Апублікавана ў часопісе «Мастацтва»
Люты, 1997
Галіна Нячаева
На традыцыйных тканінах свет звычайна мадэлюецца ў двух вымярэннях (трэцяе, чацвёртае і г. д. узнікаюць падчас абраду, калі той жа ручнік размяшчаецца ў прасторы, праходзячы праз верх — ніз ці неяк інакш). Але і ў сваім двухмерным выглядзе тканы Сусвет мае спод, выварат, тагасветнае існаванне.
Больш за ўсё на стварэнне падобнай «мадэлі сусвету» паўплывала тэхналогія бранага ткацтва.Узорная чырвоная нітка брання (набірання, набору) быццам дае нырца і зноў вынырвае на паверхню. Але там, дзе яна нырнула, белая частка тканіны застаецца толькі з гэтага боку, бо нітка, а з ёю нейкая фігура вынырнулі з іншага. Нават сучасныя неглюбскія майстрыхі ведаюць: «Калі з гэтага боку «лапа», то з другога «елка», гэта заўсёды… » Сусвет бранага ткацтва не мае пустаты, і ўсе ягоныя «экалагічныя нішы» заселены вельмі шчыльна (малюнак 1).
Калі з гэтага боку «лапа», то з другога «елка»…
Белы колер належыць Таму Свету, нябеснай, незямной прасторы Таго Боку, куды перайшлі нашыя продкі. Ці не з'яўляюцца вядомыя нам з паданняў і сноў белыя або наогул нябачныя істоты праявамі на гэты бок-свет сілаў Таго?
Ручнік з вёскі Барталамееўкі Веткаўскага раёна, якой больш не існуе, выкананы не ў тэхніцы бранага ткацтва, а аднабаковым пераборам, па-мясцоваму, «закладаннем». Але ў тым, што на ім пераважаюць геаметрычныя асновы вобразнай мовы, ён наследуе браную «пабудову Свету» (малюнак 2).
В. Бурмістрава. Ручнік. Веткаўскі раён, в. Барталамееўка, 1920-ыя гады.
Паміж галінамі Яго Дрэва па гарызанталі, люстэркава, галовамі адна да адной ясна прачытваюцца дзве белыя постаці. Так маглі выяўляць стрэчны рух. Галовамі ў розныя бакі хавалі памерлых мужа і жонку радзімічы. Рукі фігур узнятыя ў маленні, іхнія твары з адным крыжам па цэнтры «агнявідныя». Гэты тып добра вядомы ў вышыўцы, асабліва паўночнай — рускай і беларускай. Калі прыгледзецца, можна заўважыць, што крыжоў-«крясоў» не два, а чатыры (два на «вянцах» постацей). Іхнія чэравы ці паясное адзенне выглядаюць як ідэаграмы засеянага поля, нівы.
Фігура, размешчаная паміж галінамі «Купальскага дрэва».
А цяпер больш пільна ўгледзімся ў самое Сусветнае Дрэва. Яно ўяўляе сабою васьміканцовы крыж — найстаражытнейшую ідэаграму-мадэль Сусвету і з'яўляецца цэнтрам кампазіцыі ўзору. Майстрыха, разумеючы сэнс гэтага шматтысячагадовага сімвала, выканала «дыяганальныя галіны хряста» ў выглядзе крылаў-лісця. Звычайна раслінная сіла тчэцца ці вышываецца менавіта ў дыяганальных галінах. Сёння майстрыхі называюць гэтыя часткі фігуры «лісцейкам» нават тады, калі ўся фігура цалкам геаметрызавана і завецца «павуком» (у вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна).
Вялізны прамы крыж быццам пакрывае касы крыж «казла». Але, па сутнасці, яны зыходзяць з аднаго: з падвоенага семені ў цэнтры. Матыў падвоенага семені, як і магія чатырох крыжыкаў (яны трапляюць на «лікі» белых постацей), сведчыць пра надзвычайнасць стварэння самога Дрэва, як быццам народжанага з сутыкнення верхняга і ніжняга пачаткаў. Разам атрымліваецца «папараць». Адна з назваў папараці — «арлец». Ды і само слова «папараць» азначае «крылле». А касы крыж на мове ткачых і вышывальшчыц — «казёл». Тут дарэчы нагадаць, што і арол, і казёл — ездавыя Перуна. Што да чатырох крыжыкаў — гэта знак яго вогненнага ўвасаблення-апладнення (чатыры — лік, чацвер — дзень грамаўніка). Прамы крыж — «крес» (гэтае слова захавалася на Веткаўшчыне і ў множным ліку: крясы — перакрыжаванне, яно ж «хрясты») — літаральна: намечаны, нацэлены ў цэнтр. Вогненнае семя зараз жа множыцца ў два зярняткі (спарыш?) і прарастае магутным касым крыжам — зямным увасабленнем прамога нябеснага крыжа — «креса». Сонцаварот абазначаецца моцным і невядомым нам рухам: у цэнтр — з цэнтра.
Здвоены крыж, які мінімум тройчы абыгрываецца ў цэнтры, — таксама сімвал сонечных колаў, што яшчэ раз паказвае на магчымую прымеркаванасць выявы да Купалля (малюнак 3).
Частка ўзору (цэнтр): сістэма крыжоў і колаў.
Але тут мы зноў у прасторы вольнай інтэрпрэтацыі, бо не ведаем дакладна, ці сапраўды на ручніку ўвасоблена выява папараці, ці сапраўды ручнік ткалі менавіта да Купалля, як, зрэшты, не ведаем і дакладнай пароды Сусветнага Дрэва. Уся сіла касмічных зносінаў паміж небам і зямлёю пераходзіла з дрэва на дрэва, з аб'екта на аб'ект, увасаблялася то ў траецкіх бярозе ці абагульненым «кусту», то ў дубе. Ды і назвы месяцаў — травень, ліпень, верасень — назвы больш чым проста батанічныя ці гаспадарчыя.
Дрэва на ручніку, пра які мы вядзем гаворку, можа быць і дубам. Але ў тым, што мы маем выяву аднаго з двух сонцаваротаў, якія «адказвалі» за плоднасць зямлі (веснавой сяўбы, летняга завязвання зярнят і пладоў), сумнявацца не даводзіцца. Тэма блізнятаў успрымаецца тут як водгук эратычных звычаяў у купальскую ноч, падчас росквіту яшчэ адной міфалагічнай расліны — «Брат і сястра» («Іван-ды-Мар'я»).
Варыянт «Дуба» звяртае нашую ўвагу на дзве закладзеныя ў гэтым арнаменце старажытныя тэмы. Дрэва тут з'яўляецца сумай двух спосабаў яго выяўлення: Крыж — «выгляд зверху (ці знізу)» («план Сусвету») і трох'ярусны «выгляд збоку» (пастулат «ніз—сярэдзіна—верх»). Агульным у абодвух выпадках і нязвыклым для нас з'яўляецца тое, што кожны раз перад намі паўстае не чарцёж-выява стану ці векавечнасці Сусвету, а «план» яго стварэння. Моц старажытнага імпульсу такая, што і сёння архетыпічныя сімвалы падштурхоўваюць да стварэння сістэм, якія здольныя развівацца.
«План» мы разгледзелі вышэй. «Від збоку» падкрэслівае наяўнасць у Дрэве сусветнай восі. Некаторыя лічаць, што паняцце Перуна-Дуба, праз цела якога праходзіць гэтая вось (а вакол яе кружыцца Сусвет), да славян прыйшло ад скандынаваў. Гэтую тэму звязваюць з ваенным дружынным статусам грамаўніка («Уседзяржыцеля», «Пантакратара»).
А цяпер колькі маіх асабістых назіранняў. Многія з тых, хто вырас на берагах суднаходных рэк, яшчэ памятаюць «капітанскія» дубы, што стаялі на далінах паміж петлямі рэчышча. Менавіта ў дубах «на гладкой вышине» відавочна «працаваў» гэты «скандынаўскі» сімвал, бо дрэвы падчас павольнага плавання па рацэ заставаліся нерухомымі, і вакол іх плыў і кружыўся ўвесь бачны свет: ад бліжняга берага да далёкіх і, здавалася, блакітных лясоў. Дарэчы, гэтыя дрэвы высеклі апошнімі з-за таго, што на іх арыентаваліся капітаны суднаў яшчэ ў XX стагоддзі. I «скандынаўскае» ў вобразах дрэваў я звязваю хутчэй з сугучным скандынаўскім «рачным» варыянтам культуры. Нашыя рэкі былі не толькі шляхам для варагаў, але і шматтысячагадовым вобразам быцця і космасу.
Так ці інакш, у арнаменце ёсць агульначалавечы сімвал Сусветнай Восі, прычым падкрэслены менавіта мужчынскі варыянт Дрэва (прамое жазло). Калі лічыць матыў падвоеных крыжоў (крыжоў у ромбах) праявай тэмы сонечных колаў, то гісторыя сімвала паглыбіцца яшчэ на 2-3 тысячагоддзі. (На восі сонечнай калясніцы абарочваецца свет у «Рыгведзе». Калясніцаю кіруюць блізняты — Ашвіны.) Дарэчы тут нагадаць, што тэма божага вяселля, якое едзе на сонечным возе, лічыцца балта-славянскай міфалагемай, а культ вогненнага кола ў народнай культуры дайшоў да нашага часу.
Пра тое, што перад намі сапраўды нейкая Перунова дзея, гаворыць і «суправаджэнне» галоўнага сюжэта. Трайны паўтор вогненнай кветкі ці зоркі, якая завецца на ручніках «васьмірогам», трайныя вогненныя крыжыкі нясуць у сабе энергію малітвыз яе трайным паўторам. Самі васьмірогі звычайна займаюць пазіцыю паміж сакральным цэнтрам (Нянашай зямлёй) і зямным ярусам. Гэта, па нашых назіраннях, мужчынскія знакі, «абаронцы» і «стражы», іх стыхія — паветраныя з'явы.
Тры асноўныя паласы ўзору падзелены дапаможнымі «калодкамі» — палоскамі, арнамент якіх, як здаецца, часцей за ўсё — магічны каментарый і рэмаркі да таго, што «адбываецца» на палосах «хрястах»: «хрясты» і «калодкі», дарэчы, не змешваюцца ў «сусвеце» неглюбскага ткацтва. Калодкі чырвонай часткі ручніка запоўненыя «глухоўкамі» — ромбікамі тайнага і невядомага «замкнутага» дзявоцкага пачатку (гэтаксама выглядаюць знакі кропель дажджу ці расы, непрарослага насення). Але «глухоўкі» размешчаны так, што яны ўспрымаюцца як часткі «вочак» («воўчых» або «валовых»). I ручнік застаецца скрозь відушчым. Няясна, ці гэта толькі семя, з якога ўзраслі кветкі-зоркі-Перуновы васьмірогі, ці вядомая ахова з дапамогай мноства вачэй, ці знак таемных паглядаў з Таго Свету, а можа і знак звышвідушчасці жрыцы-ткачыхі? Зрэшты, у іканапісе мы сустракаем выяву «колаў многаачытых». А ў мясцовым шытве «саджалі каменнямі» каймы адзення, і такія каштоўныя каменьчыкі і шкельцы зваліся … «глазкі».
Калі параўнаць белую і чырвоную часткі ручніка, відаць, што за тою ці іншаю часткаю быў замацаваны пэўны ўзор. «Нябесная» частка свяшчэннай тканіны затканая палосамі-калодкамі, якія не аднясеш да «каментарыя». Тут чаргуюцца «стрэльныя» ўзоры і палосы, дзе ў пары размешчаны вогненныя «хрясты» і «катушкі». Стралу можна ўспрымаць тут як атрыбут Перуна ці Зеўса, а можна як назву абраду ў мясцінах, адкуль паходзіць ручнік. Крыжыкі з катушкамі — «калёскамі» — прыкмета тых кампазіцый, дзе рэканструюецца сонечная калясніца.
Такім чынам, калі верыць суме атрыбутаў, на «нябесных хлябях» ручніка мы бачым знакі шляху грамавога бога, які павінен з'явіцца на вогненным возе. Вядома, інтэрпрэтаваць той ці іншы ўзор мы можам толькі з пэўнаю доляй верагоднасці. Але што датычыць супастаўленняў з вядомымі фактамі археалогіі ці этнаграфіі, тут мы імкнёмся быць максімальна дакладнымі. Вяртаючыся да рамантыкі чытання, прыгадаем словы пра Іаана Хрысціцеля (пра Івана Купалу): «Се, посылаю ангела моего приготовить путь мой!».
Безумоўна, перад намі вобраз Сусветнага Дрэва, прычым у момант, калі падчас рытуалаў асаблівага яго шанавання ў Дрэва ўсяляецца магутная касмічная сіла. У гэты момант яно становіцца сусветнай воссю, на якой абарочваецца акрэслены цыкл (г.зн. кола!) часу, напрыклад, веснавыя ці летнія работы і з'явы чалавечага жыцця (люстэркавасць кампазіцыі ёсць праява кола, круга і менавіта рытуальнай сітуацыі).
Нам добра вядомая сіметрыя часу паблізу Свята, калі адлік вядзецца «Да… » і «Апасля (ці «Па»)… » Гэты адлік прыняты і ў царкве. «Нашае» Дрэва, такім чынам, не толькі Сусветнае, а «Су-Святнае».
Белыя постаці — гэта, магчыма, тыя светлыя святыя (бо памечаныя вогненнымі крыжыкамі) істоты, хто «нявідзіма прадстаіць» бачнаму Святочнаму Дрэву і моліцца за нас. Можа, і нашыя продкі Там, на тым баку, яны іншыя, але Дрэва мае карані, ад якіх — усё … што тут. I нарэшце: выявы «паяснога адзення» белых фігур нагадваюць і насып-курган, на якім стаіць Дрэва…