У некаторых вёсках Гомельшчыны зафіксаваны цікавы і архаічны абрад. Ён азначаў сабой заканчэнне работ на полі і распачынанне часу вячорак. Гэты абрад – “Жаніцьба коміна”.

Коміна жанілі ў пачатку восені. Вясковы народ збіраўся ў адной хаце (звычайна заможнага селялніна, які мог добра пачаставаць гасцей). Старажытны “свяцільнік” – комін – упрыгожвалі вянком, вадзілі вакол яго карагоды, спяваючы камінныя песні. Зрэшты, сама рытуальная частка складалася з нешматлікіх элементаў, далей жа абрад пераўтвараўся ў звычайныя вячоркі.

Ініцыятары правядзення абраду ў філіяле – сябры ГМКГА “Талака” і супрацоўнікі музея. Па словах маршалка “Талакі” Марысі Тульжанковай, у рытуале прысутнічае не толькі шанаванне хатняга агню, але і матыў вяселля: лічылася, што нібыта комін бярэцца шлюбам з працай-дзеўкай. “Праца-дзеўка наша гарненька, палюбіць коміна радзенька”, - пяецца ў адной за камінных песень вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёна.

Рэканструкцыя абраду ў філіяле адбываецца паводле звестак, сабраных талакоўцамі падчас этнаграфічных экспедыцый.

Спачатку пляцецца вянок на комін. Усё гэта робіцца на вуліцы, і мінакі, што бачаць дзяўчат у народных строях, з кветкамі, цікавяцца:

- А што гэта вы робіце?

- Вянок. У нас сёння “Жаніцьба коміна”.

- А хто гэта? – здзіўляюцца людзі, думаючы, што размова ідзе пра чалавека.

Потым госці пытаюць у гаспадара (супрацоўніка музея Пятра Цалкі) дазволу жаніць коміна. Пасля запальваюць на посвеце свечку, бо сапраўдную лучыну ў музеі забараняе паліць пажарная бяспека. Апранаюць на комін вянок. Гаспадар абсыпае комін гарбузянымі бубкамі, а ўсе дзяўчаты імкнуцца іх падабраць. Лічылася, што той, хто большую жменю назбірае, будзе мець вялікае шчасце ў гэтым годзе.

Адна з дзяўчын бярэ гарбуз з уваткунутай у яго свячой і заводзіць карагод вакол коміна з зычаннямі шчасця, здароўя, добрага ўраджаю… Кола дзяўчат праходзіць такім чынам тры разы, а далей карагод суправаджаецца каміннымі песнямі.

Дарэчы, песні ў гэты дзень спяваліся не толькі адмысловыя, прыўрочаныя да абраду, але і любыя вясельныя, жніўныя, пазаабрадавыя.

Госці частуюцца, і пачынаюцца скокі пад дуду. Паветра ў музеі награваецца да немагчымага, а парам, што жадаюць танчыць, няма дзе праштурхнуцца. Таму ўсе з вялікім энтузіязмам успрымаюць ідэю працягнуць танцы на вуліцы.

Неўзабаве набліжаецца час закрыцця музея. Госці, расчырванелыя і ўзбуджаныя пасля танцаў, пачынаюць разыходзіцца па дамах. Застаецца толькі шкадаваць, што нельга за доўгімі прыемнымі размовамі і гожымі спевамі правесці тут усю ноч…

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика