Калекцыя фрагментаў дамавых упрыгожванняў (ліштвы і іх дэталі, падзоры, карнізы, вуглавыя фігуры, рашоткі брам) складаецца з помнікаў, якія паходзяць з рэгіёна Веткі, і характарызуе мясцовыя традыцыі. Большая частка экспанатаў паходзіць з адселеных у сувязі з Чарнобыльскімі падзеямі вёсак розных канфесій. Апошняя ўмова робіць калекцыю ўнікальнай. Мясцовая дамавая разьба прадстаўляе арыгінальную з’яву, якая развілася на аснове стараабрадніцкага стылю аздаблення жылля, які ўзнік тут з першымі пасяленнямі ў XVII ст. Цесная сувязь матываў і прыёмаў арнаментацыі дамоў праследжваецца з агульным мастацкім працэсам і з’яўляецца часткаю культуры Веткі.
Аднак надзвычайную разнастайнасць дэкор набывае з пераняццем гэтага стылю (большай часткаю расліннага і блізкага да ўпрыгожвання рукапісных кніг) прадстаўнікамі розных канфесійных груп мясцовага насельніцтва. Матывы разьбы ўключаюць старажытныя знакі і элементы ткацтва, ажываюць архаічныя міфалагічныя кампазіцыі. У той жа час для рэгіёна характэрна бурнае развіццё адыходных промыслаў, у тым ліку і дзейнасць будаўнічых арцеляў цесляроў і каменшчыкаў, у сувязі з чым у пералік улюбёных тэм трапляюць прывезеныя з вялікіх гарадоў матывы аздаблення ў вядомых архітэктурных стылях. Элементы барока, класіцызму мудрагеліста трактуюцца майстраміі спалучаюцца з архаічнымі элементамі.