29 лістапада ў гасцей філіяла Веткаўскага музея была магчымасць весела і з нацыянальным каларытам правесці канец восені з яе вяселлямі і сустрэць пачатак зімы з яе піліпаўскім пастом і попрадкамі. Музей, як заўжды, сабраў утульнае кола неабыякавых да традыцыйнай культуры людзей, нагодай для чаго на гэты раз стала Піліпаўская этна-вечарына “Кудзеліца”.

Пачалося ўсё з выступу калектыву “Стаўбунскія вячоркі” з в. Стаўбун Веткаўскага раёна. Яго ўдзельніцы нагадалі пра ўжо мінулы восеньскі час: пад адмысловыя спевы паказалі абрад “віцця елкі”, паспявалі яшчэ крыху вясельных песень, распавялі пра некаторыя моманты ў вясельным абрадзе. Дарэчы быў і каравай, які нязадаўга да вечарыны зрабілі для нас госці са Стаўбуна.

Але было заўважна, што жанчыны да канца не выказаліся: тут жа пачаліся пазаабрадавыя спевы. Але і на сумных песнях стаўбунцам таксама заканчваць не хацелася, таму запрошаны гарманіст Віктар Шыпкоў адразу схапіў свой музчыны інструмент і пачаліся прыпеўкі. Яму, гарманісту, дарэчы, больш за ўсё і дасталася ў прыпеўках ад неўтаймоўных спявачак.

- Дзякуй вам, я хоць душу адвяла! І забыла, што я старая, - кажа напрыканцы адна з іх.

Скончыліся вяселлі, пачаліся вячоркі ды попрадкі. Загадчык філіяла Пятро Цалка і навуковы супрацоўнік Вольга Вінаградава распачынаюць майстар-клас па прадзенні кудзелі.

- Кужэльная, самая тонкая нітка ішла на ручнікі і кашулі, а вось з гэтага, - паказвае Пятро Міхайлавіч на тое, што нехта назваў “адходамі” пасля часання лёну, - на посцілкі нітку пралі, мяшкі… Усё для гаспадаркі патрэбна. Ад Піліпаўкі да Каляд трэба ўвесь лён, які вырасцілі, выпрасці. А пасля калядных вечароў пачыналі ткаць.

Часаць і прасці спрабуе кожны жадаючы, пасля чаго распачынае свой выступ гомельскі калектыў “Ягорава Гара”. Гурт тлумачыць цікаўным сваю назву, распавядае пра творчую задуму, звязаную са стварэннем калектыву, пра падрыхтаваную да вечарыны праграму. Сёння гэта выключна акустыка, у якую ўвайшлі як старыя, так і новыя апрацаваныя народныя песні.

Пасля гледачы зноў уцягваюцца ў дзею. На гэты раз – праз танцы. Пад гармонь Віктара танчаць усе без выключэння. Вось так і павінны заканчвацца сапраўдныя вячоркі.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика