Істотны дадатак да калекцый мясцовага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — збор інструментаў, прорысаў, узораў і матэрыялаў, а таксама дакументаў, якія сведчаць аб існаванні традыцый. Чаканы, хімікаты для залачэння і серабрэння, вагі, шаблоны, пэндзлі, паліравальныя прылады знойдзены ў сем’ях нашчадкаў майстроў. Унікальныя рукапісныя зборнікі па тэхналогіі працы з металам XVIII–XIX стст. Захаваліся і лісты з заказамі. Дзясяткі аркушаў прадстаўляюць малюнкі і прорысы арнаментаў і цэлых чаканных акладаў, разных іканастасаў і дэталяў разьбы. У выніку даследаванняў спецыялістамі музея адноўлены дзясяткі імён майстроў, а часам і цэлыя дынастыі мастакоў.