Веткаўскаму музею з надвор’ем пашанцавала больш, чым тым, хто ладзіў 17 мая ў Гомелі акцыю “Ноч музеяў”. 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, навальніца хоць і пагражала грымнуць, але абышла бокам. Але падзякаваць трэба не толькі надвор’ю, але і загадчыку філіяла Пятру Цалку – арганізатару свята. Бо з такім размахам, бадай, гэты дзень яшчэ ніколі ў нас не святкаваўся.

Праграма “Як пушчу Стралу… ” (назву праграме даў пачатак песні, што пяецца падчас абраду пахавання Стралы) ўвабрала ў сябе дзённы і вечаровы блокі. Яшчэ ў першай палове дня замест вокнаў філіяла на мінакоў пазіралі ўдзельніцы пахавання Стралы розных вёсак Веткаўшчыны. Гэта павялічаныя фотаздымкі гомельскага фатографа Алега Белавусава, зробленыя непасрэдна ў час абрадаў.

Пазней разгортваецца і рамесніцкая пляцоўка. Гэта рэзчык па дрэве Барыс Васількоў, які не так даўно выстаўляў свае работы ў філіяле Веткаўскага музея. А таксама клуб “Параскева”, што дзейнічае пры музеі. Арганірзуюць сваю выставу-продаж і майстры-рамеснікі з гомельскага клуба “Чароўныя падарункі”.

Як вядома, кожная вёска “хавала Стралу” па-свойму: са сваімі спецыфічнымі спевамі, сваімі карагодамі, пэўнымі абрадавымі дзеяннямі. Менавіта для таго, каб прадэманстраваць сваю песенна-карагодную ўнікальнасць, прыехалі да нас калектывы з вёсак Маркавічы (Гомельскі р-н), Валосавічы (Чачэрскі р-н), Старое Сяло і Стаўбун (Веткаўскі р-н). Гэткага ў Гомелі яшчэ ніхто не бачыў. Выпадковыя людзі затрымліваліся, назіралі за кавалкамі абрадавых дзеянняў з цікаўнасцю і здымалі ўсё гэта на лічбавыя прылады.

А далей гасцей свята чакала канцэртная праграма ад вясковых калектываў “Рэчанька” (в. Старое сяло), “Ажына” (в. Валосавічы) і “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун), якая скончылася агульнымі скокамі пад гармонь.

Вечаровая праграма прадугледжвала выступы моладзевых фолк-калектываў. Распачаў вечаровую праграму праект “Ягорава Гара” з акустычнай праграмай. Наступным выступіў гурт “Млын Сонца”, на гэты раз – з амаль што цалкам песеннай праграмай. Са старымі кампазіцыямі, але пасля зменаў у складзе ў крыху новым гучанні выступіў акустык-этна-рок-джаз-гурт “BiFolk”. А потым – зноў “Ягорава Гара”, але з песнямі ў электроннай апрацоўцы. А скончылася ўсё выступам тэатра агню "Atesh".

Музей паўтарыў мінулагоднюю акцыю. На працягу ўсяго дня кожны жадаючы мог пазнаёміцца з экспазіцыямі музея, самастойна вырашаючы на выхадзе, ці варта аплочваць сваё наведванне і ў якім памеры.

Акрамя нашага генеральнага і ўжо пастаяннага спонсара ЧСУП “Линия сноса”, да дапамогі ў правядзенні свята сёлета далучыўся і Becker Bar.

Вось так быў адсвяткаваны Міжнароды дзень музеяў у філіяле Веткаўскага музея. Праграма расцягнулася на цэлы дзень, і ніхто з выпадковых гледачоў не мог застацца да яе абыякавым: ні мамы з маленькімі дзецьмі ў калясках, ні людзі сталага ўзросту, ні маладыя парачкі, што прагульваліся па парку ўвечары.

Калектыў "Рэчанька" з в. Старое Сяло Веткаўскага р-на паказвае карагодныя элементы абраду "Сена" (менавіта так у Старым Сяле завецца абрад і мае свае адметнасці не толькі ў песнях і карагодах, але і ў атрыбутах)

Калектыў "Ажына" з в. Валосавічы Чачэрскага р-на і іх "Страла"

Калектыў "Чарнабрыўцы" з в. Маркавічы Гомельскага р-на. Абрад тут носіць назву "Сула"

Калектыў "Стаўбунскія вячоркі" са сваёй "Стралой"

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика