"… Свяціла ночкі агнём, агнём, пляла вяночкі шаўком, шаўком"
Напярэдадні аднаго з самых таямнічых і чароўных святаў - Купалля, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі запрашае на ўнікальную сустрэчу з трыма знатнымі асобамі. Як трыадзінства вады, зямлі і агню, стварае касмічную цэласнасць Сусвету, так і гэтыя тры асобы маюць намер раскрыць таямніцы традыцыйнай культуры беларусаў для нас з вамі.
Антаніна Хатэнка - паэтэса, журналіст, этнакультуролаг з філасофскім успрыняццем рэчаіснасці. Яе "купальскія" развагі і думкі заглыбяць нас у самую сутнасць культуры беларусаў і выпусцяць нашы думкі ў "касмічную" прастору Сусвету.
Юрый Выдронак - этнограф, кампазітар, музыка, рэжысёр з вялікім вопытам даследавання традыцыйнай культуры. Магчымасць вывучаць аўтэнтычную культуру беларусаў і адначасова быць носьбітам гэтай з'явы, дазваляе шырокафарматна прэзентаваць яе сярод сучаснікаў. Аўтар шматлікіх этнаграфічных фільмаў пра архаічныя абрады беларусаў, ставаральнік гуртоў "Палац", "Крыві", "Юр'я". Грунтоўны даследчык і транслятар нашай Спадчыны. Падчас сустрэчы аднолькава ўдала ўвасобіць ролю лектара і музыкі адначасова. Роздумы пра стан традыцыйнага мастацтва, гукі музычных інструментаў і прыгожыя спевы - ўсё гэта паядноўвае адна асоба.
Наталля Матыліцкая - этнограф, фалькларыст, музыка, выкладчык ва ўніверсітэце і выканальніца спеваў максімальна прыбліжаных на аўтэнтычнай манеры. Гэтым разам, чароўны голас спявачкі і глыбіня традыцыйных спеваў паяднаюцца, каб паказаць гледачу веліч і магутнасць нашай роднай культуры.
Нам жа, наведвальнікам, застанецца толькі прыйсці, паслухаць і наталіць нашы сэрцы і душы багаццем нашай агульнай Спадчыны.
Дзе: філіял Веткаўскага музея ў Гомелі
Калі: 18 чэрвеня (нядзеля) 2017 года, 17:30
Кошт удзелу: бясплатна
Адрас: г. Гомель, плошча Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, за саборам Пятра і Паўла)
Тэлефоны: 8 (0232) 75-88-86, 75-88-87