- Такой выставы лялек у Гомелі яшчэ не было, - кажа дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева. І гэта сапраўды так: насуперак звыкламу, стандартнаму экспанаванню Веткаўскі музей у сваім філіяле не проста паказаў лялькі рознага кшталту і розных часоў стварэння, а ўнёс іх у адмысловы кантэкст.
Так, гульнёвая дзіцячая лялька прадстаўлена ў стылізаваным “дзіцячым кутку”, лялька прафесійнага тэатра – сярод макетаў сцэн і афіш спектакляў, а ў імправізаванай майстэрні мастачкі Наталлі Палунінай-Барысевіч можна пабачыць не толькі лялькі, але і тое, як яны “нараджаюцца”, і г. д. Але ж вытокі любой лялькі – у сівой старажытнасці, рэшткі якой, захаваныя ў памяці людзей, таксама прадстаўлены на выставе. Гэта лялька-“абрыгена” (ці “аберагена”, то бок абярэг, Берагіня) якую рабілі ў в. Пералёўка, а таксама абрадавыя лялькі – травяная і з анучак. Апошнія выкарыстоўваліся ў некаторых вёсках у абрадзе Пахаванне стралы.
- У некаторых месцах "страла" – гэта манеты, пацеркі нейкія, грабянец, яшчэ нешта – тое, што закопваюць у жыта, каб яно добра расло і каб гром з маланкай не папалілі яго. А ў некаторых месцах – мы былі вельмі здзіўленыя – нам сказалі, што ў іх не стралу хаваюць, а ляльку. І зрабілі ляльку проста пры нас. Мы прыязджалі наўмысна і глядзелі, як яны аплакваюць і закопваюць яе ў зямлю, - узгадвае Галіна Рыгораўна.
Асаблівай душэўнасці надалі адкрыццю выставы Сяргей Барсевіч і яго жонка Наталля Палуніна-Барысевіч. Сяргей Міхайлавіч ужо выстаўляў у нашым філіяле сваю калекцю грамафонаў, а на выставе “МоЯ КУ-КУКОЛКА” ён распавёў пра лялькі з Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, некаторыя з якіх зрабіў уласнаручна. Ён на хвіліну удыхнуў у іх жыццё, як гэта робіць лялечнік, а разам з марыянеткай нават памаршыраваў і паспяваў рэвалюцыйную песеньку.
Мастачка Наталля таксама прымала ўжо ўдзел у адной з нашых выстаў пад назвай “Аўтарская лялька”. Цяпер жа яе калекцыя незвычайных і ўнікальных лялек крыху пашырылася і зноў радуе вока нашых наведнікаў. Наталля прызнаецца, што гэтыя лялькі – своеасаблівыя гісторыі пра яе саму.
- Я кажу акаляючаму свету “Вось, паглядзіце, якая я!”. Вось я так умею, я магу хадзіць у маміных туфлях, я магу хадзіць з голым пузам… Кожная лялька мае сваю гісторыю, якую можна распавесці. Вось стаіць дзяўчынка, трымае шарык. А чаму ў яе грудзі і сандалі дзіцячыя? А чаму ў яе калготкі не падцягнутыя? А можа, гэта не шарык, а яе жывот? Яна што, цяжарная?..
І гэтае шчырае раскрыццё свайго “Я” мастачкі праз лялькі робіць іх яшчэ больш блізкімі для гледача. Запрашаем усіх пабачыць гэта на свае вочы, адчуць і пераканацца: выстава будзе працаваць да канца верасня.
Акцёр-мім Андрэй Вяршынін запрашае мінакоў на адкрыццё выставы