"Мастацтва выхавання" - пад такой назвай у Маскве адбыўся I Міжнародны конкурс аўтарскіх метадычных распрацовак у галіне дашкольнай педагогікі. Мерапрыемства было арганізавана Маскоўскім Інстытутам педагогікі і псіхалогіі ў межах VI Усерасійскага фестываля навукі, ХI Фестываля навукі ў Маскве. Фінал конкурса быў праведзены 7 кастрычніка 2016 года ў Маскоўскім гарадскім педагагічным ўніверсітэце.

З Беларусі на конкурс было адпраўлена 39 аўтарскіх распрацовак з 17 устаноў адукацыі. У гэтых установах рэалізоўваецца інавацыйны праект "Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі". Кіруе гэтым праектам дацэнт кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка Л.М. Варанецкая.

Усяго ж на конкурс было даслана 228 работ. Акрамя педагогаў з Беларусі, у конкурсе ўдзельнічалі выхавацелі, намеснікі загадчыкаў і загадчыкі дашкольных дзіцячых устаноў Масквы і Маскоўскай вобласці, Карэліі, Санкт-Пецярбурга, Якуціі (Рэспубліка Саха), Казахстана.

У фінальным туры, які праходзіў у Маскве, разглядалася 41 работа, у іх ліку - тры работы з Беларусі. Прадстаўнікі нашай краіны атрымалі высокую адзнаку сваёй працы - дыпломы пераможцаў.

Дыплом I ступені атрымала Наталля Віктараўна Пралыгіна - галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Яна прадставіла канспект заняткаў "У гасцях у бабулі-загадулі на Масленіцу". На прэзентацыі канспекта Наталля Віктараўна выступала ў беларускім народным сцэнічным строі. Фіналісты конкурса з вялікай прыхільнасцю ўспрынялі верш, які яна прачытала на беларускай мове.

Дыплом II ступені - у Ларысы Дзмітрыеўны Раманавай, вядучага навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, Алены Васільеўны Пічуха, намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі. Яны прадставілі канспект заняткаў "Птушкі - нашы сябры… Вітаем птушак!"

Ларыса Дзмітрыеўна Раманава

Алена Васільеўна Пічуха

Дыплом III ступені атрымалі загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 26 г. Мінска, выдатнік асветы Ліліяна Генадзьеўна Стрэльская, намеснік загадчыка гэтай установы Анжаліка Станіславаўна Чамко, выхавальнік цэнтра Наталля Пятроўна Сідаровіч. Імі быў распрацаваны і прадстаўлены канспект заняткаў "Золата саломкі".

Перамога веткаўскіх педагогаў у фінале конкурса - вынік творчай сумеснай працы Веткаўскага музея і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі.

- Якім чынам Ваша праца ў музеі звязана з удзелам у конкурсе "Мастацтва выхавання?" - з такім пытаннем мы звярнуліся да Ларысы Дзмітрыеўны Раманавай.

- "Век жыві - век вучыся", - ёсць такая вядомая прымаўка. Яшчэ б я дадала: "… век выхоўвайся". Так не хапае чысціні і культуры чалавечых адносін - у сем’ях, працоўных калектывах, грамадстве! Магчыма, я перабольшваю, і ўсё не так страшна? Часта думаю: а на якіх прыкладах выхоўваюцца сучасныя дзеці? Хто ім пакажа і раскажа аб нашым нацыянальным - духоўным і матэрыяльным космасе? Навучыць яго шанаваць? Як навучыць, наколькі гэта магчыма, быць творчым чалавекам?

Дзякуй Богу, што ёсць Веткаўскі музей, ды і многія-многія музеі Беларусі, Цэнтры дзіцячай творчасці, Дамы культуры, звычайныя сем’і, у якіх дзеці, падлеткі і дарослыя маюць магчымасць убачыць і дакрануцца душой да скарбаў нашай зямлі, створаных даўней і тых, што ствараюцца зараз…

Праца з дзецьмі заўсёды прыносіць радасць, асабліва - з маленькімі дзецьмі, якія выхоўваюцца ў дзіцячых садах. Нездарма ж кажуць: з дзецьмі, да таго, як ім споўніцца сем гадоў, размаўляюць анёлы. Ды й саміх жа дзяцей даўней называлі анёламі! Цяпер рэдка хто так называе, і пара дзяцінства, на маю думку, неяк скарацілася.

Занятак па тэме "Птушкі - нашы сябры… Вітаем птушак!", які быў высока ацэнены журы конкурса "Мастацтва выхавання", я праводзіла ва ўсіх дзіцячых садах Веткі на працягу больш чым дзесяці гадоў. Праводзіўся ён па розных сцэнарах. Іншы раз прыношу ў дзіцячыя сады дзесяць, пятнаццаць ручнікоў (іншыя тканыя вырабы) з фонда музея, перкі розных экзатычных птушак, саламяныя птушкі, якія умею рабіць сама, ці нешта іншае. Узоры на ручніках - вышытыя і тканыя птушкі (зязюлі, буслы, паўліны, сініцы, папугаі, рознае дробнае крылатае птаства), а таксама - дзівосныя "райскія" дрэвы, кветкі, гірлянды, якія можна назваць гімнамі прыгажосці, а таксама - марамі аб лепшай долі. Для выхаванцаў дзіцячых садоў г. Веткі праводжу заняткі па тэмах: "Зямля і неба ў касцюме чалавека", "Чарадзейныя памочнікі", "Што такое музей?"

На працягу дваццаці пяці гадоў у Веткаўскім музеі адбываюцца музейна-педагагічныя заняткі Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры "Аз, букі, ведзі - глаголь дабро" па матэрыялах мясцовых традыцый.

У 1999 годзе ў Гомелі была выдадзена Праграма заняткаў Школы, у якую ўключана 36 тэм. Там жа надрукаваны і некаторыя канспекты музейна-педагагічных заняткаў, якія праводзілі і праводзяць супрацоўнікі музея. Гэтая "метадычка" даўней мела вялікі попыт у педагогаў, выхавацеляў. І тая невялікая колькасць накладу, якая прадавалася ў музеі, даўно ўжо раскуплена. Супрацоўнікі музея, філіяла музея ў Гомелі праводзяць заняткі, лекцыі для дзяцей рознага ўзросту. На мінулым і гэтым тыдні праводзяцца заняткі для вучняў СШ № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі. Дарэчы, гадоў дзесяць таму заняткі праводзіліся абсалютна бясплатна для школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў Веткі. З пэўнага часу, калі заняткі адбываюцца ў экспазіцыях музея, дзеці і падлеткі аплочваюць сімвалічны кошт - кошт уваходнага білета (1 рубель).

Падчас правядзення розных тэмаў "выхоўваюць" і выкарыстоўваюцца не толькі экспазіцыі музея, але ж і тыя экспанаты, якія захоўваюцца ў фондах. Гэта ўнікальныя кнігі, іконы, ручнікі, карціны мастакоў, чыё жыццё звязана з Гомельшчынай, многія іншыя рэчы, якія расказваюць пра жыццё, светапогляд людзей, якія жылі да нас у гэтай мясцовасці. Так, у музеі сабрана адна з найбольшых па колькасці адзінак (у параўнанні з іншымі музеямі Беларусі) калекцыя народнага ткацтва. У ёй налічваецца больш чым 1300 тканых і вышытых ручнікоў. Па гэтай прычыне даволі многія заняткі з дзецьмі прысвечаны знаёмству з народным ткацтвам.

У выніку экспедыцыйных паездак па Веткаўскім і суседніх раёнах у музеі сабраны багаты матэрыял па традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры. Сёння налічваецца 157 сшыткаў з палявымі запісамі, якія рабілі навуковыя супрацоўнікі музея на працягу многіх гадоў.

Правядзенне заняткаў для дзяцей - наладжванне своеасаблівага моста паміж мінулым і будучым, адзін са спосабаў падоўжыць існаванне народных традыцый, якімі багатая не толькі Веткаўшчына, але ж і ўся Беларусь.

