Супрацоўнікі Веткаўскага музея супольна з гомельскай філіяй Таварыства беларускай мовы зладзілі ў нашым філіяле дзіцячую калядную вечарыну. Зоркі вечарыны – музыкі вандроўнага аркестрыка “Вурай” – творча і, разам з тым, не адыходзячы ад нацыянальных традыцый прадэманстравалі дзецям, што такое калядаванне па-беларуску.
Тут былі і калядоўшчыкі з механошам, і традацыйнае “паміранне” Казы з яе адорваннем, і калядныя песні, і нават Мядзведзь са Смаргоні. Акрамя таго, дзеці актыўна ўключаліся ў прапанаваныя ім беларускія гульні і карагоды.
Другая частка праграмы – сустрэча з Дзедам Марозам. Дзеці пяюць песні і распавядаюць вершы Дзеду Марозу па-беларуску, па-руску і нават па-ангельску ды атрымліваюць за гэта ад яго падарункі. Апошні карагод – і ўсе з усмешкамі на тварах і падзякамі разыходзяцца па дамах.
- Нам у вас вельмі спадабалася. Такія дзеці актыўныя! – дзеліцца з намі ўражаннямі на развітанне Сяржук Гаюн, лідар гурта ”Вурай”. Спадзяемся, што яшчэ не раз пабачым у Гомелі гэтых вясёлых і харызматычных музыкаў.