18 сакавіка (субота) 2017 года ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі прайшло "Гуканне вясны".

Ужо каторы год філіял становіцца ініцыятарам такога старажытнага абраду, як "Гуканне вясны". Шырокая экспедыцыйная дзейнасць Веткаўскага музея дазваляе сцвярджаць, што веснавая абраднасць на Веткаўшчыне ў прыватнасці і на Гомельшчыне ў цэлым, з'яўляецца ці не самай актуальнай сярод гадавога кола традыцыйнага календара. Менавіта вясна звязвае нас з адраджэннем, новым жыццём, новым пачаткам. Для беларуса-земляроба заўжды было важна, калі прабудзіцца прырода, калі прачнецца зямелька-маці, таму і не сядзелі склаўшы рукі людзі, а распачыналі актыўныя дзеянні. Веснавыя спевы ў вёсках пачыналі гучаць яшчэ ў лютым месяцы на Стрэчанне, калі паводле народных павер'яў, Зіма з Летам сустракалася. Затым Масленка, якая суправаджалася спальваннем Зімы. Непасрэдна з прылётам птушак звязваўся надыход вясны, таму і выпякалі на Соракі сорак птушачак-жаварнокаў, "каб прыляцела сорак выраяў". Далей Дабравешчанне (Благавешчанне) на якое "і птушка гнязда не ўе, і дзеўка касы не пляце", ва ўсю ўжо разліваліся песні-вяснянкі па наваколлі: "раней жа ж як выйдзем на вуліцу, як запяем вяснянку, дык аж гай шуміць, усё ўскалыхнецца" кажуць пра манеру абрадавых спеваў самі выканаўцы. І сапраўды, веснавыя спевы, вельмі высокія па танальнасці, бо, відаць, мэта ў іх такая - даляцець высока ў неба да сонейка.

Нягледзячы на "мокрае" надвор'е ў гэты дзень ўсё надуманае збылося. Як і ў ранейшыя часы ўсе ўдзельнікі свята выйшлі на ўзбярэжжа ракі Сож, вадзілі карагоды, выконвалі песні-вяснянкі, гушкаліся на арэлях, гарэзліва бегалі ды жартавалі падчас гульняў, распалілі вогнішча ды спалілі пудзіла Зімы, ды нават яечню пасмажылі на вонішчы, каб набрацца сілы і моцы на цэлы год.

Карагод на гуканне вясны 2017

Сапраўдным упрыгожваннем свята стала прысутнасць фальклорнага калетыву "Стаўбунскія вячоркі", які ў гэты дзень прыехаў у абласны цэнтр з вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна і іх суседзяў з Яноўскага Дома культуры. Ужо каторы год спявачкі пад кіраўніцтвам Святланы Парашчанка здзіўляюць гарадскі асяродак магутнасцю і прыгажосцю сапраўдных традыцыйных спеваў. Усе ўдзельнікі свята, а асабліва моладзь, могуць адчуць сябе яшчэ бліжэй да сваіх каранёў, дзякуючы той сапраўднай традыцыі, якую захоўваюць і якой шчыра дзеляцца ўдзельнікі калектыву "Стаўбунскія вячоркі".

Калектыў "Стаўбунскія вячоркі"

Пудзіла зімы

"Для мяне песні, якія я сёння пачула, гэта як глыток чыстай крынічнай вады, як глыток чыстага свежага паветра, якіх так не хапае ў гарадскім асяродку. Для мяне гэта ўжо пятае гуканне вясны, якое я наведала ў філіяле Веткаўскага музея, і самае галоўнае, на маю думку, гэта ўдзел у ім старэйшага пакалення. Гэта наша "культурная памяць" без якой мы ніхто. А калі стаіш у адным карагодзе побач з бабулямі, то прыходзіць адчуванне еднасці пакаленняў, адчуванне таго, што традыцыя не памірае, не перарываецца, а ты ўжо сам становішся часткай гэтай традыцыі - кажа ўдзельніца свята, жыхарка Гомеля."

Вясну загукалі, нават надвор'е на нас адрэагавала, дожд суцішыўся і праяснілася неба, а ў сэрца прыйшоў нейкі спакой і жаданне ісці далей, ствараць і нараджаць прыгажосць навокал сябе.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика