Абрад Пахавання Стралы – адна з апошніх апораў надзвычайнай архаікі, што захаваліся да нашых дзён на Гомельшчыне. У вёсках Веткаўскага рэгіёну Стралу хаваюць на Ушэсце. Сам абрад звязаны з выкліканнем дажджу, адвядзеннем маланкі ад вёскі, просьбамі людзей аб здароўі і добрым ураджаі. Нашыя супрацоўнікі 13 чэрвеня, на Ушэсце, наведалі вёску Пералёўка Веткаўскага раёна.

У Пералёўцы Пахаванне Стралы пачыналася з пераносу Свячы – абрадавага комплексу, які складаецца з іконы і самаробнай адмыслова ўпрыгожанай свечкі, якія ў пэўны дзень (у нашым выпадку – на Ушэсце) пераносяцца з адной вясковай хаты ў іншую. Але апошнім часам Свяча знайшла тут сталы прытулак на Покуці ў адной з хат, бо насельніцтва вёскі паменела, і ўжо няма каму падтрымліваць традыцыю.

У нас не атрымалася трапіць на ранішнюю службу, якая з’яўляецца абавязковай на Свячу: мы прыехалі ў Пералёўку акурат тады, калі жанчыны ўжо сядзелі за святочным сталом і збіраліся пакрысе ісці хаваць Стралу. На ганку хаты нас сутрэла Рэгіна Гамзовіч – журналістка, якая даўно цікавіцца і даследуе захаванне старажытных абрадаў і амаль кожны год прыязджае ў Пералёўку.

- Яны б ужо забыліся гэтыя песні, і ўсё на свеце забыліся, - распавядае спадарыня Гамзовіч пра тутэйшых жанчын. – Але тут ёсць былая настаўніца Лідзія Ільінічна Малашэнка. Яна з’язджала з вёскі, але яшчэ з дзяцінства па гэтых свячах (у Пералёўцы іх некалькі – заўв. аўт.) хадзіла са сваёй бабуляй, і служыць зараз за папа. Яна не спявачка, але, тым не менш, спявае і, як настаўніца, разумее каштоўнасць усяго гэтага.

Пералёўскае Пахаванне Стралы вылучаецца тым, што тут напрыканцы абраду хаваюць у жыце ляльку, якую тут яшчэ называюць Вясной, а таксама Аберагенам (ад слова “абярэг”). Паводле слоў Рэгіны Гамзовіч, гэты архаічны звычай захаваўся да сённяшняга дня на тэрыторыі Беларусі толькі тут.

У астатнім жа абрад праходзіць амаль так, як і ў іншых вёсках. Змены, якія ў ім сёння адбыліся, звязаны, хутчэй, з невялікай колькасцю ўдзельнікаў. Так, счэпленыя за рукі жанчыны ідуць са спевамі ад хаты, дзе захоўваецца Свяча, а не з розных канцоў вёскі, як раней. Не спыняюцца і не водзяць карагоды каля хат, а з хат не выносяць мёд-гарэлку і не частуюць удзельнікаў. Бо няма каму. Тым не менш, да абраду далучаюцца некаторыя жанчыны, паўз хаты якіх ідзе працэсія. Карагоды сёлета, канешне ж, вадзілі, але толькі на адзіным па шляху скрыжаванні, а таксама непасрэдна ў жыце, дзе хавалі ляльку.

Маленькая ўдзельніца Хрысціна нясе наперадзе шэсця абрадавую ляльку.

Першымі ў жыта ідуць дзеці.

За дзецьмі - дарослыя…

… і пачынаюць вадзіць карагод у жыце.

Пасля капаюць ямку, каб пахаваць ляльку.

Ямку засцілаюць анучкай, кладуць ляльку, а зверху - грошы, а ямку закопваюць. Вялікае гора будзе таму, хто выкапае пасля грошы і забярэ сабе.

Над "магілай" робяць невялікі "шалашык" з калосся, што расце вакол яе. Кожны з поля бярэ сабе некалькі каласкоў, каб паставіць іх на Покуці ў хаце.

Потым у жыце пачынаюць качацца дзеці, каб быць здаровымі ўвесь год, каб не балелі спіны.

А за імі - і дарослыя.

А пасля ўсе ідуць з поля з песнямі, з прыпеўкамі пад гармонік.

Танцы пад гармонік каля мясцовай крамы.

Трэба адзначыць, што Стралу пачыналі “вадзіць” па вёсцы, пачынаючы ад Вялікадня: спявалі стрэльныя песні, вадзілі карагоды на вясковых вуліцах. Ключавы ж момант – Пахаванне Стралы – сёлета можна было назіраць на Ушэсце ў вёсцы Казацкія Балсуны, дзе таксама прысутнічаў наш навуковы супрацоўнік Генадзь Лапацін, а яшчэ ў вёсках Неглюбка і Стаўбун.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика