Г.І. Лапацін
Нагадаем, што “Свячой” на Гомельшчыне называюць як сам абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці, якія ўвасабляюцца ў абраз, які шануецца ўсімі жыхарамі вёскі, і свечку ў падсвечніку, апранутым у спецыяльна пашытае на яго адзенне [1, 84-89;124-129]. Згодна абраду, на працягу года “Свяча” захоўваецца ў адных гаспадароў, а ў дзень памяці святога, якому яна прысвечана, пераносіцца да другіх. Звычайна працэс пераносу “Свячы” адбываецца на працягу двух дзён, але ўплывовасць ад яго распаўсюджваецца і на далейшае жыццё вёскі. Гаспадары дома, у якім адбываўся абрад, і іншыя ўдзельнікі абраду беражліва захоўваюць зерне, у якім стаялі свечкі, недагаркі маленькіх свечак, салому, кветкі, палотны, па якіх пераносілі “Свячу”, ручнікі і адзенне са “Свячы”. Усё гэта лічыцца магічным і ў далейшым выкарыстоўваецца ў іншых абрадах: жывёлагадоўчых і земляробчых, метэаралагічных і хатніх, лекавых і сямейных. Выкарыстоўваецца менавіта ў статусе магічнага. “Божья саломка”, “божья адзёжка”, “яно каля Бога ляжыць”, — вызначаюць гэтыя рэчы носьбіты мясцовай традыцыі. [2] Усё гэта так званыя “другасныя рытуальныя прадметы, г. зн., прадметы, якія ўжо выкарыстоўваліся ў нейкіх абрадах: сямейных альбо каляндарных, і дзякуючы гэтаму набылі сакральныя ўласцівасці, ” — грунтуючыся на высновах, якія зрабіў М.І. Талстой [3, 48; 168], вызначаем мы.
Лічым магчымым меркаваць, што выкарыстанне ў гэтай якасці атрыбутаў “Свячы” ні ў якім разе не з’яўляецца вынаходніцтвам выканаўцаў абраду, а грунтуецца на іх веданні тэкстаў хрысціянскай літаратуры. Найбольш празрыста гэта, на наш погляд, прасочваецца на прыкладзе “свячных” тканін. Вызначэнне носьбітамі традыцыі свячных тканін як “божжай адзёжкі” і выкарыстанне яе ў лекавых абрадах дае падставы ўбачыць узор гэтай з’явы ў апісаным у “Евангеліе” цудзе ачування жанчыны, якая шмат год пакутвала на крывацёк. Вылячылася яна дзякуючы таму, што дакранулася да адзення Ісуса Хрыста.(Марк, 5, 25-34; Лука, 8, 43-48; Матфей, 9, 20-22). На падставе падзеі, якая апісваецца ў “Евангеліе” ў асяроддзі жанчын з нашых вёсак ствараецца своеасаблівы ўзор лекавага рытуалу з выкарыстаннем “Божай адзёжкі”. Выглядае гэта наступным чынам: “Ісус Хрытсос, еслі ты датронуўся да яго краячка адзежы, і ўсё будзя харашо. Толькі ні хіці душой ніпраўду, а праўду толькі скажы. Еслі за краячку адзёжы Ісуса Хрыста датронецца, значыць, яму толькі польза будзя. Толькі польза будзя! [Вы сказалі, калі ўзяцца за кончык адзення Хрыста, а як гэта разумець?] А вот так. І там ў яго ё… прызнак іздзелаць такі, прызнак. [А як узяцца?] У Госпада Бога ўсюдах ё і ў кніжках, і на іконі ё Ісус Хрыстос прызнак. Вот, ён сядзіць, а вы, вот так к прымеру, во, ета чылавек, а ты к етаму, во, і к краёчку, дзе даўжна быць пала, прыткніся і малісь, і малісь толькі “Вотчу” — “Вотча наш”. Ета толькі Гасподзь адзін паможа”. (Ад ж-кі в. Бабічы Чачэрскага р. Радзькоўскай Наталлі Ягораўны, 1929 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 130. Ар. 4) Адзначым, што задача нашых разважанняў спрошчана тым, што ў дачыненні да абразоў дастаткова часта жыхары нашых вёсак выкарыстоўваюць вызначэнне “Бог”. Паказальны ў гэтым плане наступны прыклад: “Усё баба казала: “К чыстаму чэцвяргу штоб у хаці памыта была і на Бога, тоб рушнічкі былі надзеты”. (Ад п-кі з в. Амяльное Веткаўскага р. Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н., зап. Лопацін Г.І. в 2009 г. Сш. 117. Ар.188). Такім жа чынам вызначаецца і Свяча: “Спасіба, што пасецілі нашага Бога”, — менавіта так падзякавала нас жанчына, у якой мы былі падчас святкавання. (Ад ж-кі в. Буда Жгунская Добрушскага р. Дударавай Вольгі Апанасаўны, 1929 г. н. зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 31. Ар.37).
Як паказвае зафіксаваны намі матэрыял, аналагічныя дзеянні з тканінамі, якімі аздабляюцца абразы і Свечы, выконваюць і хворыя жанчыны ў нашых вёсках, вызначаючы гэтыя тканіны, што ў вышэйшай ступені істотна, як “Божжаю адзежку”: “Хрысьціца… кума – брала такі – зваўся “увівіч”. Там, у царкве, разьдзявалі, голінькага хрысьцілі. А тады ўжо бацюшка пахрысьця, і кума дзяржыць на руках такі во – не… не не ручнік. На ручнік – Божа ж мой! – не клалі. Рушнік жа: ета ж— Божжая адзёжка!..”(Ад ж-ків.Неглюбка Веткаўскага р. Прыходзька Софьі Сямёнаўны, 1931 г. н., у 2000 г. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2000 г. Сш. 85. Ар. 45).
Для ілюстрацыі прывядзем некалькі нашых запісаў.
“Людзі прыносяць, хто лентачку, хто хустачку. Паляжыць хустачка месяц, тады забіраюць, носяць. І сьпяць дажа ў етай хустачцы. Думаю, вазьму эты мацерыял, і пабяру, і павяжуць. Мо ня буду балець. У міне ж баліць усё – і косьці, і ўсё. Хандроз еты муча міне страшна. І я во – і ногі папавязывала, во… Ета мне так ува сьне было сказана. І я ўзяла еты мацерыял, і людзям падавала, хто бальны. Так пабралі людзі, да пазавязывалі. Калі ня грэбуіш – так вазьмі лентачку. Завяжы – ці рука забаліць, ці нага забаліць, так павязуйся. Завяжы матузачку, калі рука баліць”.(Ад ж-кі в. Красная Буда Дубрушскага р. Мацвіенка Таццяны Іванаўны, 1924 г. н., зап. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2001 г. Сш. 76. Ар. 37а.)
“Са Сьвічы, людзі, напрымер, на Сьвячэ абрыкаліся, вешалі палаценцы, хустачкі — эта аддавалі людзям, хто бальны — ён насіў. Асобенна цанілісь і ціпер цэняцца адзёжкі са Сьвячы. Кажды раз адзёжку міняюць. А адзёжкі эці тагда бальныя людзі біруць. Напрымер, еслі што ў чылавека баліць, напрымер, есьлі баліць ў іго рука, ён адзёжку разрывая і усігда павязывая то места, каторая баліць — і праходзя. Адзёжка такая папала мне са Сьвічы. З “Міколы” ў міне есьць, і сьцёжычку мне прынеслі ад “Троіцы”. (Ад ж-кі в. Казацкія Балсуны ў 2005 г. ар. 67. Гутар Марыі Васіллеўны, 1960 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2008.Сш. 99. Ар.105).
“Вот, заўтра “Сьвяча”, сёньня людзі знашыюцца. “Сьвячу” пераматывалі платочкамі галаўнымі, палаценцамі. А тыя платочкі, што была наматана, распрадаюць. Бяруць жэншчыны, што голавы баляць, абыкнавенныя платочкі, гарусовачкі.(Ад п-кі з в. Шалухоўка Веткаўскага р. Беланожкі Паліны Іванаўны, 1927 г. н. зап. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2000 г. у Ветцы. Сш. 52. Ар. 98-97).
Цікавыя звесткі ў гэтым плане паведаміў гамельчанін Андрыявец Рыгор Мікалаевіч, 1950 г. н., згодна якіх, яго маці, жыхарка в. Пустая Грыва Лоеўскага р., дала яму шарсцяную хусту, намоленаю на Свячы, і параіла падкладаць яе на падушку пад час сну, каб не балела галава. (Архіў аўтара)
“… бралі палатно, дапусьцім, палаценцы, каторыя слалі. Ета дзіржалі як лікарства. Вот, дапуьсцім, жара станя ў чылавека. Хто іго зная, ад чыго. І, вот, выцірыцца етым палаценцам, і палучаіцца, што жара спадая”.(Ад ж-кі в. Хальч Веткаўскага р. Караткевіч Марыі Васіллеўны, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 135. Ар. 13)
Прыведзеныя намі прыклады лекавых абрадаў са “Свячнымі” тканінамі, красамоўна сведчаць аб тым, што змена асобных дэталяў, прынамсі: віды хваробы, віды тканін (непасрэдна “адзёжкі”, ручнікі, “мацерьял”); дзеянні з тканінамі (абгарнуць, перавязаць, апрануць) не толькі не ўплываюць на агульную семантыку і структуру зыходнага тэксту, а нават ствараюць ад яго своеасаблівую парадыгму.
Трэба адзначыць, што ўсімі папярэднімі дзеяннямі з ручнікамі, палаценцамі ды іншымі тканінамі выканаўцы абраду не проста аздабляюць Чырвоныя Куты, абразы ды падсвечнікі. Яны апранаюць Ісуса Хрыста, Маці Божаю, святых угоднікаў. І гэта не нашыя асабістыя фантазіі. Менавіта так вызначаюць свае дзеянні выканаўцы абраду. Мы толькі зафіксавалі:
“Адзёжка — абізацільна нада, як паложына, начная адзеянія, і верхнія. Як чылавек ходзіць. Счас жы, вот, маладзеж, рубахі ні адной німа, а Мацер Божжай, ніжняя більле пакрываіцца, а патом паверху — цьвятным якім, які ў каго мацір’ял быў. І падсьвечнік так, так і ікона. Два адзіянія, два плацеццы: ніжняя і верхнія. Так жы і людзям паложына быць”.(Ад ж-кі в. Залаты Рог Веткаўскага р. Нятылькінай Ніны Рыгораўны, 1937 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 123. Ар. 20).
“ … хазяін тэй абізацільна даўжон павесіць, у каго ікона стаяла. Абізацільна даўжон павесіць на ікону ручнік, штоб адправіць ні голаю іе”. (Ад былой ж-кі п. Юрга Веткаўскага р., ж-кі Веткі Лутковай Марыі Іванаўны, 1942 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2008 г. Сш. 73. Ар. 74).
“Яна ж стаяла ў палаценцы. Я ж забірала з палаценцам. Абізацільна палаценца даўжно вісець, штоб яна ні голая была”. (Ад п-кі з в. Старыя Грамыкі Грамыка Софьі Іванаўны, 1928 г. н., зап. Лапацін Г. І.У 2008 г. Сш. 7. Ар. 18).
Адзенне на Свячу бывае жаночае ў выглядзе спадніц, кашуль, фартушкоў і мужчынскае. Аднак трэба заўважыць, што мужчынскае адзенне для Свячы дастаткова рэдкая з’ява, і адзінае сведчанне пра яе прыводзіць у сваёй публікацыі Лістова Т. А. па матэрыялах Мсціслаўскага раёна:“… у Никольскай свечи мужская адзежда, как штаны сшивали”. [4, 146]
Свячу апраналі і пераапраналі, шылі ёй адзенне з новага магазіннага “мацерьяла” і шылі як старыннае, яе адзявалі, як нявесту, і аддавалі за ёй пасаг, яе шылі асобныя гаспадары і шылі грамадой, да Божага адзення адносяцца не толькі спаднічкі, фартушкі, кашулі, наміткі, але і проста тканіна і рушнікі, якімі пакрываюць абразы. І зноў-такі гэта не нашыя асабістыя фантазіі, а вызначэнні, якія робяць носьбіты традыцыі:
“Сьвечка была большая, толстая, в руку. На Сьвечу шили платье с брыжами, затягивали шнурок сверху и сборочку. Отделывали тесёмочкой и кружевами. Делали как старинное платье”.(Паводле аповеда ж-кі п. Зацішша Веткаўскага р. Гарэлавай Ганны Калінаўны, 1920 г. н. зап. Лабацкая Г. А. у 1996 г. Сш. 59. Ар. 5).
“Эта ж Мацер Божая. Пакрываіш споднік, а патом на споднік вешаіш плаціццэ, адзіёш у плаціццэ”.(Ад ж-кі в. Залаты Рог Веткаўскага р. Нятылькінай Ніны Рыгораўны, 1937 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 123. Ар. 26).
“Сьвечка была. Кадушычка была. Там зярно насыпана ў кадушычкі. І сьвечка стаіць бальшая. [А на кадушычцы была адзёжка? — Г.Л.]Быў… “сарафанчык” называіцца. Такей, як на малага дзіцёначка пашыюць, толькі рукаўчыкаў німа, а так у зборачку зьбяруць сарафанчык тэй і павясюць. Была адзета і кадушычка тая”. (Ад ж-кі в. Янова Веткаўскага р. Блошык Фядосья Фядосаўна 1928 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш. 100. Ар.17).
“Наніз, ідзе ківот, фартух, а сюда сплашная. [Так і казалі “фартух”?] Фартух. Мы звалі “фартух”. [Не казалі, чаму так прыдумалі, каб ўнізе фартух?] Патаму шта жэншчыны кагда-та без фартуха ні хадзілі. Як замуж зайдзя — і ўсё! Усе з фартухамі былі. Толькі дзеўкі без фартухоў былі. А жэншчыны з фартухамі. [То “жэншчыны” — а гэта Сьвяча. — Г.Л.] А эта Сьвяча — жэншчына. Дзед ціпер, вот, гавора: “Як так ногі будуць голыя ў ківоці”? (Ад ж-кі в. Шарсцін Веткаўскага р. Чуяшковай Ганны Даніланы, 1927 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2009 г. Сш. 126. Ар. 18).
“… як ужэ сталі багацей, харошыя куплялі гардзіны, пакрывалі іе”. (Ад ж-ки в. Хальч Веткаўскага р. Караткевіч Марыя Васіллеўна, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 135. Ар. 8)
“Станок быў зьдзеланы. І іна прыдзелана к станку. Вот, я біру, я касьцюм новы шыю на іе. Той ужэ касьцюм знімаіш, складзеш, а ўжэ свой, набіраю сітцу, і вышывання было. Сітцу набіраіш… кругом… палаценца вышываная на ікону вешаіш”. (Ад п-кі з в. Вераб’ёўка Веткаўскага р. Шэхавай Варвары Іванаўны, 1919 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2010 г. Сш. 136. Ар. 1).
“Одна женщина переносила, а другая брала. Наряжали её, как невесту, і стояла она в Красном углу на столе, делали юбочку, украшали”. (Ад ж-кі Веткі Рослікавай Марыі Фёдараўны, 1953 г. н., родам з в. Быстра Клімаўскага р. Бранскай вобл., зап. Лапацін Г. І. у 2006 г. Архіў аўтара).
“Сьвяча — как жэншчына. Нада і рубашачку адзець, нада і плаціцца ей. Сьвяча — жэнскага рода”.(Ад ж-кі в. Вялікія Нямкі Веткаўскага р. Кавальковай Ніны Міхайлаўны, 1958 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 125. Ар. 2)
“Готовились как-бы провожать ее, то есть шились для нее наряды, новый наряд, чтобы проводить ее в путь. Всегда к празнику шилась обновка. Она одевалась в новый наряд. А все одежки, что были, они передавались. Люди брали, потом что-то стиралось, одевалось”.(Ад ж-кі Гомеля Дрозд Тамары Ігнацьцеўны, 1952 г. н., родам з п. Пабеда Хальчанскага с/с Веткаўскага р., зап. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 97. Ар. 123).
“Чымадан адзёжы ў міне ляжыць… цэлы чымадан адзёжы за ёй аддаю”.(Ад ж-кі в. Старое Сяло Веткаўскага р. Дзярбеевай Валянціны Міхайлаўны, 1939 г. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 101. Ар 27).
“Хто што возьме сашыя, кругом. Тамака яна пад сьцяклом, а ета, на тумбаццы на етай, дзе сьвечкі стаўліваюць, ета людзі абракаліся, шылі, хто ету занавеску на вікону на бальшую вешая, тожа павеся прынясе. І так з міру па нітцы і голаму рубаху дзелалі”. (Ад ж-кі в. Шарсцін Ганчаровай Еўдакіі Яфрэмаўны, 1919 г. н. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш. 126. Ар. 2-3).
“Рушнікі вешаюць на картачкі. На партрэты ці на картачкі. А на віконы платкі вешаюць. На картачкі вешаюць узоры малінькія, малыя такія, узоры, а на віконы бальшыя”. (Ад ж-к п. Зялёная Хвоя Веткаўскага р. Лебедзевай Анастасіі Андрэеўны, 1921 г. н., Лебедзевай Софьі Сяргеяўны, 1933 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш.127. Ар. 26).
Такім чынам, прыведзеныя прыклады, а іхнюю колькасць можна неабмежавана павялічваць, сведчаць аб тым, што зыходны тэкст, якім з’яўляецца евангеліская легенда, дастакова актыўна ўжываецца носьбітамі народнай традыцыі, якія ствараюць ад яго шматлікія дыялектныя варыянты. У апошнім яны грунтуюцца і на асаблівасцях мясцовых строяў адзення, і асаблівасцях аздаблення Чырвоных кутоў, на ўяўленнях аб святых, якім прысвечана тая ці іншая “Свяча”, і на ўяўленнях аб святах і пастах, і на асаблівасцях некаторых абрадаў (прынамсі, вясельнага) сямейнага кола, і, безумоўна, на асабістым вопыце лекавай практыкі.
1. Найбольш падрабязна гісторыя абраду, яго структура, арэал распаўсюджвання, бібліяграфія разглядаюцца намі ў наступных публікацыях: Лапацін, Г. І. Абрад свячы ва Ўсходнім Палессі // “Аутэнтычны фальклор: праблемы бытавання, вывучэння, пераймання”: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі. / рэдкал М. Л. Кузьміч (адказ. Рэд) [і інш]. — Мінск: Бел. Дзярж, ун-т культуры і мастацтваў. 2007. с. Лапацін Г. І., З вопыту вывучэння дыалектнай фразеалогіі. Фразеалагізмы з кампанентам “сьвяча” // Материалы V Международнай конференции “Славянская фразеология в ареальном, историческом и этнокультурном аспекте”. Гомель. 2007. с. Лапацiн Г.I. “Ікона звалась свячой… ” Из опыта изучения обряда “Свечи” в Восточном Полесье. [Текст] / Лапацiн Г.I. // Антропологический форум. Санкт-Петербург. 2008, № 8.
2. Па аповеду ж-кі в. Неглюбка Саломенай Вулляны Мікалаеўны, 1930 г. н., г., зап. Лабацкая Г. А. у 1996 г. Сш. 58. Ар. 7. Ад п-кі з в. Амяльное Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н. зап. Лапацін Г. І., у Ветцы, у 2006 г. Сш. 117. С. 84. Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Саломенай Вулляны Мікалаеўны, 1932 г. н.., зап. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш. 131. Ар. 5. Тут і далей экспедыцыйныя матэрыялы атрыбутуюцца па фонду захоўвання Веткаўскага музея народнай творчасці.
3. Толстая С.М., Толстой Н. И. Заметки по славянскому язычеству. 5. Защита от града в Драгачеве и других сербских зонах. [Текст] / С.М. Толстая, Н.И. Толстой // Славянский и балканский фольклор. Обряд. Текст. Москва. Наука, 1984. 280 с. Толстой, Н.И., Вторичная функция обрядового символа. [Текст] / Н.И. Толстой Язык и народная культура. Очерки славянской мифологии и этнолингвистике — Москва: Индрик, 1995.Традиционная и духовная культура славян / Современные исследования.)— 512 с.
4. Листова, Т.А. Братский праздник “Свеча”на белорусско-русском пограничье. Ареал распостранения и локальные особенности. [Текст]/ Т.А. Листова Пытанні мастацтвазнаўства, этналогііі і фалькларыстыкі. Вып. 3, ч. 2. Мн., ВТАА “Права і эканоміка”, 2007 // Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-гадоваму юбілею ІМЭФ імя Кандрата Крапівы нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Мастацтва, фальклор, этнічныя традыцыі ў выражэнні актуальных задач сучаснай культуры”, Мінск, 7-8 чэрвеня 2007 года . С. 145-151.
Генадзь Ісакавіч Лапацін,
вядучы навуковы супрауоўнік Веткаўскагя музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава.
Апублікавана: Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання: зборнік навуковых прац удзельнікаў V міжнароднай канферэнцыі (Мінск. 29-30 красавіка — 1 мая 2011 г.) БДУ КМ; рэдкал: Мажэйка М.А. (адказ. рэд.) [і інш.]— Мінск: БДУ КМ, 2011, 268 с. С. 93-97.