Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый — унікальная з'ява ў культуры Беларусі і Расіі. У аснове музея асабістая калекцыя веткаўчаніна Фёдара Рыгоравіча Шклярава (1925-1988) — ураджэнца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянера мясцовай даўніны. Фёдар Шкляраў часта задумваўся пра спадчыну сваіх продкаў, таму што паняцце прыгажосці ў сем'ях стараабрадцаў было неад'емнай часткай і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Бачачы вакол сябе багацце унікальных рэчаў, якія былі практычна ў кожным доме, пачаў збіраць іх, усё адразу: каменныя тапары, інструменты, рукапісныя кнігі, карціны сучасных мастакоў, іконы, бісерныя і чаканныя аклады, тканыя ручнікі і інш.

Сярод мноства найцікавейшых экспанатаў у калекцыі Фёдара Шклярава вялікую колькасць складалі помнікі веткаўскай стараабрадніцкай культуры. Майстэрня Шклярава і ўвесь разьбяны дом, пабудаваны ўласнаручна, прыцягвалі вялікую колькасць гасцей, якія прыязджалі здалёк. Дзяржаўныя дзеячы, дыпламаты, журналісты і мастакі захапляліся калекцыяй Фёдара Рыгоравіча.

Улады заўважылі, што калекцыя выклікае цікавасць і ў замежных гасцей, таму ў лістападзе 1978 г. на аснове распараджэння №1711 Гомельскага аблвыканкама было прынята рашэнне аб стварэнні «Веткаўскага музея народнай творчасці» (такую назву музей меў да лютага 2011 г.). Фёдар Рыгоравіч стаў першым дырэктарам музея, будаўніцтва якога працягвалася да лістапада 1987 г. Адначасова і вялася велізарная пошукава-даследчая праца.

Пастаянная экспазіцыя была адкрыта 1 лістапада 1987 г. на трох паверхах у адрэстаўраваным і рэканструяваным гістарычным будынку — доме купца Грошыкава, які ўключаны ў рэестр Гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ.

Пасля адкрыцця праз Ветку прайшлі ўсесаюзныя турыстычныя маршруты, прыцягваючы па 60 тыс. наведвальнікаў у год. Аднак свайму новаму стварэнню Фёдар Шкляраў змог парадавацца роўна год. 1 лістапада 1988 г. сотні людзей прыехалі, каб развітацца з Фёдарам Шкляравым.

З 1988 г. дырэктарам становіцца Галіна Рыгораўна Нячаева. У 1992 г. музею была перададзена вялікая частка будынка былога райкама Партыі, дзе сёння размешчаны фондахранілішчы калекцый музея. У 2005 г. перададзены Веткаўскаму музею будынак пачатка ХХ ст. (Корпус №3).

У лютым 2011 г. музею было нададзена імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава. 10 снежня 2012 г. установа «Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава» перайменавана — дзяржаўная ўстанова культуры «Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава».

Своеасаблівасць музея вызначаецца тым, што ў ім прадстаўлена мастацкая культура і творчасць некалькіх народных традыцый найцікавейшага рэгіёна на паўднёвым усходзе Беларусі, перш за ўсё, праваслаўнай беларускай вёскі і стараабрадніцкай Веткі.


Веткаўскі музей сёння — навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай культуры. На 1 лютага 2021 г. у фондах музея налічваецца больш за 13 тысяч музейных прадметаў (АФ - 7021, НДФ - 6345). Навукова-даследчая праца музея прысвечана вывучэнню стараабрадніцкай культуры і культуры беларускай вёскі:

  • Разглядаецца веткаўская школа іканапісу і старажытная мастацкая культура кнігі;
  • Вывучаюцца традыцыйныя тэхналогіі, семантыка беларускага арнаменту, народнае ткацтва ў кантэксце фальклорных і абрадавых традыцый;
  • Збіраюцца матэрыялы па духоўнай культуры рэгіёна;
  • Сістэматызуюцца экспедыцыйныя матэрыялы. Яны актыўна выкарыстоўваюцца ў навуковай, публіцыстычнай і асветніцкай дзейнасці (фонд аўдыя- і відэазапісаў налічвае сотні гадзін фіксацыі).
  • Дзейнічае Школа традыцыйнай культуры «Аз-буки-веди»;
  • Арганізаваны цэнтр па захаванні і адраджэнні рамёстваў (вывучэнне і аднаўленне тэхналогій старажытных рамёстваў, перш за ўсё, мясцовых традыцый ткацтва);
  • Дзейнічае рэстаўрацыйная майстэрня. Спецыялістамі музея праводзяцца рэстаўрацыйныя работы па кансервацыі, раскрыцці, аднаўленні ікон, бісерных акладаў, прадметаў з металу, побытавых прадметаў з дрэва, рэстаўрацыя тканін;

Усе праекты музея — вынік асабістых распрацовак калектыва музея. Дзякуючы творчым дасягненням сваіх супрацоўнікаў Веткаўскі музей застаецца «жывым» і цікавым — нездарма ён лічыцца адной з жамчужын Беларусі: з 2004 г. ўключаны ў турыстычны маршрут «Золотое кольцо Гомельщины».

Музей гатовы сустракаць значна вялікую колькасць гасцей і запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых у вывучэнні і папулярызацыі багатай спадчыны традыцыйнай культуры Беларусі, а таксама жадаючых і здольных аказаць падтрымку ў справе выратавання і захавання ўнікальных памятнікаў, на якія багатая наша зямля. Высокі мастацкі і духоўны патэнцыял напрацаванай продкамі спадчыны павінен перадавацца як набытак сучаснаму пакаленню. Гэта асабліва важна для моладзі, для якой усведамленне ўласных культурных каранёў — крыніца сілы і ўпэўненасці ў будучым. Замежным жа гасцям заўсёды важна знаёміцца з культурай краіны, куды яны прыехалі. Менавіта праз культуру і выяўляецца народ, адкрыты для зносін.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика