🖼3 мая ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася новая выстава "Варвара, Мікола і Зосіма. Архетыпы бабіцкай іконы".
Неверагодна прыгожая, каларытная і цікавая!
Беларускія народныя іконы, а менавіта, творы бабіцкай школы, у простых з выгляду кампазіцыях захоўваюць наймагутнейшы пласт традыцыйнай культуры са шматвяковай гісторыяй.
Гэтае перапляценне промыслу і міфа, фальклору і народнага рэлігійнага календара мы пастараліся паказаць. Паспрабавалі літаральна матэрыялізаваць архетыпы бабіцкай іконы.
На выставе прадстаўлена пяць ікон з выявамі святых Варвары, Зосімы, Міколы, Савація і Уласія.
А побач з іконамі вы пабачыце абрадавыя свечы, рытуальнае печыва, якім кармілі хатнюю скаціну, пчаліны мёд у сотах, частку чэрапа каня, шкуру мядзведзя, ручнікі і тэксты замоў на палотнах, і багата яшчэ чаго.
Сярод ікон экспануецца абраз "Святыя Зосіма, Савацій і Уласій", прадастаўлены для гэтай выставы Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеем.
Наведаць выставу "Варвара, Мікола і Зосіма. Архетыпы бабіцкай іконы" можна ў любы дзень з 9:30 да 18:00
Філіял Веткаўскага музея, г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
+375 232 50-96-98