Збор уключае ў сябе каля 300 старадрукаваных кніг XVI - першай чвэрці XIX ст. Сярод найбольш рэдкіх выданняў даніканаўскага друку - кнігі першых рускіх і беларускіх майстроў: Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца ("Апостол", Львоў, 1574; "Евангелие", Вільна, 1575; "Евангелие учительное", Заблудаў, 1569), Андроніка Нявежы ("Триодь цветная", Масква, 1591; "Апостол", Масква, 1597), а таксама копіі гэтых кніг, зробленыя ў канцы XVI ст. Васілём Гарабурдой у Віленскай тыпаграфіі купцоў Мамонічаў; кнігі лепшых майстроў маскоўскіх друкаваных двароў I-й паловы XVII ст.: Нявежына, Фофанава, Федыгіна, Бурцова, Кірылава, Іванова, Радзішэўскага. Выданні апошняга ("Евангелие", 1600 - 1606; "Устав-Око церковное", 1610) даследчыкі ставяць на высокі ўзровень па прыгажосці і дасканаласці афармлення. У музейнай калекцыі і першая кніга друкаванага двара Кіева-Пячэрскай лаўры "Анфологион" (1619). На шырокае распаўсюджанне друкаванай кнігі ў народным асяродку ў XVIII ст. паўплывалі стараабрадніцкія тыпаграфіі ў Клінцах і Янове, а таксама тыя, якія выконвалі заказы старавераў у Супраслі, Пачаеве, Вільна, Гродна, Магілёве. Значную частку музейнай калекцыі складаюць кнігі гэтых тыпаграфій.
Кніжны збор музея дазваляе выявіць "кола неабходных" службовых і "чэцціх" кніг. Папоўскі асяродак, натуральна, клапаціўся аб поўным "коле кніг", необходных для Богаслужэння. Гэта, перш за ўсё, Мінеі, Евангеллі, Апосталы, Трыеды, Уставы. У беспапоўцаў хутчэй можна было знайсці "пра чотную" літаратуру: Пралогі, Гутаркі святых айцоў царквы, Маргарыты, Цветнікі. Распаўсюджаны былі Псалтыры, Часоўнікі, Часасловы, якія часта перавыдаваліся ў XIX ст., паколькі актыўна выкарыстоўваліся ў якасці вучэбных кніг. У калекцыі ёсць і такія кнігі XVIII ст., як "Пращица" і "Розыск", паколькі ў асяродку стараабрадцаў папулярнасцю карысталася і літаратура, накіраваная супраць іх веравучэнняў.
Самым раннім сярод выданняў XVI ст. у фондах музея з’яўляецца "Евангелле навучальнае", або тлумачальнае. Упершыню "Евангелле толковое" была выдадзена на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў 1569 г. у Заблудаве дзякуючы асветніцкай дзейнасці беларускага магната Г.А. Хадкевіча, які пабудаваў тыпаграфію ў сваім маёнтку і запрасіў туды першых рускіх друкароў І. Фёдарава і П. Мсціслаўца, якія прыбылі з Масковіі.
Шматлікія запісы XVII - XIX ст., пакінутыя ў веткаўскім экзэмпляры, прыадкрываюць лёс кнігі. У 1647 г. яна была ўкладзена "на вечные веком" у віленскі храм святых мучанікаў Сергія і Вакха. У XVIII ст. кніга знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, у XIXст. належыць веткаўскім жыхарам. У ёй захаваўся запіс: "Милостивый Государь Иван ивановичь Покорнейше Вашай чести Иван Екимовъ что вы дали почитаца, одолжили Ивангилия толковаго. 1842 года ноября 25".
У сваім мастацкім афармленні заблудаўскае Евангелле ўзыходзіць да традыцый беларускага мастацтва кнігі, якое ўсваю чаргу зведвала заходнееўрапейскі ўплыў. Упершыню І. Фёдараў і П. Мсціславец у сваёй творчай практыцы ўвялі ў кнігу тытульны ліст, упрыгожылі яе геральдычнай гравюрай, канцоўкамі. Геральдычная гравюра як самастойная ва ўсходнім кнігадрукаванні раней не сустракаецца. Менавіта яна надае кнізе свецкі характар.
Разам з тым, беларуская кніжная графіка абагачаецца новымі традыцыямі. У заблудаўскім Евангеллі ўпершыню з’яўляюцца застаўкі, выкананыя ў старадрукаваным стылі. Шрыфт заблудаўскіх выданняў таксама стаў узорам для многіх пакаленняў беларускіх тыпографаў.
Кнігі, выдадзеныя ў Заблудаве, выканалі важную місію: яны сталі сувязным звяном паміж кнігадрукаваннем Расіі, Беларусі, Украіны. Тыпаграфія, здазволу Г.А. Хадкевіча, з Заблудава была перавезена ў Львоў. У знак пашаны да яго І. Фёдараў змяшчае гравюру з яго гербам і ўпершай кнізе, выдадзенай на тэрыторыі Украіны - львоўскім Апостале 1574 г.
"Апостол", выдадзены ў Львове ў1574 г., - першая кніга, выдадзеная на тэрыторыі Украіны. Гэта выданне ўнікальнае сваім пасляслоўем. Менавіта гэты жанр уканцы XVI - пачатку XVIII ст. выконваў ролю своеасаблівых пропаведзяў, павучэнняў.
У гэтым пасляслоўі, дзе апісваюцца падзеі, звязаныя з друкарскай дзейнасцю першых рускіх тыпографаў на землях Расіі, Беларусі, Украіны, Іван Фёдараў напісаў вядомыя словы аб сваім прызначэнні на зямлі: "Не удобно ми бе ралом ни же семен сеянием время живота своего сокращати, но имам убо вместо рала художество наручных дел ссуды, вместо же житных семен духовные семена по вселенней разсевати … ".
Да 1983 г. кніга знаходзілася ў адной з Веткаўскіх слабод, у доме Ірыны Рыгораўны Далгавой, яна яе чытала. Шаснаццаць пакаленняў ад рук першага рускага друкара да рук Ірыны Рыгораўны звязалі тонкай ніццю стагоддзі і данеслі да нас дзіўную любоў і павагу да Слова.
Дзіўна і тое, што і ўканцы XX ст. кніга працягвае выконваць менавіта тое сваё галоўнае прызначэнне, якое, перш за ўсё, бачыў у ёй першы беларускі друкар Ф. Скарына: "… людем к доброму научению … ".
У перыяд працы Пятра Мсцілаўца ў віленскай тыпаграфіі Мамонічаў былі выдадзены кнігі найбольш дасканалыя ў мастацкім афармленні. Сярод іх "Тетроевангелие", выдадзенае ў 1575 годзе. У пасляслоўі да кнігі Пятро Мсціславец дзякуе беларускім купцам Луцэ і Кузьме Мамонічам за стварэнне тыпаграфіі і адзначае, што ён змог выдаць гэтае "Евангелие" "умышлением и промышлением его милости пана скарбного Ивана Семеновича Зарецкого и брата его пана Зенона бурмистра места Виленского".
Кніга надрукавана буйным прыгожым шрыфтам. Па малюнку ён падобны на буйны паўустаў рускіх рукапісаў. Такі шрыфт упершыню быў адліты Пятром Мсціслаўцам. Пасля яго капіравалі ў Маскве, Вільнюсе, усюды, дзе друкаваліся напрастольныя Евангеллі.
П. Мсціслаўцам выкананы і арыгінальныя гравюры ў стылі маньерызму. Позы евангелістаў і іх сімвалаў манерна-выдасканаленыя. Архітэктурныя дэталі адрозніваюцца ўскладнёнасцю форм, багаццем дэкору. Іх упрыгожваюць фантастычныя арабескі. Асіметрычнасць расліннага арнаменту ў застаўках, гравюрах надае яму рытмічную рухомасць.
"Евангелле напрастольнае", надрукаванае ў Маскве ў 1601 - 1606 гг. Анісімам Міхайлавічам Радзішэўскім, з’яўляецца высокім узорам друкаванага і афармляльніцкага мастацтва кнігі. А.М. Радзішэўскі - выхадзец з Польска-Літоўскай дзяржавы - быў вельмі шматбаковай незвычайнай асобай, найталенавіцейшым самародкам, выдатным рускім інжынерам XVI - XVII ст. Тыпаграфскаму майстэрству ён навучаўся ў І. Фёдарава. Апынуўшыся ў Маскве, з 1586 г. працаваў на друкарскім двары "пераплётным майстрам". Арганізаваўшы сваю "хату", выдаў у 1601 - 1610 гг. усяго дзве, але цудоўныя кнігі. Адна з іх - выдатна аформленае Евангелле. Мастацкі ўзровень кнігі такі высокі, што яго не маглі пераўзысці ў далейшым іншыя майстры. Пачатак кожнага Евангелля ўпрыгожваюць буйныя застаўка, ініцыял і гравюра з выявай евангеліста.
Усе гравюры ў нашым экзэмпляры тонка размаляваныя акварэльнымі фарбамі значна пазней. Верагодней за ўсё, у XIX ст. Гэта была дастаткова распаўсюджаная традыцыя.
Дзівоснай дэкаратыўнасцю вылучаюцца кнігі Супрасльскага ўніяцкага Благавешчанскага манастыра. Галоўнай асаблівасцю іх афармлення з’яўляецца злучэнне цалкам розных стыляў: ад лёгкіх, вытанчаных ліній ракако да амаль манументальных форм народнага роспісу. Вельмі паказальнае ў гэтым плане "Евангелле навучальнае" 1790 г. У кнізе на 411 аркушаў прыходзіцца 273 упрыгожванні (83 застаўкі, 76 ініцыялаў, 75 маргінальных рамак, 39 канцовак). Асабліва здзіўляе выданне стылявой разнастайнасцю канцоўкі. Тут і вытанчаныя букецікі кветак, перавітыя стужачкамі, і элементы пейзажаў з птушкамі, і пуцці, што граюць на лірах, і грэчаскія вазы з павойнай расліннасцю. З імі суседнічаюць уцяжараныя кампазіцыі, якія нагадваюць дэкаратыўныя пано. Адлюстраванне буйных "рагоў дастатку", кветак, звязаных у агромністыя снапы, вялікіх вазонаў, узораў, падобных да гарбузоў, сланечнікаў, надае ім некаторую манументальнасць.
Трэба адзначыць, што элементы кніжнай графікі эпохі Адраджэння актыўна выкарыстоўваліся беларускімі друкарамі, пачынаючы з Францыска Скарыны. Акрамя таго, дэкор свецкіх выданняў пранікаў у рэлігійную літаратуру (праваслаўную, уніяцкую, каталіцкую), а адтуль і ў стараабрадніцкія выданні беларускіх тыпаграфій. Яны, у сваю чаргу, уплывалі на арнамент кніг, якія выдаваліся непасрэдна ў стараабрадніцкай тыпаграфіі ў Клінцах, створанай у 1784 г.
Актыўнае пранікненне заходнееўрапейскай культуры ў стараабрадніцкую кніжную традыцыю адбывалася не па прычыне недахопу даніканаўскіх маскоўскіх выданняў, а дзякуючы новым эстэтычным уяўленням заказчыкаў - жыхароў заходнерускіх тэрыторый, якія гатовыя былі ўспрымаць іншую кнігу.
Мясцовыя кніжнікі не толькі прынялі гэтую кнігу, але атрымалі цудоўны прыклад больш свабодных адносін да яе афармлення. У шэрагу рукапісаў адзначаецца як выкарыстанне асобных запазычаных элементаў, так і ў цэлым стылістычных напрамкаў.