20 снежня ў Веткаўскім музеі (у Ветцы) адбудзецца адкрыццё выставы «Неглюбка_33АК000089».
У 1970-я гг. слава Неглюбкі грымела. Створаныя яе ткачыхамі ручнікі дарылі высокім гасцям, іх набывалі знакамітыя музеі кшталту Метраполітэн і Луўра. Неглюбскія ручнікі ўпрыгожвалі адну з залаў штаб-кватэры ААН.
Жыццё не стаіць на месцы. Мяжа стагоддзяў – і тысячагоддзяў! – унесла карэктывы ў сучасны побыт. Разам з традыцыйным вясковым укладам адыходзяць у нябыт звычаі, якія нядаўна падаваліся вечнымі. Але неглюбская тэкстыльная традыцыя працягваецца.
Ад 2016 г. яна – у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 33АК000089 – гэта шыфр, нададзены неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў катэгорыі ГКК – А. Гэта абазначае, што традыцыя належыць да аўтэнтычных і нязменных.
Цэнтральнае месца, як і раней, належыць ручнікам. Урачыстае, магутнае паліхромнае гучанне неглюбскіх ручнікоў сёння зачароўвае не менш, чым 50 гадоў таму. Але ручнікі ў гэтай экспазіцыі – не рэплікі, не бяздумныя копіі, хаця і маюць яскравыя рысы пераемнасці.
Прадстаўленыя на выставе творы выкананы рукамі сучасных неглюбскіх ткачых – Людмілы Васільеўны Кавалёвай, Алены Мікалаеўны Дзямчыхінай, Таццяны Паўлаўны Суглоб. Кожная з іх – Народны майстар Беларусі. Кожная пераймала сваё майстэрства ад неглюбскіх ткачых папярэдніх пакаленняў. Кожная мае свой непаўторны почырк у межах традыцыі.
Праект “Неглюбка_33АК000089” – чарговая спроба паглыбіцца ў шматгранны і надзвычай багаты сусвет неглюбскага мастацтва. Спрычыніцца і – наколькі гэта магчыма – зразумець яго шыфр, шыфр неглюбскай тэкстыльнай традыцыі, пранесены рукамі руплівых захавальніц праз бездані часу.
На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць самі неглюбскія майстрыцы Людміла Кавалёва, Алена Дзямчыхіна і Таццяна Суглоб. Цудоўная мажлівасць пазнаёміцца з імі асабіста!
Запрашаем на адкрыццё!
Калі: 20.12 (пятніца) у 15:00.
Дзе: г. Ветка, Красная плошча, 13 (адміністратыўны будынак музея)
Уваход вольны!
Тэлефон музея: +375 (2330) 4-27-49