У калекцыю ўваходзіць крыху больш за 100 рукапісаў асноўнага фонду і 25 - навукова-дапаможнага. 50% гэтага збору складаюць пеўчыя рукапісы XVIII - XIX ст., якія захавалі старажытны спосаб запісу музыкі - "крукавую натацыю". З іх палова - кнігі пастаяннага складу - Празнікі, Актоіхі, Ірмалогіі, большая частка з якіх датуецца 1-й паловай XIX ст. Да рукапісаў непастаяннага складу адносяцца Фітнікі (Азбукі пеўчыя), Абіходы, Сціхіры, Тразвоны.
Другую групу кніг складаюць рукапісы XVI - пачатку XX ст. не пеўчага характару. Сюды ўваходзяць Зборнікі жыційнай літаратуры, павучэнняў святых айцоў, аповесцяў, летапісаў; Каноннікі, Святцы, Шастадневы, выпіскі са Старога запавету, Зерцала, Бісер, Евангеллі, вершы духоўныя і т.п.
Самыя раннія рукапісы датуюцца 1-й паловай - сярэдзінай XVI ст. Гэта Евангеллі, створаныя, верагодней за ўсё, у скрыпторыях буйных беларускіх манастыроў, упрыгожаныя ў балканскім, новавізантыйскім, раннім рускім стылях.
Самы позні рукапіс датуецца 1916 - 1918 гг. Гэта таксама Евангелле, перапісанае ў адной з веткаўскіх слабод. Чатыры мініяцюры з выявай евангелістаў з’яўляюцца сапраўдным упрыгожаннем кнігі. Стылістыка гэтых мініяцюр яўна арыентавана на старажытныя ўзоры пачатку XV ст.
Сярод зборнікаў, якія часцей за ўсё даюць надзвычай цікавы матэрыял, самым унікальным з’яўляецца зборнік пад назвай "Бісер", напісаны ў 1846 - 1847 гг. Міхаілам Слаціным з Клінцоў. У яго ўключана арыгінальнае стараабрадніцкае сачыненне палемічнага характару.
Унікальнасць калекцыі рукапісных кніг заключаецца ў тым, што амаль усе яны створаны тут, на Веткаўскай зямлі, акрамя таго, рукапісы першай групы ўпрыгожаны арнаментам (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі), выкананым у веткаўскім стылі мастацкага афармлення рукапісных кніг.
"Здесь она будет дома … ". Так сказаў, пабываўшы ў Веткаўскім музеі, апошні ўладальнік унікальнага рукапісу сярэдзіны XVI ст. Васіль Вікуловіч. Вымавіўшы гэтыя словы, ён абазначыў дальнейшы лёс кнігі, якую беражліва і трапятліва захоўваў у сябене адзін дзясятак гадоў як памяць аб сваёй малой радзіме. Кнігі, якая цудам захавалася пасля закрыцця царквы ў слабадзе Касіцкай. Раскошнае Евангелле XVI ст., як і ўсе царкоўныя кнігі, было прыгаворана да знішчэння.
"У 1935 г. у нас у вёсцы Касіцкай закрывалі царкву Сергія Раданежскага. Усе кнігі загадалі светару Іёсіфу Чалаву забраць і прымусілі згрузіць іх каля яго дома, за імі павінны былі прыехаць. Двое сутак вялізная куча кніг ляжала на вуліцы. Хто рызыкаваў, дык ноччу выцягваў з яе, а так усе баяліся чапаць. Праз два дні падышла падвода, кнігі пагрузілі і павезлі за Касіцкую. Там гліняны кар’ер быў, вось туды іх выкінулі і засыпалі. А столькі было вялікіх кніг, размалёваных, у кожаных пераплётах!"
Кнігі ва ўсе часы раздзялялі "огнепальные" лёсы стараабрадцаў. У "Праздниках певчих", напісаных у слабадзе Агародні ў пачатку XX ст. На адным з апошніх пры пераплётных лістоў чытаем: "Сия книга была обречена к сожжению колеблющимися совестию младоумными. По внушению Божию спасена 1937 года не одна а пять книг, Боброва Мария Тим[мофеевна]".
Такога ўзроўню рукапісы, дайшоўшыя да нас, няхай нават у адзінкавых, рэдкіх экзэмплярах, гавораць аб тым, наколькі багатыя былі зборы стараабрадніцкіх цэркваў. Менавіта гэтая знаходка сведчыць, што падобныя старажытныя рукапісы цалкам маглі ўплываць на мастацтва мясцовых майстроў і ў позні час.
Усё ў гэтай кнізе гаворыць аб тым, што месца яе стварэння - буйны манастыр. Менавіта там існавалі шматвяковыя традыцыі кніжнага мастацтва. Пісалі і ўпрыгожвалі манускрыпты звычайна ў скрыпторыях, дзе кожны майстар выконваў сваю частку "мастацтваў". Праца пісца на гэтых старонках уражвае майстэрствам. Шчыльная, шаўкавістая на вобмацак папера з філігранню 1-й паловы XVI ст. - вепрам, сімвалам сонца. Незвычайнай прыгажосці шрыфт. Цудоўны арнамент, выкананы ў балканскім стылі. Часткі ўзораў і шрыфту, вязь у загалоўках пакрытыя ліставым золатам. Шматкаляровыя ініцыялы сплецены з "раменьчыкаў", якія прарастаюць атожылкамі. Плеценыя ў мудрагелісты ўзор і застаўкі. Агульны сэнс пляцення ўзыходзіць да глыбокай старажытнасці. Так перадавалася не толькі вышэйшая мудрасць - "прамудрасць", недаступная для непасвечаных. Узор ператвараўся ў абярэг, які перагараджаў шлях злу. Здаўна існавалі ўяўленні, што нашкодзіць можна толькі "развязаўшы ўсе вузельчыкі" сеткі-мярэжкі. Сімвалічныя фігуры ў спляценнях узмацняюць засцерагальныя ўласцівасці арнаменту і нясуць "таемны" сэнс. "Ирмологий" - самы ранні рукапіс XVIII ст. з фондаў ВМСіБТ.
Кніга неаднаразова перапляталася, і яе блок, на жаль, абрэзаны на столькі, што закрануты арнамент. Гэта прывяло да парушэння кампазіцыйнай цэласнасці ліста іскажэння яго прапарцыянальных суадносін з арнаментам. Таму што шырокія палі з’яўляліся неабходным мастацкім кампанентам.
Усе застаўкі і буквіцы выкананы на высокім прафесійным узроўні. Гэта, як і тое, што яе аўтарам з’яўляецца інак Феданорт, дае аснову меркаваць, што напісана яна ўадным з веткаўскіх манастыроў.
У аснове дэкору прагледжваецца старадрукаваны арнамент. Асабліва гэта датычыцца заставак. На прыкладзе гэтага рукапісу можна назіраць вынік яго ўзаемадзеяння са стылем позняга барока, які злучае строгасць геаметрычных ліній з бурным, пышным раслінным узорам, які разрывае і прарывае гэтую геаметрыю.
Кампазіцыі заставак дзеляццана два віды. Першы - з выявай у цэнтры двух’ярусных вазонаў: з верхняга вырастае стылізаваная кветка, а з ніжняга сіметрычна расходзяцца туга закручаныя галіны, якія заканчваюцца падобнымі вазону шарамі. Двайная выява вазонаў як бы ўзмацняе тэму прарастання. Другі тып прадстаўляе два буйныя паўкругі, якія завяршаюцца акантавымі завіткамі, прадзетымі праз прамавугольныя формы. Геаметрыя рамкі, якая абмяжоўвае арнамент, падкрэсліваецца цэнтральнай прамой лініяй. Прамавугольныя формы быццам спрабуюць стрымаць пругкую раслінную энергію.
Вельмі цікавыя і своеасаблівыя ініцыялы ў гэтым рукапісе. Яны абрамлены найдрабнейшым ажурным акантавым лісцем. Ініцыял "В" літаральна створаны з іх хвалепадобнага патоку, які пераходзіць у маргінальную застаўку, падобную на магутную, пышна прарослую галіну. Штамбы некаторых буквіцаў, напрыклад, "Н", "И" пранізаныя скрозь вертыкальныя адтуліны стужкавым арнаментам. Гэты прыём, які з’яўляецца характэрнай рысай у арнаменце рускага барока XVII ст., стане ўлюбёным у мясцовай традыцыі на працягу ўсяго XVIII - XIX ст. Але з проста вытанчанай дэталі ён ператворыцца ў цэлую тэму, напоўненую сімволікай пераадолення расліннай сілай перашкоды. Як скрозь зямлю, праз плоскасць ініцыялаў прарастаюць узоры райскага саду.
Што датычыцца каларыту "Ирмология", то ў ім аддаецца перавага мяккім, пастэльным танам чырвонага, зялёнага, аранжавага, карычневага, сіняга, што надае асаблівую цеплыню агульнай гаме. І хаця некаторыя застаўкі літаральна паўтараюцца, розны колер іх расфарбоўкі і фонаў робіць арнамент непазнавальным. Асабліва эфектныя ўзоры на чорных фонах. Яны становяцца аб’ёмней, лёгка чытаюцца. Да лепшых рукапісаў 1-й паловы XIX ст., адназначна, можна аднесці "Праздники певчие", напісаныя на паперы 1822 - 1823 гг.
Дэкаратыўнасць гэтага рукапісу дасягае свайго найвышэйшага ўзроўню. Здаецца, майстару падуладныя ўсе дзіўныя формы разнастайнага расліннага арнаменту, у адлюстраванні якога ён прымяняў фантазію. Каб вылучыць, падкрэсліць іх прыгажосць, ён выкарыстоўвае каляровыя фоны: чорны, карычневы (светлы і цёмны), аранжавы, вохрысты, светла-зялёны. Сустракаюцца двайныя фоны: у рамцы і ўнутры самога ўзору. Як і ў рукапісах XVIII ст., фон дадаткова ўпрыгожаны кропкавым арнаментам, але, акрамя таго, тут самі раслінныя элементы ў многіх застаўках і буквіцах таксама прапрацаваны сетачкай, рысачкамі, сняжынкамі, зорачкамі, кружочкамі і т. п.
Вельмі рытмічны, не здроблены дэкор буйных заставак і буквіцаў поўны энергіі, якую майстару ўдалося захаваць на працягу ўсёй кнігі. Пругкія спіралепадобныя завіткі, якія заканчваюцца рознымі бутонамі, закрытымі і раскрытымі стручкамі, "макавымі галоўкамі", ужо нясуць у сабе сімволіку схаванай расліннай сілы, здольнай далей працягвацца новым ростам.
Кніга не проста багата ўпрыгожана застаўкамі, буквіцамі, канцоўкамі - яна з’яўляецца вобразным увасабленнем райскага саду. Дэкаратыўныя матывы суседнічаюць у канцоўках з рэальным пейзажам - кустамі, травамі. Усё разнастайнае па паходжанні арнаментальнае багацце пераўтворана ў прастору, асяроддзе пражывання дзясяткаў жывых істот - рэальных і міфалагічных. Сокалы, вешчыя зязюлі, пеўчыя птахі клююць ягады, чысцяць пер’е, спяваюць, хаваючыся ў густых перапляценнях арнаменту.
Па буквіцы, як па дзівосным дрэве, паміж птушак скачуць вавёркі. Пад квітнеючым кустом быццам размаўляюць паўлін і пава. Гэтыя сімвалы бессмяротнасці поўныя рэальнага жыцця і надзвычай прыгожыя. Мастак пісаў іх з усёй свабодай фальклорнага ўяўлення. Так праяўляў сябе "жывапісны" стыль веткаўскіх кніжных майстроў.
Плеценая канцоўка - водгалас старажытнай эпохі плеценага кніжнага арнаменту. На парастках сплеценага ромба дзве птушкі. Смелы дзённы сокал і мудрая начная сава, якія сімвалізуюць пачатак і канец, "альфу" і "амегу". Нашы продкі верылі, што першая і апошняя літары прадстаўляюць увесь алфавіт, выяўляючы ідэю цэласці, паўнаты і завершанасці. Усё гэта - аснова і сутнасць кніжнай сакральнай прамудрасці.
Надзвычайна прыгожы і каларыт гэтай кнігі, які вылучаецца рознымі адценнямі зіхатлівага бірузовага колеру, што гарманічна спалучаецца з кінавар’ю і вохрай. Падобны каларыт назіраецца і ўстаражытных рукапісах, чые традыцыі працягвалі веткаўскія кніжнікі.