У аснову заняткаў Школы "Аз, букі, ведзі - глаголь дабро!" пакладзена арыгінальная методыка, распрацаваная дырэктарам музея, Галінай Рыгораўнай Нячаевай. Галоўная асаблівасць методыкі - культуралагічны падыход да засваення духоўнай і матэрыяльнай спадчыны ў асобным, канкрэтным кантэксце традыцыйнай культуры.

Цяпер настаў такі час, калі людзі ў большасці губляюць глыбінную сувязь з зямлёй, перастаюць успрымаць яе як жывую сутнасць. Не дзіва пачуць выказванні ад вяскоўцаў, людзей старэйшага ўзросту, пра тое, што "зямля цяпер захаладзела", "мы цяпер - як мёртвыя пчолы", ды інш. Здаўна нашы продкі ўмелі працаваць на зямлі, любілі і абаранялі яе, нездарма на многіх ручніках - сімвалы ўзаранай, квітнеючай зямлі, сімвалы ўраджаю. Можна і каласы ўбачыць на вышытым ручніку. У нашы дні выяву каласоў часцей за ўсё можна ўбачыць на этыкетках спіртных напіткаў - "Золото полей", "Крамбамбуля" ды інш, а не на вырабах тэкстылю ці на іншых рэчах.

Ёсць прыгожая легенда пра тое, што ўсе мы зараз жывём на кацінай і сабаччай долі: маўляў, пакінуў Бог адзіны каласок на жытняй сцяблінцы для нявінных катоў і сабак, але ж не для людзей. Усе іншыя каласкі, якія раслі на высокай сцяблінцы да пэўнага часу (хлеб, які спажывалі людзі, і аднойчы перасталі яго цаніць), Бог сарваў сваёй рукой у знак пакарання. Гэтая легенда вядома на Украіне, Беларусі, у Расіі. Памятаюць яе і на Веткаўшчыне. Калі прашу дзяцей, згадваючы гэту легенду, паказаць у букеце, дзе які колас, дзеці могуць назваць і паказаць хіба толькі жытні.

Веткаўчанка неяк расказвалапра тое, як гады тры-чатыры таму яна з чатырохгадовым унукам непадалёк ад Веткі падыйшла да кукурузнага поля. Унук пытае: "Бабуля, а мы з табой на другой планеце?" Перад імі раскінулася незвычайнага выгляду кукурузнае поле: сцябліны кукурузы ад каранёў да верхавін былі "адпрасаваныя" коламі трактара - ляжалі шчыльна прымятымі да зямлі. Сапраўды, ці не фантастычны незямны пейзаж? Ёсць сведкі, якія бачылі "адпрасаванае" трактарам поле з пачарнелым сланечнікам на тэрыторыі Веткаўшчыны.

З чаго пачынаецца Радзіма?.. Не думаю, што з хлусні і абыякавасці. Хутчэй - з ведаў, з пачуццяў… Ты вырастаеш і "узрастаеш" на гэтай зямлі, нібы тое ж самае дрэва ці колас, кладзешся ў яе вечныя абдымкі ў канцы грэшнага зямнога шляху.

Нямногія з дарослых, не тое што дзеці, ведаюць пра існаванне такой зерневай азімай культуры, як трыцікале. Між тым, асноўныя вытворцы гэтай параўнальна "маладой" культуры - Польшча, Германія, Францыя, Аўстралія і Беларусь.

Значную частку эканомікі Веткаўскага раёна, як і многіх раёнаў Беларусі, складае прыбытак, атрыманы сельгаспрадпрыемствамі ў выніку вырошчвання зерневых культур, развядзення жывёлагадоўлі.

Чым багатыя нашы палеткі? Што сеюць у Веткаўскім раёне? Па колькасці засеянай зямлі ў 2016 годзе на першым месцы - пшаніца: 4109 га, (ураджайнасць у 2016 годзе склала 33, 2 ц). На другім - вышэйзгаданая трыцікале. Гэтай збожжавай культурай было засеяна 3227 га (ураджайнасць склала 34, 7 ц). На трэцім месцы - жыта, засеяна - 2151 га, ураджайнасць - 36, 7 ц. На чацвертым - авёс: засеяна 1165 га, ураджайнасць - 38, 5 ц. На пятым месцы - ячмень, засеяна - 975 га, ураджайнасць - 37 ц. Акрамя гэтых культур, у Веткаўскім раёне сельскія гаспадаркі ў гэтым годзе сеялі рапс - 596 га, проса - 93 га, грэчку - 20 га, кукурузу - 392 га, бульбу - 240 га, буракі кармавыя - 20 га, буракі сталовыя і моркву - 8 га. Гэтую інфармацыю, прадстаўленую Таццянай Аляксееўнай Грамыка, начальнікам аддзела эканомікі Веткаўскага райвыканкама, на маю думку, карысна ведаць кожнаму падлетку і дарослым жыхарам нашага раёна, бо гэта - частка ведаў пра сённяшні дзень раёна. Нездарма ж дзеці ў пачатковых класах сучасных агульнаадукацыйных школ Беларусі вывучаюць прадмет "Чалавек і свет". Толькі часам ведаў у дзяцей бывае болей, да прыкладу, пра Арабскія Эміраты, чым пра Веткаўскі раён.

Такі ж, пазнаваўчы пачатак - у аснове плана занятка "Птушкі - нашы сябры. Вітаем птушак!": дзеці самі падрабязна расказваюць пра мясцовых птушак, пра традыцыйныя ўяўленні, звязаныя з імі. Паўтаруся: праводзіла не так даўно занятак па гэтай тэме ў дзіцячым садзе №1 г. Веткі. Некалькі дзён таму падышла да будынка дзіцячага сада. Цяпер ён зачынены. З пачатку яго існавання (1960-ыя гады) і да гэтага года ў ім ні разу не рабілі капітальны рамонт. Мяне, як і многіх жыхароў Веткі, непакоіць далейшы лёс гэтай установы. На сустрэчы з будучым дэпутатам у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Беларусі Г.М. Васільковым я казала пра неабходнасць пабудовы ў Ветцы яшчэ аднаго, новага, дзіцячага сада, і, вядома, пра хутчэйшы капітальны рамонт будынка, у якім знаходзіўся дзіцячы сад № 1 г. Веткі. Прапанову дружна падтрымалі ўсе прысутныя. Улічваючы ўсю колькасць дяцей дашкольнага ўзросту, у мінулым годзе магчымымі выхаванцамі дзіцячых дашкольных устаноў маглі б стаць прыкладна 160 чалавек. Дай Бог, каб і далей Ветка расла і красавала.

Калі чалавек штодзень бачыць перад сабой, трымае ў душы красу і прыгажосць свайго краію, у тым ліку - імёны сваіх сяброў і родных людзей, вобразы мясцовых краявідаў, назвы асобных мясцін - ён моцны, нягледзячы ні на якія выпрабаванні. Нават і тады, калі аблічча гэтых мясцін непазнавальна змяняецца… Таму і ткалі на слуцкіх паясах "Заміж персідскага ўзора - цвяток радзімы васілька" (Максім Багдановіч), а ўзорамі неглюбкіх тканых ручнікоў былі і ёсць "лотаціны сушчэленыя", "яблачкі", "лісце кучаравае", "хрэшчыкі", "зоркі", а таксама - 216 назваў узораў, зафіксаваныя ў кнізе "Арнаменты Падняпроўя" (акрамя незафіксаваных).

Любоў да зямлі, праца на ёй трымае чалавека ў гэтым свеце.

Надарыў Бог нашую зямлю незвычайнай прыгажосцю - у гэтым і яшчэ ў некаторых важных рэчах спрабую пераканаць многіх, хто завітвае ў музей на экскурсіі, на музейна-педагагічныя заняткі. Але ці вартыя мы таго - калі дазваляем сваёй душы (цяжка сказаць, як часта) зарастаць імхом ды плесенню?..

Распрацоўку занятка глядзіце тут.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика