7 сакавіка (чацвер) у філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Арнаменты Падняпроўя: Сон і абуджэнне”.
Падняпроўе – рэгіён найбольш выразных і багатых у сваёй разнастайнасці мастацкіх традыцый абрадавых ручнікоў.
Менавіта арнаментам Падняпроўя мы прысвячаем цэлы праект, пад назвай "Адкуль родам знакі на нашых ручніках?". На першай выставе ў межах гэтага праекту быў прадстаўлены арнамент "Крючча".
І вось надышоў час пазнаёміць вас з наступным знакам - "Сон і абуджэнне"
На белым абрусе, на белявой кашуле, на белым жаночым “платку" і, безумоўна, на ручніку - на ўсім тканым космасе Неглюбкі жывуць "вядзьмедзі”. Яны ж "мядзьведзькі”. Ёсць “бальшыя” і “малыя”, “сляпыя” і “зоркія”. І ўсе яны ходзяць “па мяжы”.
Мядзведзь - архаічны знак звера-татэма. І гэта сон Зямлі.
Калі "вядзьмедзь" – сон Зямлі, то чым узорныя тканіны пазначаюць-выклікаюць яе абуджэнне?
Вадой! “Дзе маці плачэ – там рака цячэ…”. Дарэчы, яшчэ адзін абрадавы локус – калодзежы і крыніцы: “Дзе сястрычанька – там крынічанька”, альбо “там калодзежы…”
У шмат якіх тэкстах Традыцыі можна знайсці рэцэпты ўзнаўлення. У тэкстах тэкстылю, узорнага ткацтва - гэта "сон і абуджэнне". Дзеля таго, каб узнавіць цэласнасць космасу, выратаваць ад энтрапіі забыцця.
Праект "Адкуль родам знакі на нашых ручніках?" прадстаўляе вынік шматгадовай працы музея, які змяшчае матэрыялы экспедыцыйных і фондавых навуковых даследаванняў ткацкіх традыцый паўднёвага ўсходу Беларусі.
Выстава "Арнаменты Падняпроўя: Сон і абуджэнне” працягне знаёміць вас з нашымі неверагоднымі напрацоўкамі, знаходкамі і адкрыццямі за ўвесь гэты час.
Выставачны праект будзе цікавы для ўсіх, хто цікавіцца традыцыйнай культурай ды сваімі каранямі.
Запрашаем на сустрэчу з традыцыяй.
Калі: 07.03.2024 у 16:00.
Дзе: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Уваход вольны!
+375 232 50-96-98