«Пчаліныя цуды» — пад такой назвай 22, 23 верасня адбыліся заняткі для вучняў 2А, 2Б класаў СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі. Інтэрактыўны праект для дзяцей і падлеткаў дзейнічае ў Веткаўскім музеі ўжо трэці год. Вышэй названыя заняткі, гэтаксама як і іншыя, праводзяцца паводле праграмы супрацоўнікамі музея.

Пчаліныя цуды пачаліся адразу, як толькі вучні 2Б класа разам з класным кіраўніком падыйшлі да адміністрацыйнага будынка музея. Па-над блакітнымі дробненькімі кветкамі, пасаджанымі каля музея, звінела некалькі пчол. Дзеці першымі іх заўважылі. Побач, проста паміж пліткамі, вырасла і расцвіла блакітная кветка. Відаць, вецер занёс сюды насенне. І, на дзіва, яно прарасло ў такім суровым месцы, нібыта чазенія (дрэва, якое першым пасяляецца на камяністых схілах на Далёкім Усходзе).

У апошнія цёплыя восеньскія дні, у пару бабінага лета, і кветкі, і пчолы імкнуцца радаваць адно аднаго. Такая вось простая, мудрая, стваральная сіла жыцця: кветкі — для пчолак, і пчолкі — для кветак.

У гэтыя дні аматары, стваральнікі пчаліных цудаў — пчаляры правяраюць гатоўнасць пчаліных сем’яў да зімоўкі. Пчолы цяпер не такія хуткія, жвавыя, як у цёплыя летнія дні: ціха і павольна поўзаюць па гнездавых рамках у вуллях. Звычайна пчаляры спяшаюцца даць ім увосень гасцінец — некалькі літраў цукровага сіропу, каб у маленькіх крылатых істот быў большы запас жыццёвых сіл. Таксама — уцяпляюць пчаліныя вуллі, кожны — сваім спосабам.

Дзеці распавядалі пра сваё знаёмства з пчоламі, пра мясцовых пчаляроў. Некаторыя з іх — суседзі вучняў. Паразважалі, чаму пчолы важныя для людзей, пра тое, як на працягу соцень і нават тысяч гадоў людзі імкнуліся падтрымліваць жыццё пчаліных сем’яў. Неабходна гэта рабіць і нам таксама.

Пазней было знаёмства з некаторымі відамі працы пчаляра.

  • Распальваем дымар. У дапамогу — стужкі бяросты, парахня з вербы (старая, перагнілая драўніна, якую можна адламваць рукамі), грыбы — вялізны трутавік і дажджавік (порхаўка). Пчолы не любяць дым. Калі іх абкурваюць дымам з тлеючай парахні ці сухога трутавіка ці порхаўкі, пчолы амаль не джаляць.

.

  • Карыстаемся маскай (сеткай). Праз яе пчолам амаль немагчыма дабрацца да твару чалавека.

  • Карыстаемся стамескай («шкрабком») — адным з самых неабходных інструментаў пчаляра — для пад’ёма «паталочных» драўляных дошак, якія шчыльна ляжаць наверсе рамак.
    Звычайна, калі паміж імі ёсць шчыліны, пчолы склейваюць дошкі праполісам, каб вулей быў цёплым і абароненым ад усякіх нечаканасцей.

  • Аглядваем гнездавыя рамкі з васковымі сотамі. Бачым крыты, ці як кажуць, запячатаны мёд; соты закрыты «забрусам» — тонкімі васковымі крышачкамі, якія пчолы самі вырабляюць улетку і «распячатваюць», калі захочацца есці. Цукровы сіроп, які я давала на працягу верасня, пчолы што з’елі, што перапрацавалі, — ён стаў густым і таксама размешчаным у сотах. Да сённяшняга дня наша сям’я перапрацавала 4 літры сіропу. Дабаўляем яшчэ адзін літр. Вядома, пчаляры пакідаюць у кожнай пчалінай сям’і не менш 4-5 рамак, поўных мёдам. А то і болей. (Не такія пчаляры ўжо і злодзеі, як часам кажуць аб іх . Цяжкая, для многіх незаўважная праца пчаляра!). Пчолы не пакідаюць свае гнёзды амаль аж да Благавешчання.

Вучням 2А класа, акрамя звычайных пчол-працаўніц, удалося ўбачыць пчаліную маці, звычайна яе называюць пчалінай «маткай». Без гэтай пчалы ў пчаліным грамадстве няма парадку. Чаму так — загадка прыроды. У мурашак, у адрозненне ад пчол, даволі многа такіх «каралеў».

  • Разглядваем саламяны мат, які мінулым летам зрабілі вучні, якія займаюцца ў Цэнтры дзіцячай творчасці г. Веткі (на адным з заняткаў праекта «Спазнай гісторыю рукамі»). Мат зроблены па даўняй тэхналогіі. Звычайна яго кладуць паверх рамак, каб салома ўбірала ў сябе лішнюю вільгаць, шкодную для пчол. Ён будзе саграваць нашых пчолак да самай вясны.

  • Згадваем цудоўныя вершы Анатоля Сыса з непаўторнымі вобразамі, якія могуць уявіцца толькі паэту, ці пчаляру:

Музыка

Гомель ноччу — пасека пад снегам…
Ты адзін не спіш, нібы пчаляр.
Гурбы намяло вышэй ад стрэхаў,
і заплакаў вусцішны раяль

аб каханні, што гарчэй ад мёду,
аб растанні, што бліжэй за смерць.
Кружацца мяцеліцы мелодый,
клавішы кранаючы ледзь-ледзь.

Гарачы воск аплыў на нотны ліст,
даўно агонь ачах ў каміне.
Іграе на раялі Феранц Ліст
пра горад сонны ў белым серпанціне.
1981 г.


Пчаліная матка

Начаваў я ў вуллі
пад крылом у пчалінае маткі.
Пчолы казкі гулі,
трутні ноч казыталі мне пяткі.

А пад раніцу твар
спаласнуўшы пчаліным гавенцам,
дзе мядовы алтар,
перад маткаю стаў на каленцы,

каб дазволіла мне
пад крылом да зімы зімаваці.
Матка ўмёрла ў мяне.
Хоць на зімку пабудзь маёй маці!
2003 г.


Р.S. Некалькі вулляў стаяла ў бацькоўскім садзе Анатоля Сыса ў в. Гарошкаў (Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць).

Па словах незабыўнай Марыі Лаўрэнаўны Зуевай (жыла ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна), Анатоль Сыс амаль дзве гадзіны стаяў «на каленцах» у яе доме перад абразамі ў Чырвоным Куце (чым яе вельмі здзівіў). Супрацоўнікі музея ў той час вадзілі і «хавалі» Стралу разам з жыхарамі вёскі.

Пчолы былі і ў двары Фёдара Шклярава (г. Ветка, вул. Дзмітрыя Кавалёва). Сёлета яму магло б споўніцца дзевяноста пяць гадоў.

Паводле аповяда беларускага мастака Алеся Цыркунова:

«Вельмі любіў пчол. У яго было тры ці чатыры сям’і. Стаялі пад вокнамі ў двары яго дома. Памятаю, я малюю яго, а ён бярэ сваю куродымку і паляцеў… Паляцеў. Пчолы ў яго раіліся, ці так глядзеў.

Шкляраў казаў: «Я трымаю пчол для псіхалагічнай падтрымкі. Яны радуюць мяне сваёй прысутнасцю…» Я пісаў яго, будучы студэнтам.»

Аўтар тэксту — Раманава Ларыса Дзмітрыеўна
Аўтар фота — Рагоўская Святлана Пятроўна

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика