Археалагічныя калекцыі музея невялікія, у апошнія гады актыўна папаўняюцца. Іх асаблівасць — вывучэнне і прадстаўленне па профілі даследаванняў: вытокі рэгіянальнай мастацкай культуры і семантыка арнаменту.
Унікальная калекцыя касцяных і рагавых вырабаў, мяркуецца, эпохі мезаліту. На некаторых прыладах — першыя для нашых зямель узоры арнаменту. Да эпохі бронзы адносіцца частка каменных прылад і керамікі (урочышча Стрэліца Веткаўскага раёна).
Гісторыя славян прадстаўлена калекцыяй керамікі, прылад, упрыгожванняў радзімічаў з курганнага магільніку і свяцілішча Каменная Гара (в. Чамярня Веткаўскага раёна). Гісторыя горада Веткі XVII-XVIII стст. удакладняецца знаходкамі падчас правядзення будаўнічых работ на тэрыторыі горада.