12 снежня ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася новая выстава "Народная ікона Пасожжа".
Адкрыў выставу дырэктар музея Юрый Катляроў, які прэзентаваў яе, як сумесны выставачны праект Веткаўскага музея і музея Гомельскай епархіі, што мае працяг у выданні сумеснага альбома, прысвечанага народнай іконе.
Працягнуў аповед пра народную ікону, як самабытную з'яву народнага мастацтва, куратар выставы Андрэй Скідан. Ён звярнуў увагу на асаблівасці народнага іканапісу, бытаванне абразоў у сельскім асяродку, абрадавую з'яву грамадскай іконы - Свячы.
На адкрыцці выставы прысутнічаў Высокапраасвяшчэннейшы Сцяфан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі. Уладыка адзначыў: «Народная ікона нараджаецца не ў майстэрні, а ў штодзённым жыцці. Яна з’яўляецца адказам чалавека на патрэбу малітвы, на жаданне мець побач вобраз, праз які сэрца звяртаецца да Бога. У гэтых абразах адчуваецца жывое дыханне веры, якое не губляе сваёй сілы і сёння».
На выставе прадстаўлена трыццаць пяць абразоў з фондаў Веткаўскага музея і музея Гомельскай епархіі. Гэта іконы з розных населеных пунктаў усходу Гомельшчыны, што размяшчаліся на покуцях сялянскіх хат, альбо служылі абшчыннымі іконамі - Свечамі, якія масава распаўсюджаныя на Пасожжы і Падняпроўі з часоў позняга сярэднявечча аж да сёння.
Але гэта не ўсё. Выстава народнай іконы Пасожжа пачынаецца з цудоўнай мастацкай прэамбулы - шасці ікон са збораў Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.
Гэта абразы, датаваныя канцом XVIII - сярэдзінай XIX ст., якія паходзяць з розных праваслаўных, уніяцкіх, каталіцкіх храмаў цяперашняй Беларусі.
Такая прэамбула невыпадковая. На нашу думку, абразы народных майстроў створаны пад уплывам прафесійных узораў папярэдняй эпохі.
Выставачны праект "Народная ікона Пасожжа" дазваляе спасцігнуць шырыню мастацкіх поглядаў мясцовых майстроў, зразумець сувязь творцаў і асяродка, для якога яны стваралі абразы, убачыць асаблівую прыцягальнасць культурнага ландшафту нашага рэгіёна.
Наведаць выставу можна ў любы дзень, акрамя панядзелка, у нашым гомельскім філіяле.
Філіял Веткаўскага музея - г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98







