Цікава і неардынарна распачаўся працоўны дзень супрацоўнікаў філіяла Веткаўскага музея 7 красавіка. Бо ў госці завітала сяброўская арганізацыя “Талака”, каб разам зладзіць у гомельскім парку каля музея беларускія вячоркі. Праз неадпаведнасць назвы часу правядзення (12.00) імпрэзу ўжо паспелі празваць “ранічоркамі”.

Прыпалі вячоркі на свята Дабравешчання – цудоўная нагода, каб яшчэ раз паклікаць вясну, бо, відаць па ўсім, яна стала слабаватая на слых: колькі не клічам – усё не йдзе. Дзяўчаты-талакоўкі вадзілі танкі, ладзілі гульні-крагоды, спявалі веснавыя песні з адмысловымі загуканнямі. Да гульняў і танцаў пад дуду далучыліся і хлопцы.

Не абыйшлося ібез галоўнага гукальнага атрыбута – печаных птушак. Падчас спеваў іх падкідвалі ўгору. А яшчэ ў некалькіх птушках былі схаваныя манеткі: паводле павер’яў, таго, каму трапіцца печыва з манеткай, чакае шчасце ў гэтым годзе:

- Я буду шчаслівы, што застаўся без зуба, - жартуе адзін з веселуноў, надкусіўшы птушку з “сюрпрызам”.

Аднавіўшы традыцыю вячорак, ГМКГА “Талака” мяркуе надалей зрабіць такія танцавальна-спеўныя сустрэчы рэгулярнымі.

А на гэты раз усіх, хто прыйшоў на вячоркі, чакаў яшчэ адна прыемная падзея – прэзентацыя альманаха “Сівер”. Падцягнуліся і іншыя – тыя, хто прыйшоў менавіта на прэзентацыю. Філосафаў-мінчукоў Аляксея Дзерманта і Ягора Чурылава запрасілі ў Гомель сябры РЭКС “Radzimas”, каб тыя распавялі пра філасофска-культуралагічнае выданне, ды і ўвогуле пра саму ідэю Поўначы-Сіверу.

- Слова “сівер” у беларускіх дыялектах абазначае “паўночны вецер” – халодны, рэзкі, трошкі небяспечны, рызыкоўны, які прыходзіць з Поўначы і часам нясе нават нейкую пагрозу, - кажа Аляксей Дзермант. – Для нас, як стваральнікаў і аўтараў альманаха, гэта, па-першае, момант пераходу, зменаў да нечага невядомага ад таго, што ўжо адмірае, сыходзіць. Сівер – паўночны вецер, які змятае нейкую старую цывілізацыю, культуру і расчышчае месца чамусьці новаму. Чаму? Мы спрабуем на гэта адказаць у нашым альманаху ў артыкулах, усёй нашай дзейнасцю.

Але існуе і іншая канцэптуальная падстава ідэі Поўначы, якая мусіць, паводле спадара Дзерманта, быць актуальнай для беларусаў:

- Мы прызвычаіліся разважаць у катэгорыях Усход – Захад: Беларусь – нібыта мост, ці пераход, ці нейкая тэрыторыя паміж тым і гэтым, якую ўвесь час разрывалі, дзялілі, якую можна цягнуць альбо туды, альбо сюды і якая нібыта ні да таго, ні да сяго не належыць.

Але набольш прымальным філосаф лічыць падзел на Поўнач і Поўдзень, які існаваў да 17-18 стагоддзяў:

- Падзел на Захад і Усход нічога добрага Беларусі не прынёс. Калі звернемся да гісторыі, то мы пабачым, што Беларусь – гэта краіна паўночная. І па ўсіх параметрах – гістарычных, этнакультурных – мы адносімся да сферы Поўначы. Поўнач – гэта не толькі нейкая акрэсленая тэрыторыя ў Еўропе, гэта, хутчэй, увесь наш кантынент, ад Дубліна да Уладывастоку. На гэтай тэрыторыі адбывалася паўставанне цывілізацый, якія ўрэшце і сталі панаваць у свеце. І мы – адна з частак у гэтай кантынентальнай мазаіцы. Беларусы былі заўсёды ў эпіцэнтры палітычных і культурных падзей, у складзе якой дзяржавы б не знаходзіліся.

І гэты імпульс, гэтую арганізуючую сілу, якая ў беларусаў маецца на генетычным узроўні, спадар Дзермант прапануе захаваць, усвядоміць, апісаць і стварыць нейкую праграму дзеянняў. На старонках першага нумару альманаха – тэксты, прысвечаныя як самой ідэі Поўначы, так і таму, як суадносіць беларускі лакальны, рэгіянальны кантэкст з глабальным, кантынентальным.

Аднак канцэпцыя была прынята не ўсімі слухачамі, завязваліся рознага кшталту спрэчкі, дыскусіі. Шмат хто патрабаваў канкрэтыкі, якую няма, відаць, сэнсу патрабаваць ад філосафаў. Тым не менш, ідэя Поўначы, як і любая іншая, дае выдатную глебу для разваг і без пастаноўкі рабром пытання яе прыняцця – непрыняцця.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика