"Вясна наша, Вясняначка… "

Сёлетняе веснавое надвор’е многім не дае спакою: то сонца, то снег, то дождж, то мароз, то яшчэ якое ліха… Толькі і чуеш, як людзі адзін аднаму скардзяцца на надвор’е і цяжка ўздыхаюць. Нашы ж мудрыя продкі, відаць, вялі больш актыўны і пазітыўны лад жыцця, бо не чакалі пакуль добрае надвор’е само "прыйдзе", а шматлікімі песнямі, карагодамі ды танцамі "гукалі вясну".

Традыцыйны лад у жыцці падтрымлівае і Веткаўскі музей. Ужо каторы год запар філіял Веткаўскага музея ў Гомелі арганізоўвае маштабную акцыю "Гукаем Вясну разам" для жыхароў і гасцей горада. 19 сакавіка пагукаць Вясну сабраліся сапраўдныя аматары традыцыйнай культуры. Сярод гасцей і ўдзельнікаў свята можна было сустрэць самых розных асоб: гэта моладзь і сталыя людзі, школьнікі з настаўнікамі і закаханыя парачкі, мамы з дзеткамі і бабулі з унучкамі. Карацей кажучы, было весела, бадзёра і шматлюдна.

Распачаўся "загукальны" дзень з майстар-класа па вырабе гліняных свістулек-птушачак ад майстра-кераміста Аляксандра Наўгародскага. Напачатку Аляксандр прадэманстраваў, як выглядаюць і як гучаць гатовыя вырабы: ад маленкіх свістулек да аб’ёмных двухкамерных акарын. Затым кожны ўдзельнік атрымаў па ладным кавалку гліны і пад кіраўніцтвам майстра паспрабаваў свае ўменні ў вырабе музычнага інструмента. Упэўнены, што пасля чароўнага музыцыравання на акарынах і вясёлага смеху , што раздаваўся ў філіяле музея ўжо з раніцы, прырода і сапраўды пачала ажываць.

Далей да Гукання Вясны далучыліся нашы шаноўныя госці – фальклорны гурт "Стаўбунскія вячоркі" Стаўбунскага Дома культуры. Ужо каторы год сваімі звонкімі спевамі жанчыны са Стаўбуна падтрымліваюць не толькі традыцыю ў межах сваёй роднай вёскі, але і спрычыняюцца да шматлікіх імпрэзаў, што арганізоўвае Веткаўскі музей. Гуканне Вясны ў гэтым ланцужку святаў не выключэнне. У рэпертуары спявачак шматлікія веснавыя песні, якія ўжо стагоддзямі перадаюцца з вуснаў у вусны, ад пакалення да пакалення. Да сапраўдных мэтраў традыцыйнага спеву – гурта "Стаўбунскія вячоркі" – далучыліся і гарэзлівыя дзяўчаты з Гомельскай моладзевай краязнаўчай арганізацыі "Талака". Думаю, не залішне і нам, сучаснікам, будзе ведаць хаця б адну:

На моры вутка купала[сь]… У-у-у!

Купалася!

На беражочку сушыла[сь]… У-у-у!

Сушылася!

На дочку маці сварыла[сь]… У-у-у!

Сварылася!

Дзе ж ты, дочка, барыла[сь]… У-у-у!

Барылася!

Не ругай, маці, не лай ме[нь]… У-у-у!

Не лай міне!

Прыйдуць людзі аддай ме[нь]… У-у-у!

Аддай міне!

У панідзелак бяры дзе[вак]… У-у-у!

Бяры дзевак!

А й у аўторак бяры жо[нак]… У-у-у!

(в. Стаўбун, Веткаўскі раён)

Вобраз птушкі быў адным з дамінантаў гэтага свята: пра птушак у гэты дзень спявалі песні ("вуткі", "жаваронкі", "буслы", "птушачкі", "чырачкі" і іншыя), упрыгожвалі вокны дамоў, упрыгожвалі дрэўцы і агароджу вакол паселішчаў, птушачак выпякалі з цеста. Відаць, самай цікавай, прыгожай і смачнай з’яўляецца выпечка абрадавых птушачак. Часцей гэта рабілі на свята Саракі. У гэты дзень, 22 сакавіка, патрэбна было выпекчы сорак птушачак ("жаваранкаў", "галёпаў", "бацяноў"), каб прыляцела сорак выраяў. А прыляцяць птушкі з цёплых краёў – будзе і цяпло, якое, згодна народных уяўленняў, птушкі прыносяць на крылах.

Традыцыя выпякання абрадавага печыва з’яўляецца не толькі "смачнай", але яшчэ і цікавай з вобразнага пункту гледжання. Супрацоўнікамі музея запісана адразу некалькі варыянтаў абрадавага печыва. Гэта і птушкі, якія "завязваюцца вузельчыкам" з загадзя раскручанага цеставага "вужыка"; гэта і птушкі, што круцяцца з "кружочкаў"; гэта і птушкі з хвастамі-пляцёнкамі; гэта і "жавароначкі", што па контуры выразалі па загадзя падрыхтаванай паперцы; гэта і "хрэшчыкі" (нагадаем, у Неглюбцы арнамент на ручніку ў выглядзе крыжыка называлі "веряб’ём"); гэта, нарэшце, і кругленькія галушачкі. Былі і на нашым гуканні самыя "разнашэрсныя" птушачкі, якія пад працяжныя вяснянкі падляталі высока ў неба.

Канечне ж, куды на традыцыйным свяце без вогнішча. Так, хлопцы не ўдзельнічаюць у абрадзе Гукання Вясны, але на іх узлягае важная справа распальвання вогнішча. Менавіта на вогнішчы спальвалі пудзіла, зробленае са ўсялякай старызны, каб усё старое і ліхое засталося ў старым годзе, а новы год прыйшоў са святлом і цеплынёй. Каб падсілкавацца пасля доўгай працы (сёлета мы гукалі вясну з 12 да 16 гадзін), адразу на вогнішчы з яек ды сыра спеклі яечню ды млінцы.

Як і было заведзена здаўна, супольная праца, у тым ліку і супольнае правядзенне абраду, заканчвалася гуртавым абедам і танцамі пад гармонік.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика