n__DV0W1HXCHIBY5neW_Xc8aX1axkEDr4hRsB_s4QyWm_fyZ2TLv0KrPdTjh5Fk-o2ZKXoNDWy28ilu_3gqnMYfs_Medium.png

27 верасня (субота) а 15-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Ён так бачыў".

Гэта выстава прысвечана памяці дарагога сябра нашага музея. Памяці фотамастака Аляксея Смыка.

Лёша нарадзіўся ў Гомелі 24 сакавіка 1993 года. Апошні дзень мінулага лета стаў і яго апошнім днём. І ў гэты прамежак яго зямнога жыцця нам пашчасціла з ім пазнаёміцца, працаваць разам, сябраваць.

Аляксей быў адным з самых таленавітых фатографаў нашага горада. Ён здымаў у розных жанрах: партрэты, навінавыя рэпартажы, камерцыйныя фотасесіі, сацыяльныя праекты, тэатральныя пастаноўкі. Але асаблівае месца ў творчасці Лёшы займала этнафатаграфія, якая была для яго аддушынай і любоўю. І гэта тое, што нас з ім паяднала.

Хоць Лёша не быў супрацоўнікам Веткаўскага музея, ён час ад часу ездзіў з намі ў этнаграфічныя экспедыцыі. Рабіў гэта як валанцёр, проста з уласнай ініцыятывы. Бо шчыра падзяляў з намі любоў да сваёй культуры, да традыцый, і хацеў перадаваць гэтую прыгажосць людзям так, як умеў лепш за ўсіх — праз фатаграфію.

На выставе будуць прадстаўлены здымкі з адной з самых цікавых нашых паездак — экспедыцыі да старавераў заходняй Віцебшчыны ў 2021 годзе. У красавіку 2024-га Лёша ў сваім instagram-допісе так узгадваў гэтую тую паездку: «Той цудоўны свет, у які я акунуўся ў сярэдзіне 2021 года, не пакідае мяне і зараз».

Таксама можна будзе пабачыць фотаздымкі самых яскравых абрадаў нашага рэгіёна: «Звязду» ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна, «Гуканне вясны» ў Гомелі, «Сулу» ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна, «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна,
«Ваджэнне і пахаванне стралы» ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна,
Яблычны Спас і ткацкі летнік «Кросенцы» ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна.

Фізічна Лёшы няма. Але ён ёсць праз свае фотапрацы.
Так і з традыцыямі, якія ён фіксаваў: калісьці яны знікнуць. Але праз здымкі будуць жыць далей, з намі і пасля нас.

Запрашаем вас на адкрыццё выставы!

Калі: 27.09.2025 у 15:00.

Дзе: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).

Уваход вольны.

 Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  30089.1612367040.08237a9197-media--508e2b1d--query.jpg  
2gt78eu3agvffwkdyb9cvvvpa6x2fouq.pngviber_image_2025-04-11_11-35-03-715.jpg 
69e507c1a83f35cde4d6379adf4dd406.jpg
 
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика