А ў філіяле Веткаўскага музея штодня віруе жыццё! І гэта не толькі дзякуючы добра разрэкламаванай Гомельскай епархіяй РПЦ выставе “Соль зямлі”. Шмат людзей наведала і сустрэчы-майстар-класы, якія адбыліся на мінулым тыдні 8 і 9 лютага. Адна з іх была прысвечана святкаванню Стрэчання і вырабу грамнічных свечак. Другая – не беларускай традыцыі, якая, аднак, сёння моцна ўкаранілася і ў нас – Дню св. Валянціна: сябры ГМКГА “Талака” вучылі рабіць абярэжных лялек “Неразлучнікаў”.

Стрэчанская сустрэча

8 лютага ў зале філіяла сабраліся наувучэнцы гомельскага медкаледжа, а таксама ўсе заахвочаныя навучыцца рабіць стрэчанскія свечкі. Распачаў сустрэчу загадчык філіяла Пятро Цалка расповедам пра само свята Стрэчанне, якое адзначаюць 15 лютага паводле новага стылю. Пасля маляўнічы аповед быў звернуты да значэння грамнічнай свечкі-абярэга, ды і ўвогуле свячы як такой для чалавека традыцыі.

На сустрэчы таксама прысутнічаюць дзяўчыны ў народных строях. Каб больш наглядна праілюстраваць далёкім ад беларускай традыцыі сучасным маладым людзям традыцыю народнага святкавання стрэчання, яны пяюць некалькі стрэчанскіх песень вёскі Новае Палессе.

Па хадзе свайго аповеду Пятро Міхайлавіч звяртае ўвагу на святочныя строі, у якія апранутыя дзяўчаты, іх прызначэнне і месца ў абрадавых дзеяннях.

А пасля кожны бярэ па кавалачку воску і спрабуе ссукаць сваю ўласную свечку-абярэг ад маланкі, упрыгожваючы яе рознакаляровымі кветкамі з паперы. Дужа захапляльная справа як для дзяцей, так і для дарослых! Але знаўцы скажуць напэўна: пасля некалькіх такіх свечак у нязвыклых людзей пачынаюць вельмі балець рукі.

Заканчваецца стрэчанская сустрэча праглядам невялічкага фільма. Яго калісьці зняў Пятро Цалка ў сваёй роднай вёсцы Сіманічы Лельчыцкага раёна. Паколькі бабулі там на Стрэчанне ўжо не робяць елак з прымацаванай на яе свечкай, не ходзяць з ёй па вёсцы, Пятро вырашыў аднавіць абрад з дапамогай сіманіцкіх дзяцей. А вясковая жанчына Ніна Федаровіч распавядае ў фільме, як усё адбывалася раней.

Дзень закаханых з беларускім каларытам

- У старадаўнія часы – недзе яшчэ 5-е, можа быць, 6-е стагоддзе – нашыя продкі дарылі такія лялькі маладым у дзень шлюбу, каб іх саюз быў моцным, каб яны былі заўсёды ў пары, - кажа маршалак “Талакі” Марыся Тульжанкова, паказваючы “Неразлучкікаў”, ці, як яшчэ называлі такіх лялек, “парных Куватак”. – Можа, камусьці і на вяселле спатрэбіцца, але паспрабуем сёння зрабіць лялек у якасці падаруначка каханым хлопцу ці дзяўчыне на Дзень святога Валянціна.

Але спачатку Марыся прапануе паглядзець фільм, зняты ў свой час “Беларускім тэлеканалам”: у ім добра адлюстраваны ўсе этапы вяселля ў палескай вёсцы Пагост Жыткавіцага раёна. Акрамя таго, што вяселле само па сабе не праходзіць без жартаў, вясёлыя кпіны чутны і ад аўтара-каментатара фільма. А яшчэ ён зважае на старажытныя, архаічныя звычаі і тыя, што прыйшлі значна пазней, на адметнасць святкавання вяселля менавіта ў Пагосце.

А пасля таго, як усе наладзілся на “вясельню хвалю”, пачаўся выраб лялек. Колеры нітак і кавалкаў тканіны, з якіх робяцца лялькі, пераважна чырвоны і белы. Марыся Тульжанкова адзначае, што яны існавалі ў нашай культуры спрадвеку (чырвоны – першы колер, якім пачалі фарбаваць белую тканіну). Яны больш архаічныя, а таму больш прыдатныя для абярэгу.

Не без жартаў праходзіць і майстраванне лялек. Нехта з дзяўчын, зламаўшы выпакова руку ляльцы-жаніху, наракае:

- Мне не даспадобы гэта. Я хачу, каб жаніх працавіты быў!..

Вось у такой вясёлай і душэўнай атмасферы прайшоў чарговы майстар-клас у філіяле Веткаўскага музея. Чакайце абвестак пра наступныя мерапрыемствы на нашым сайце!

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика