Адзін у полі не воін – у апошнія часы гэта народная мудрасць не раз абвяргалася дзейным і творчым удзелам асобы. Колькі вядома такіх непасед, якія здолелі сур'ёзна змяніць звычайны ход гісторыі. Імя веткаўчаніна Фёдара Шклярава, стваральніка мясцовага музея, – якраз з гэтага шэрагу.

Адна веткаўская дама з мясцовай кіраўніцкай эліты ў 1970-х гадах вымавіла фразу, якая стала крылатай: «Не было ў Ветцы музея трыста гадоў, і яшчэ трыста гадоў не будзе». Гэта быў крык душы, не абцяжараны гістарычнай памяццю. Аднак, маятнік ужо вяртаўся: падобныя Шкляраву, з прыроднай упартасцю і жыццёвай кемлівасцю абыходзілі невуцкіх клікуш і рабілі-рабілі самае важнае ў жыцці. Час паказаў, што хутчэй рассыпаўся той, знешне больш пераканаўчы, але пабудаваны на пяску, будынак дзяржсістэмы, які адмаўляў папярэднюю культуру. Не атрымалася пры такім падыходзе пабудаваць культуру будучыні. Нават сучасную і своечасовую не ўдалося вызначыць. І таму, сапраўдным аказалася тое, што здолела выжыць, дзякуючы такім, як Шкляраў, збіральнікам і захавальнікам сусветных каштоўнасцяў. Яны ставіліся да аднаго пакалення стваральнікаў: на акадэмічным узроўні – Сяргей Аверынцаў, Юрый Лотман, Мікіта Талстой, Дзмітрый Ліхачоў, а на мясцовым, яны – шматлікія «чудаки», па трапным вызначэнні Васіля Шукшына, – захавальніка мясцовых паданняў. Ім не трэба было перашкаджаць – важная ўмова існавання унікальных асабістых праектаў, але нават калі перашкаджалі, яны прымудраліся знаходзіць нетрывіяльныя і творчыя адказы на выклікі сістэмы. Гэта было так непадобна на ўмоўны рэфлекс большасці.

У Шкляраве, як у любым чалавеку, сутыкаліся розныя стыхіі. У яго нястрымнасьці можна было бачыць і разбуральны, і стваральны пачатак. Любоў да зямлі, да роднай Веткаўшчыны, амаль фізічна можна вызначыць у жывапісных палотнах па пастозным мазкам, чыстым колеры, экспрэсіі. І гэтая патрабавальнасць да выразнасці пераносілася і на навакольных. Шкляраў шмат даваў, але шмат і патрабаваў. Яго бессаромнасць ў адносінах з начальствам цяпер бы дорага абышлася любому кіраўніку нізавога звяна культуры. Фёдар Шкляраў вырас у асяроддзі, дзе ўмелі шанаваць годнасць і гонар, пазнаваць і развіваць у чалавеку сапраўдную свабоду, пры ўсёй канфліктнасці. Ён востра рэагаваў на сцярвовасць і хамства. Маючы такую буру талентаў, запалу і амбіцый, ён бы ўсё жыццё мог удасканальвацца і самавыказвацца. Але, не быў бы ён чалавекам супольнай стараабрадніцкай культуры, магчыма так і здарылася б. Шкляраў жа паступіў інакш – стварыў музей, такім чынам запраграмаваўшы культурны працэс будучыні. Адна з яго знакамітых «стваральных» фраз, якая стала дэвізам адмысловага Веткаўскага стаўлення да экспаната: «У нас у музеі будзе не так як у казённых будынках» – дзейнічае дагэтуль. Разам з рэччу ў музей «прыходзіць» і аўтар. Ва ўсякім выпадку, мы робім усё, каб даведацца аб ім, безыменным далёкім продку, як мага больш. Таму, экспазіцыя становіцца «пераклічкай» незлічоных розначасовых мастацкіх «галасоў» і сэнсаў.

У музеі выдатна разумеюць, што чалавек, выхаваны на самых высокіх прыкладах мясцовай мастацкай культуры, няхай гэта будзе стараабрадніцкая ікона, беларускі ручнік, старадрукаваная кніга, – не зможа быць прыладай пасрэднасці. Уласна, гэта была асноўная задача Шклярава – выхаваць годнае пакаленне беларусаў. Застаецца яна такой і для цяперашняга калектыву створанага ім музея.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика