21 сакавіка (пятніца) ў філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Заснавальнік".
Выстава прысвечана стагоддзю з дня нараджэння Фёдара Рыгоравіча Шклярава - майстра, калекцыянера, мастака, даследчыка, чалавека, які стварыў Веткаўскі музей.
Фёдар Шкляраў нарадзіўся ў сям'і стараабрадцаў, ён з дзяцінства быў акружаны стараабрадніцкімі іконамі, кнігамі, прадметамі побыту, але цікавасць да ўсяго гэтага ўзнікне ў яго значна пазней. На сваім шляху якімі толькі навыкамі ён не авалодаў: цясляр, сталяр, мэбельшчык, тынкоўшчык, маляр, чаканшчык, фатограф, разьбяр па дрэве, афарміцель, мастак па тканінах на ткацкай фабрыцы. Аднак галоўнай яго страсцю быў жывапіс. І больш за ўсё ён любіў маляваць пейзажы Веткі.
У 45 гадоў Фёдару Рыгоравічу паставілі памылковы дыягназ, паведаміўшы, што жыць яму засталося нядоўга. Гэты момант стаў кропкай пераасэнсавання - што ён паспеў, што пакіне пасля сябе? Да гэтага ўзросту ён пабудаваў дом, пасадзіў каля яго сад і даў жыццё тром дзецям - здавалася б, стварыў свой мікракосм… Але раптам зразумеў "не паспеў даведацца: на чым сядзеў і па чым хадзіў" - не пазнаў ні каранёў сваіх, ні традыцый, ні культуры зямлі, на якой жыў. З гэтага моманту пачаўся шлях, які прывёў да стварэння Веткаўскага музея.
Ён стане "інтарэсантам": будзе ездзіць па Веткаўшчыне ў пошуку стараабрадніцкіх ікон, кніг, прадметаў побыту. Дзякуючы гэтаму “шкляраўскаму пачатку” Веткаўскі музей стане ўнікальным цэнтрам вывучэння гісторыі рэгіёну.
Што нам здалося важным паказаць на гэтай выставе-прысвяце Фёдару Шкляраву? Яго жывапісныя пейзажы родных мясцін. Яны напоўненыя святлом, рухам, жыццём. Графічныя партрэты веткаўчан, у якіх адлюстраваны характары і лёсы людзей яго часу. Незавершаная карціна (вядома, пейзаж любімай Веткі) - яе ён пісаў да апошняга свайго дня. Асабістыя лісты - да яго і ад яго, поўныя разважанняў, эмоцый, пошукаў ісціны. Кнігі - якія ён любіў і чытаць як аматар гісторыі, і збіраць як калекцыянер. І ікона «Мікола Цудатворац», з якой пачалася музейная калекцыя.
Запрашаем вас на адкрыццё выставы!
Калі: 21.03.2025 у 16:00.
Дзе: філіял Веткаўскага музея - г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Уваход вольны!
Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98