Афіша выставы "Што ў Неглюбцы ў сяле… " у філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі

Мастацтва вёскі Неглюбка XIX-XX cтст.

Выстава будзе дзейнічаць з 16 снежня 2016 г. па 1 красавіка 2017 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Неглюбскія тэкстыльныя традыцыі Веткаўскага раёна ў 2016 годзе занесены ў спіс «Нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі». Але ж прызнанне да Неглюбкі і яе майстрыц прыйшло ўжо даўно. Яшчэ з сярэдзіны ХХ стагоддзя неглюбскія ткачыхі пачалі сваю «вандроўку» ў лепшыя выставачныя залы нашай краіны і не толькі: «Мінскі дом мастацтваў», выставачныя пляцоўкі ВДНХ у Маскве, «ЭКСПО» ў Манрэалі і Осака, нават нью-йорскі «Метрапалітэн-музей» набыў неглюбскі ручнік для сваёй калекцыі. А вось сапраўднай скарбніцай неглюбскага «рукадзелля» можна па-праву назваць Веткаўскі музей. Сотні і сотні тэкстыльных вырабаў экспануюцца ў выставачных залах і захоўваюцца ў фондах нашага музея. Сярод іх тканыя і вышытыя ручнікі, посцілкі, дарожкі, фіранкі, абрусы, традыцыйнае адзенне (кашулі, панёвы, паясы, «платкі», гарсэты, запіны, світы).

Ужо болей трыццаці гадоў Веткаўскі музей займаецца даследаваннем гэтай унікальнай традыцыі. Праведзены сотні сустрэч-размоў з неглюбскімі ткачыхамі, падчас якіх яны раскрывалі глыбінны сэнс свайго рамяства. Болей сотні арнаментаў, што красуюцца на неглюбскіх ручніках, абрусах ды кашулях запісана са слоў неглюбскіх жанчын. Неглюбчане вучылі супрацоўнікаў нашага музея не толькі «чытаць» арнаменты, але і ствараць іх на кроснах. Так, адным з першых майстроў па ткацтву, які працаваў у нашым музеі, была неглюбчанка Грынькова Анастасія Іванаўна.

І да нашых дзён не перарываецца гэтая нітачка, нітачка сапраўднай архаічнай традыцыі, бо ткуць і навучаюць гэтаму рамяству да нашага часу і ў «Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва», і ў Неглюбскай сярэдняй школе, і ў Філіяле Веткаўскага музея.

На выставе дэманструецца болей сотні прадметаў, што былі створаны або бытавалі ў свой час у вёсцы Неглюбка: тканыя ручнікі канца ХІХ-ХХ ст., посцілкі, абрусы, фотаздымкі, узнагароды, традыцыйнае адзенне і ўпрыгожванні, музычныя інструменты і шмат іншых цікавасцяў.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 16 снежня (пятніца) 2016 года, 16:00

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика