшчыны-Браншчыны. Для тых, хто не вельмі абазнаны: вяночны двор складае суцэльную замкнёную прастору, ўтвораную шчыльна пастаўленымі жылымі ды гаспадарчымі збудаваннямі. Канешне, у акадэмічнай літаратуры гэты тэзіс агучаны даўно і сумненню не падлягае, аднак задача музея не абвяргаць ці падцвярджаць яго, а папулярызаваць у кантэксце агульнай культурнай плыні, ці ствараць на аснове гэтага факта турыстычныя прэцэдэнты. І ўжо зусім нечаканым, было знайсці прыклады архаічнай будаўнічай тэхнікі – будынкі са зрубнай страхой – «закотам» і не дзе-небудзь у глухім Палессі, а ў недалёкай адлегласці ад Гомеля. Такі тып збудаванняў ужо ў даваенны перыяд лічыўся старадаўнім і амаль нідзе не ўжываўся. Тое, што на ўсходняй Гомельшчыне дагэтуль сустракаюцца канструкцыі, якія ўжываліся яшчэ ў эпоху Кіеўскай Русі можа скласці гонар нашым папярэднікам, за цэльнасць і пераемнасць традыцый.

Яшчэ адна з асаблівасцяў экспедыцыйнай дзейнасці музея – гэта інтэграванасць у мясцовую культурную плынь. Аднойчы ў размове аб царкоўна-народных звычаях, старая жанчына выпрабавала нас на прадмет, скажам так, нашай кампетэнтнасці: «Памілуй мя Божа, па вялікай міласці Тваей…» – прачытала яна радкі 50-га псалма і прыпынілася, чакаючы ад нас працягу. «І па множэству шчэдрот ачысьці беззаконіе мае…» – сходу працягнуў суразмоўца. Носьбіту традыцыі прыемней і лягчэй не прамаўляць дыктафону, а бяседаваць, дзяліцца сваім досьведам з зацікаўленым суразмоўцам. Таму, на адправах каля мясцовых ікон-свеч, якія дагэтуль у вялікай колькасці знаходзяцца ў розных паселішчах Пасожжа мы не проста журналісты, якія адзначаюць урачыстасць моманта, а паўнавартасныя ўдзельнікі, якія самі дапамагаюць адправіць службу. Збіраючы звесткі аб традыцыйным ткацтве мы не толькі фіксуем асаблівасці тэхналогій і мастацкіх кампазіцый, але самі сядаем за кросны, каб практычна авалодаць ўсімі ткацкімі традыцыямі, выкладзенымі ў праграмных музейных выданнях. Калі казаць пра каляндарную абраднасць і перспектыву яе захавання на нашай тэрыторыі, дык не будзе перабольшаннем сцверджанне, што супрацоўнікі музея даўно самі ўліліся ў кола ўдзельнікаў Калядаў ці Стралы, дзе ўжо не разумееш, ці то ты фіксуеш абрад, ці ўжо сам з’яўляешся часткаю абрадавай культуры.

Сёлета (2020 год)

І калі заканамерна перайсці да статыстыкі зыходзячага года, дык абавязкова трэба пачаць з яго надзвычайнасці. Пандэмія ўнесла значныя карэктывы ў экспедыцыйныя планы музея. Мы не ажыццявілі свае ўжо традыцыйныя трохдзённыя выезды на Заходнюю Браншчыну падчас «Ушэсьця», не наведалі стараабрадніцкія безпапоўскія паселішчы Бабруйшчыны. Увогуле, стараліся не прысутнічаць на адправах каля ікон-свеч, ды шмат з іх і не праводзілася сёлета. Але безплённым гэты год усё ж назваць нельга. Мы пазнаёміліся з новымі гасціннымі людзьмі і наведалі старых сяброў.

У студзені праводжвалі Свячу «Нараджэння Хрыстовага» (7 студзеня) ў пас. Рэпішча Чачэрскага р-на, а ў снежні ў суседніх Сапрыках – Міколу (19 снежня). Для фіксацыі падобнага абрада пераносу іконы з дома ў дом выправіліся ажно ў Светлагорскі раён. Там, у вёсцы Краснаўка пераносілі ікону «Успення Багародзіцы». Адпраўлялі службу ля Свячы «Яна Прадцечы» (11 верасня) у в. Галееўка, Другой Прачыстай (Нараджэнне Маці Божай, 21 верасня) у Барку і ў Галоўках, «Неапалімай Купіны» (17 верасня) у Рандоўцы. Напрыканцы года нарэшце выправіліся ў экспедыцыйнае турнэ па раёну, падчас якога абследавалі нежылыя дамы, якія чакаюць зносу. Некалькі разоў грузавы адсек нашага «Пежо» загружаўся так, што ледзь замыкаліся дзверы. Забіралі ўсё што можа ўяўляць этнаграфічна-мемарыяльны ды не пабаюся гэтага слова, дызайнерскі інтарэс. Што зробіш, мы мыслім нестандартна. Думаем не толькі што мы будзем выстаўляць, але і як мы будзем выстаўляць. Таму забіраем рэчы проста «фактурныя», напрыклад, старую шалёўку, вывеску «Продукты» з эмблемай Веткаўскага Райспажыўсаюза, скрыню старых пчаліных рамак з наплывамі сотаў.

На пытанне прагматычнага чалавека навошта збіраць увесь гэты «хлам» адказаць цяжка, таму мы не ўдаемся ў тлумачэнні, а рыхтуем свае выставачныя праекты, дзе ўсе «лішнія» рэчы паступова займаюць сваё каштоўнае месца. Дарэчы, у «лішнія» гэтым разам трапілі амаль поўны набор дэталяў ткацкага станка – кроснаў, драўляныя спінкі ложка густоўнай сталярнай работы, цэлы набор дамашніх ручных жарновак, сталярны інструмент, ладная калекцыя тэкстылю: рушнікоў, фіранак, прадметаў традыцыйнага адзення. Нават ікона святога Міколы, народнага пісьма ХІХ ст., сіратліва чакала ў апусцелай хаце. Усё ўжо вынеслі, а яе чамусці палічылі нявартай. Трэснутая і брудная, яна з’яўляецца сімвалам эпохі, у якой рэчы з цёплага і ўтульнага дамашняга гнязда, асірацелага і пустога трапляюць у музейныя фонды і майстэрні. Гэта лепей, чым інтарэс перакупшчыкаў. Тут іх, безумоўна, чакае ўвага і клопат, зберажэнне і даследванне, але важней, падаецца, не гэта. Важней тое, што захоўваючы сам прадмет, мы імкнемся перадаць сам клімат ягонага існавання і калі надарыцца новая эпоха прыязнасці, мы здолеем узнавіць усё багацце нацыянальнай культуры.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика