Апублікавана ў часопісе «Мастацтва»
Жнівень, 2007

Галіна Нячаева


Паміж Стаўбункаю і Віхолкаю — прытокамі старажытных славянскіх рэк Бесядзь і Іпуць — развілася мастацкая неглюбская традыцыя. Мясцовы пасёлак Гібкі, заснаваны ў 1925 годзе, жыў і ткаў свае ручнікі на мяжы беларускага Веткаўскага і Расійскага Навазыбкаўскага раёнаў. Тут захаваліся архаічны геаметрычны стыль арнаменту і люстрана-сіметрычная ягоная кампазіцыя — ці не радзіміцкая яшчэ спадчына…


РАЗУМЕННЕ ЗЯМЛІ

Калі ўглядацца ў чырвона-белыя ўзоры старых ільняных тканін, натрапіш на магічныя знакі, якім некалькі тысяч гадоў. Геаметрычны чын арнаменту з яго ромба-крыжовай сістэмай сімвалаў — згаслая цяпер мова, якою нашы продкі калісьці перадавалі небу запаветныя спадзяванні. Лічыцца, што геаметрычны чын цалкам склаўся ў ІІ-І тысячагоддзях да нашай эры.

Каб высветліць значэнні старажытных ромбаў, варта звярнуцца да часу, калі яны былі сімвалічна напоўненымі. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя пры вывучэнні афінскіх земляробчых культаў была заўважана множнасць вобразаў, з дапамогай якіх сяляне тае пары разумелі зямлю: як хтанічнае (неаформленае) паняцце; як маці ўсяго жывога; як глебу (найбольш блізкі земляробу вобраз); як божаствы ўзаранага поля і спелай хлебнай нівы. Пазней навукоўцы дапусцілі магчымую «прывязку» да гэтых вобразаў і розных геаметрычных фігур — ад простага ромба да ромба раскрыжаванага, да «прарослага поля» і знакамітага ромба з «кручкамі», што аздабляе і сённяшні беларускі дзяржаўны сцяг. У старажытнасці гэты ромб, верагодна, сімвалізаваў зямлю-карміцельку, быў знакам пладаноснага поля, што з’яўлялася адным з варыянтаў ідэаграмы Дрэва жыцця.

Знакі геаметрычнага чыну паўставалі ў адмысловай сістэме, дзе кожная перамена ў іх пабудове сімвалізавала і перамену сэнсаў. «Кручкі» — гэта геаметрызаваная спіраль завітка, які ўвасабляе моц жыцця: схілены пад цяжарам зерня гнуткі колас, гатовы выкінуць насенне для новай сяўбы. З такога калосся на Веткаўшчыне дагэтуль вяжуць рытуальныя фігуры падчас жніўных абрадаў. Некаторыя з іх нагадваюць знакі ручнікоў.

Геаметрычны чын спарадзіў мноства ментальных паняццяў. Усе яны захоўваюць адзіны земляробчы архетып жыццёвага кругазвароту. Мо ў невыпадковых паслядоўнасцях узораў «закансерваваліся» водгукі старажытных сэнсаў? Маюцца ж звесткі, што і ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя нашае эры жыхары некаторых мясцін Расіі праводзілі падчас Вадохрышча абрад «чытання» ўзораў пры агледзінах нявест. Экспедыцыйныя запісы супрацоўнікаў Веткаўскага музея народнай творчасці сведчаць, што традыцыя «прадказваць і называць узоры» на нашых землях праіснавала амаль да нашых дзён, і паміж соцень сабраных ў 1970-2000-х гадах народных назваў узораў ёсць досыць старажытныя.

«ДЫРЫЖОР» ТКАНАГА ЎБРАНСТВА

Шыкоўныя шматкаляровыя ручнікі сусветна праславілі Неглюбку і яе пасёлкі, сярод якіх — і Гібкі. Цяжка ўявіць, што алгарытм гэтага росквіту ўтрымліваўся яшчэ ў старым браным ручніку. Ён змяшчае і старажытную кампазіцыю (магчыма, належала радзімічам), і яшчэ больш старажытныя знакі.

Справа ў тым, што Неглюбка захавала дзве тэхнікі ткання ручнікоў: бранае ткацтва і перабор. Відавочна, тут некалі сышліся дзве традыцыі народнага мастацтва. Узоры тканін розныя, але кампазіцыя — адна і тая ж: сіметрычная.

Сучасныя тканіны найчасцей вырабляюцца пераборам, што паходзіць ад закладнога ткацтва (паўсюль перабор і завуць «закладам»). Магчымасць выконваць закладныя буйныя шматкаляровыя фігуры прыйшлася дарэчы ў светлым новым жытле. Таму неглюбцы захавалі за ручніком-набожнікам і Кутам, Покуццю ролю «дырыжора» ўсяго тканага хатняга ўбранства.

СТАРЫЯ НОВЫЯ ТРАДЦЫІ

Заклад з’явіўся на нашых землях (альбо з’яўляўся шмат разоў) з традыцыямі неславянскага паходжання (мяркуюць, што акрэслены выразны контур закладных фігур паходзіць ад лямцавых, а затым і тканых дывановых кампазіцый, што рабілі качэўнікі).

Заклад-перабор, нібы госць у дом, уваходзіў у старую кампазіцыю ўзору, уласцівую для кожнай з традыцый, якая захоўвала ўяўленне пра пабудову культурнай прасторы аж да касмаганічных «успамінаў».

Мноства традыцый на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны ўспрынялі буйнафігурны заклад, але арнаменты штораз выбудоўваліся ў сваім парадку, бо менавіта кампазіцыя заставалася адным з архетыповых спосабаў праяўлення і захавання светаўспрымання.

На тэрыторыі Сярэдняга і Ніжняга Пасожжаў, а таксама ў міжрэччы Дняпра-Сожа і Сожа-Іпуці «прышлы» ўзор пераборных і закладных ручнікоў «укладваецца» ў адно і тое ж, відавочна глыбіннае, рэчышча. А менавіта: ён робіцца сіметрычным. Палосы-фрызы розных узораў, люстрана паўтораныя зверху і знізу, вядуць да адзінага і непаўторнага Цэнтра кампазіцыі. Магчыма, гэта старажытнае, яшчэ радзіміцкае разуменне прасторы. У параўнанні з ім дрыгавіцкі асіметрычны тып трактуе канец ручніка як палову Шляху (альбо Лёсу), і жаданая абрадам сіметрыя дасягаецца ў яднанні двух канцоў.

Неглюбка і сёння працягвае ткаць сіметрычныя ўзоры: з «новымі» фігурамі на пераборных ручніках і з архаічным чынам геаметрычнага арнаменту на браных.

Гэты стары тып уяўляецца «аўтахтоным», прыналежным да старой традыцыі. Звернемся да яго на прыкладзе ручніка з Гібкоў, аўтар якога — спадарыня Прыходзька.

«РОМБАЧКА» СЛЯПАЯ ДЫ ГЛУХАЯ

Гэты ручнік пяціпалосны («у пяцёра хрястоў, а бываюць жа і ў тры, і ў сем, і ў дзевяцера хрястоў»).

Што ж ставіць сімвалічная кампазіцыя ў свой Цэнтр? Гэта пара «ўраджайных» знакаў — тых самых раннеземляробчых культавых сімвалаў — ромбаў з «кручкамі». Мясцовая назва — «крючча». Ромбы складаныя: знутры раздзеленыя касым крыжам і «засеяныя» чатырма кропкамі — знакамі насення («крючча на ряшоткі»).

Паміж сімвалаў пладаноснай нівы — глухі, цэлы, закрыты ромб — знак цаліннай зямлі, падзелены нязвыклай вертыкальнай адтулінай напалам. Падобныя «глухія» ромбы традыцыйна завуць «глухоўкаю», «глушкаю», «глухою-сляпою» (жаночы род невыпадковы, гэта праява даўніны, бо архаічны сэнс ромба — жаночы). Назва «ромб» увогуле адсутнічае ў большасці традыцый, а калі і выкарыстоўваецца — дык у «жаночай» форме: «ромбачка». Што тычыцца прыкмет, пакладзеных у аснову назваў, дык «глухі» і «сляпы» — адзнакі менавіта хтанічных істот. Па паходжанні глухі ромб — сімвал у шэрагу іншых ромбаў геаметрычнага чыну. Яго архаічнае значэнне — «цьмяны, неаформлены» стан зямлі, які ўласцівы ёй да культурнага ўраблення, апрацоўкі. Сімвалічна «цаліна» значна глыбей за проста «неўзараную зямлю». Паняцце цэлага мае на ўвазе крыніцу Божае энергіі. Цэнтральны «цалінны» ромб гібкоўскага ручніка, падзелены напалам вертыкальнаю рысай, дзіўным чынам абсалютна супадае з шумерскім знакам жанчыны. Такая гістарычная глыбіня нашых нацыянальных знакаў…

Вертыкальная рыса, што дзеліць цэнтральны элемент у арнаменце «галоўнай» паласы ручніка, супадае з лініяй згібу тканіны. Менавіта так афармляўся Кут у Неглюбцы і яе пасёлках — ручніком, перакладзеным напалам уздоўж — літарай «П». З пары цэнтральных «крюччаў» на кожным канцы бачная толькі адна фігура (другая паварочвалася «ліцом» да сцяны і да… іконы). Шукаемая сума (паяднанне пары знакаў у сімволіцы вяселля) дасягалася праз рух сімвалаў адзін да аднаго. Разлучаныя, яны ядналіся іконай. Сапраўднае значэнне такой дэкаратыўнасці вынікае з глыбіннага духоўнага сэнсу ўсяго комплексу Покуці. Пара яднаецца з Богам. Набывае значнасці і пасярэдні знак падзеленага ромба: бачны толькі паловаю, «палавінкаю», ён узнаўляецца як пачатак асобнага і цэлага, як сімвал сутнасці непарушнай сям’і. Акрамя вясельнага выкарыстання ў гэтай традыцыі існаваў і звычай вывешваць «на Куту» новы ручнік увесну, ад Вялікадня да Ўшэсця. Гэты час, «калі Бог па зямлі ходзе», супадае з перыядам сяўбы. Ручнік, сатканы загадзя, нясе ў сабе сімвалічную «праграму ўдалага года». Цэнтральная пара «крюччаў» адпавядае двум жніўным цыклам — уборцы азімых і яравых. Маючы агульнае паходжанне ў непадзельным вобразе жніва і ўраджаю («усплення» нівы і яе «родаў»), падвойнае «крючча» натуральна суадносіцца і з хрысціянскімі святамі Успення і Нараджэння Багародзіцы. І Першая, і Другая Прачыстыя прасякнуты земляробчай сімволікай і абраднасцю.

«МЯДЗВЕДЗЬ НА МЯЖЫ»

Узорам Цэнтра павінны папярэднічаць нейкія «падрыхтаваныя» да ўваходжання ў гэты Цэнтр знакі. Наш ручнік дае толькі тры варыянты ўзораў палос (3-2-1Ц-2-3). Угледземся ў другую, прамежкавую кампазіцыю-фрыз. «Цэлыя» па ўнутранай структуры канцэнтрычныя ромбы «прараслі» 12-ю выступамі кожны. Унутры фігур — значок насення (кропка ў ромбіку). Антычная зямля-глеба (як найбольш блізкая земляробу) існавала ў вобразе цнатлівай і квітнеючай зямлі. Дзявоцкі характар мелі і вясновыя абрады. Святы Ўшэсця і Сёмухі ўтрымлівалі архаічную энергію такіх абрадаў.

У перадцэнтравай паласе — знак цэлай і квітнеючай вясновай зямлі (повязь з сэнсам дзявоцкасці), магчымы сімвал вясновых абрадаў. Толькі такі сінкрэтызм і дазволіў знаку ўзростам у некалькі тысяч гадоў мець сваё невыпадковае месца ў чыне ручніка.

Тады што адлюстроўвае ручнік з Гібкоў на краі, на знешніх межах сваёй прасторы? Тая ж архаічная логіка патрабуе засяроджання ў Цэнтры найвышэйшай культурнасці і сакральнасці, узмацнення «стыхійнага» ў напрамку да краёў. Гэтыя памежныя ўзоры захоўваюць памяць пра «мяжу» стыхіі і яе культурную прастору…

Мы бачым вельмі падоўжаныя цэлыя ромбы (іх па сем у паласе) з незвычайнымі атожылкамі, што нагадваюць пары мядзведжых галоў і «касыя» лапы звера. Памнажэнне дэталяў натуральнае для старажытнага мыслення. Вядомая археалагічная знаходка з суседняй зямлі вяцічаў: двухгаловая «мядзведжая» падвеска. У неглюбскай традыцыі гэтыя ўзоры так і завуць: «вядзьмедзькі», «мядзьведзькі». Яны бываюць «вялікія», «малыя», «сляпыя», «глухія» і «зоркія». Больш за тое, вяскоўцы нам калісьці тлумачылі гэтыя знакі, знаходзячы ў іх і «лапкі», і «вушкі». Абрадавая сімволіка мядзведзя, які мае чалавечыя рысы, — вельмі багатая і ў земляробстве, і ў вясельным чыне. Месца мядзведзя — «на мяжы». Памятаем яшчэ з дзіцячых казак, што касалапы — «хадок» з лесу ў вёску і наадварот. Звернемся да традыцыйнага календара і знойдзем дні, звязаныя з мядзведзем. Перш за ўсё яны нагадваюць пра час, калі звер выходзіць з бярлогі ці сыходзіць у яе (колішняя прыкмета пачатку і канца земляробчага года). У Неглюбцы вобраз мядзведзя найбольш пашыраны ў вясельных песнях. Такім чынам, форма, знаходжанне і назва знака — праявы існасці вобраза і яго месца ў культурнай сістэме. Геаметрычны значок утрымлівае ментальную інфармацыю!

Безумоўна, знакі арнаменту яшчэ захоўвалі сэнс падчас складання ўзору — тым «першым» ручніком неглюбскай традыцыі, якую атрымала ў спадчыну майстрыха з Гібкоў. У адваротным выпадку, ужыванне таго альбо іншага элемента не адпавядала бы логіцы кампазіцыі (іншай — для кожнай з традыцый).

Сама майстрыха, магчыма, усведамляла агульны сэнс комплексу сімвалаў. Парадак і назвы знакаў былі асвечаны традыцыяй — памяццю продкаў.

У абрадах, у якіх удзельнічала і наша майстрыха, бачыцца сівая даўніна. Вядомы іх сэнс. Гэтыя веды не заўсёды можна выказаць словам. Яны — само дзеянне, напоўненае неўміручасцю жыцця, адухоўленасцю Традыцыі.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика