Г. І. Лапацін

Асаблівасьцю этнаграфічнай працы Веткаўскага музея народнай творчасьці з’яўляеццца тое, што падчас экспедыцый мы не толькі зьбіраем рэчы альбо фіксуем іх існаваньне ў той ці іншай традыцыі, але, па меры магчымасьці, фіксуем “асаблівасьці іх сацыяльнага бытаваньня” (тэрмін С.А. Токарава) [1], г. зн. тое, як яны выкарыстоўваюцца ў звычаях і абрадах, прынамсі, сямейных, побытавых, земляробчых, жывёлагадоўчых, лекавых ды інш. Вывучэньне абрадаў паказвае, што рэчы, якія выкарыстоўваюцца ў іх, праз пэўныя магічныя механізмы ўплываюць на іншыя рэчы і рэчывы, чалавека і жывёлу, перадаючы ім адмыслова вызначаныя тыя ці іншыя ўласьцівасьці і якасьці.У дадзенай публікацыі, як гэта бачна з падзагалоўка, размова ідзе пра прадметы народнага адзеньня. Безумоўна, тэма вывучэньня ролі прадметаў адзеньня ў звычаях і абрадах далёка не новая ў этнаграфічнай літаратуры. У гэтым плане варта нагадаць манаграфію Г.С. Маславай “Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах ХІХ — начала ХХ века”, а таксама такія выданьні як “Беларуская народная вышыўка” і “Беларускі ручнік” В.Я. Фадзеевай, у якіх тэме выкарыстаньня прадметаў народнага адзеньня (тканін) прысьвечаны асобныя главы [2]. Трэба адзначыць, што падыход да дадзенай тэмы ў гэтых працах досыць традыцыйны: адзеньне разглядаецца проста як атрыбут самых розных абрадаў, прынамсі, радзінных, вясельных, пахавальных, земляробчых, жывёлагадоўчых і г. д. Найбольш блізкая для нас кніга Т.В. Валодзінай [3]: у ёй дасьледчыцай зроблены пэўныя захады ў адным з намі накірунку ў падыходзе да тэмы. Аўтар разглядае, якім чынам выкарыстоўваюцца ў самых розных абрадах асобныя прадметы адзеньня: кашуля, шапка, фартух, штаны, кажух, лапці. Навізна нашага падыходу да тэмы — у тым, што мы ў дадзенай публікацыі мэтанакіравана грунтуемся на ўнутранай семантыцы рэчаў, якая — у колеры, у дачыненьні да чалавека, вызначаючы яго па сацыяльных, полаўзроставых ды іншых прыкметах. Усё гэта адмыслова вызначаецца і непасрэдна носьбітамі традыцыі. Не мы, а нашы суразмоўцы самі распавядаюць, напрыклад, пра тое, што карову першы раз выганяюць на пашу праз фартух гаспадыні, каб яна “двара трымалася”, альбо пра тое, што для таго, каб “у будучых дзяцей былі косы кучарявыя”, муж і жонка пасьцілалі пад бок шубу, альбо пра тое, што лён сеюць у белай сарочцы, каб чысты быў, а грэчку — у чорным адзеньні, каб была чорная. Прычым карыстаемся мы матэрыяламі, якія зафіксавалі падчас экспедыцый за апошнія гады. Не мы, а нашы суразмоўцы, носьбіты традыцыі, вызначаюць і удакладняюць: “мужчынскае”, “жаночае”, хлапечае”, “чорнае”, “белае”, “з нябожчыка”, “са сьвячы”. І, у першаю чаргу, не мы, а нашы суразмоўцы супрацьпастаўляюць іх паміж сабой. Мы толькі фіксуем і пагаджаемся. Менавіта гэтыя прыкметы таго ці іншага прадмета адзеньня вызначаюць тую ролю, якая адводзіцца яму ў абрадзе.

Аўтэнтычныя запісы, што прыводзяцца ў гэтай публікацыі, атрыбутуюцца па Фонду экспедыцыйных матэрыялаў Веткаўскага музея народнай творчасьці. Большасьць з іх друкуецца ўпершыню. Асаблівасьці мовы інфармантаў захоўваюцца.

1. МУЖЧЫНСКАЕ ЖАНОЧАЕ ЯК СВАЁ І ЧУЖОЕ

У гэтай групе абрадаў на першы план выходзіць самае відавочнае ва ўяўленьнях пра ролю ў сямейным жыцьці, побыце і гаспадарчай дзейнасьці мужчыны як здабытчыка, абаронцы, і жанчыны як захавальніцы. І не мы, а нашы суразмоўцы, параўноўваюць жаночы фартух з хатнім агменем. І не мы, а нашы суразмоўцы вызначаюць, што ў нядобры час мужчынскае больш цэніцца. І не мы, а нашы суразмоўцы з дапамогай мужчынскага адзеньня змагаюцца супраць “калдуноў”, і не мы, а нашы суразмоўцы з дапамогай прадметаў жаночага адзеньня імкнуцца захаваць сваё ў межах сваёй гаспадарчай прасторы і навесьці лад у сям’і.

1.1 Як купіш карову, з мужчынскіх штаноў каўнер атрэжуць і на рогі. Ад усякіх калдуноў. Усякую Бог мінуту дае. Дае — харошаю, а яшчэ болей плахую. Таму шта мужчынскае даражэй цэніцца. Хто у доме хазяін? (Ад жыхаркі (ж-кі) в. Стаўбун Веткаўскага р. Марозавай Марыі Лаўрэнцьеўны, 1925 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 1999 г. Сш. 73. Ар. 20.)

1.2. Як выганяеш карову, пакласьць штаны мужыковы, замок і ключ і чэраз іх прагнаць карову і прагаварыць вот эта. ( Замову ад урокаў – Г. Л.) (Ад ж-кі в. Ліцьвінавічы Кармянскага р. Казлоўскай Натальлі Паўлаўны, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 1999 г. Сш. 91. Ар. 29.)

1.3. (Ад злых людзей) Первым разам, добрым часам. (Узяць трусы мужскія, тры штукі, махнуць па хаце). Хрыстос васкрэс. (Зёрнышкі пасыпаць па хаце і вымятаць трусамі). Выганяю злых з хаты, з двара, ведзьмаў, ведзьмакоў. Бог — на парог, а зьмяя – за парог. Што было нам, то пускай вам. Зерне ў цяпло, спаліць і сказаць :”Сьмерць калдунам!”(Ад ж-кі в. Ліцьвінавічы Кармянскага р. Казлоўскай Натальлі Паўлаўны, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.., Раманава Л.Д. у 1999 г. Сш. 91. Ар. 33.)

1.4. Такая мода была. Ідуць замуж: фартух, і на галаву чапец даюць. Дак фартух носюць кажды дзень, дажы чэраз дарогу не давалі прайціць, нельзя было прайціць. Штоб фартух не сымала. А як карову выганяя ў поле, кладзець на фортачку, на парог штоб карова дамоў хадзіла: “Як фартух міне, раба Божаю Марыю пільнуя, так штоб карова двара пільнавала”.(Ад п-кі з. Сівенка Веткаўскага р. Дзеравяшкінай Марыі Ягораўны, 1927 г. н. зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. Сш. 60. Ар. 34).

1. 5. А фартухам б’е, штоб хазяйку пільнавала…То шта фартухі — ета дамашні ачаг, жэншчына ў хаце. А тады фартухом сваім. Я гаварю: “А фартухом нашто?” А яна гаворя: “То шта фартух у міне дзень і ноч, штоб жы карова пільнавала двор”… А патом выганяя, фартухом б’е, штоб карова на пашу ды штоб дамоў хадзіла: “Як мой фартух міне дзяржыць дзень і ноч, (яна падперязалась) штоб ты так пільнавала свой двор”. (Ад п-кі з в. Старое Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1933 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 13.)

1.6. А як дзеці калісь не спалі, дак гаворя: “Як мой чапец крэпка сьпіць на маей галаве, дзень і ночь пільнуя, дак штоб дзіцёнак крэпка спаў!” І чапцом біла. Такі цапец быў — бабы насілі. Як павянчаяцца…і чапец. (Ад перасяленкі (п-кі) з в. Старое Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1933 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 13.)

2. МУЖЧЫНСКАЕ І ЖАНОЧАЕЯК “СЕМЯ” І “МАТКА”

У гэтым разьдзеле прыводзяца прыклады абрадаў, выканаўцы якіх адмыслова з дапамогай мужчынскага альбо жаночага адзеньня імкнуцца станоўча паўплываць на плоднасьць хатняй жывёлы, паўплываць на павелічэньне ўраджайнасьці, паўплываць на забеспячэньне будучай плоднасьці нованароджанага дзіцёнка.

2.1. Мая сьвякруха клала мужскія штаны, вот, як карову выганяла первы раз, лалажыла штаны мужскія. А я ёй гаварю: “Мама, на што ты ложыш мужскія штаны?” — “Штоб карова быстра пагуляла”. А мужчына ета ўжэ… Яна так казала. Я гаварю: “Мам, нашто ты палажыла штаны?” А яна гаворя: “Ну, штоб жы карова пагуляла, перяшла черяз штаны”. Штаны лалажылі, штоб жы карова пакрылась. Еслі карову выганяць вясной на пашу первы раз, на фортку ложаць штаны мужскія. А я ў сьвякрухі пытаю: “Нашто ты ета дзелаіш?” Яна гаворя: “Нада штоб карова пакрылась”. [Чаму мужчынскія? — Г.Л.] А патаму шта семя дае мужчына і бык. Семя не дасьць — карова не пакрыіцца. Затаго ж цяперь і гаваряць: “Мужчыны, сейця гуркі!” Так там гуркі. А бабы сеяць — німа гуркоў. Мужчына за таго што, ён пладатварыцель, а есьлі б жэншчына палажыла сваю юбку ці трусы, карова цэлая лета гуляя, гуляя і гуляя, вот, у сьвякрухі, у іх каровы век ялаўкі не было. Штаны сьпецыяльна Іванавы былі у іх для выгана кароў. І я выганяю. (Ад п-кі з в. Старое Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1933 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 13.)

2.2. “Калісь дзіцёнка ўверчывалі, бабы сабіралі свае старыя рубашкі, складалі навараждзённаму, што ў яе ўверніш, іменна ў жэнскаю, штоб плод прадаўжаўся, матка была”. (Ад п-кі з в. Старое Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1933 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 13.)

2.3. Када карову злучаюць, так ціхонька, канешна, штоб не слышалі пастароньнія людзі… злучаць карову, тады хазяйка фартушкам пакрыя да гаворя: “Не фартучок адзіваю, а карову пакрываю”. Тры раза так скажа. А патом за воласы, за сярэдзіну рукой пагладзя, тады за воласы сібе: “Як воласы галаву пілнуюць, так штоб плод пільнаваў матку, дзіржаўся за матку”. Тры разы скажуць. І штобы пастароньнія глазы не слышалі. (Ад ж-кі в. Пералёўка Веткаўскага р. Малашанка Лідзіі Ільнішны, 1932 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2010 г. Сш. 137. Ар. 1.)

Такім чынам, не мы, а нашы суразмоўцы падкрэсьлена вызначаюць мужчыну як “семя”, як “пладатварыцеля”, а жанчыну як “матку”. У сваю чаргу, большасьць этнографаў [4], мы не выключэньне, сказалі б, што дадзеныя абрады маюць (эратычны) шлюбны накірунак, і ў першым выпадку сімвалічна пазначаецца апладняльная патэнцыя мужчыны, а ў другім — здольнасьць да народзінаў у жанчыны. У першым выпадку відавочная сімвалічная імітацыя палавога акта, у другім выкарыстоўваецца магчымасьць простым дотыкам перадаць уласьцівасьць аднаго прадмета другому.

3. МУЖЧЫНСКАЕ — ХЛАПЕЧАЕ

У мужчынскаю сьперва не ўматываюць дзевачку, штоб мужыкоў не любіла. Хлапецкаю рубашку рвуць, уматываюць дзевачку, штоб любілі хлопцы.(Ад ж-кі в. Бяседавічы Хоцімскага р. Магілёўскай вобл. Жарыкавай Натальлі Яўціх'еўны, 1927 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 1998 г. Сш. 82. Ар. 2.)

У наяўнасьці спроба далучэньня нованароджанай дзяўчынкі да сферы культуры, маралі, этыкі, якія існуюць у калектыве. Вылучаецца прыналежнасьць выкарыстоўваемага ў абрадзе адзеньня па сацыяльнаму (сямейнаму: жанаты / нежанаты) статусу таго, каму яна належыць.

4. ЧОРНАЕ І БЕЛАЕ

4.1.Старыя людзі не пераадзяваліся к Ражству, штоб грэча чорная была.(Ад ж-кі п. Новае Залядзьдзе Веткаўскага р. Фяськовай Алёны Кандратаўны, 1914 г.р., зап. Лапацін Г.І. у 1991 г. Сш. 47. Ар. 12.)

4.2. Белаю сарочку адзяваюць і даўгую такую, штоб лён бальшы рос і чысты. А то “жыцец“ расьце. Трава ё – “жыцец“. Толькі ў ляну расьце. (Ад п-кі з п. Ляда Веткаўскага р. Грыньковай Анастасіі Іванаўны, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 1999 г. у Ветцы. Сш. 56. Ар. 109.)

4.3. Грэчку сеялі ў цёмным. Штоб сьпела лучшэ. Яна ж цёмная сама — грэчка. Штоб яна сьпелая была. А то палавіна зелянкоў бывая. А палавіна сьпелыя. У старая ўрэмя надзявалісь па сорту яравых ці чаго. (Ад п-к з в. Старое Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1933 г. н., і п. Амяльное Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 13.)

У дадзеных абрадах дастаткова выразна пазначаецца знакавае выкарыстаньне колеру адзеньня. У гэтых адносінах цікавым падаецца звычай, запазычаны жыхаркай Веткі Шумейка Марыяй Мікітаўнай, 1929 г. н., падчас жыцьця ў Карэліі ў мясцовага насельніцтва. Каб памідоры чырванелі, яна іх падвязвае стужкамі чырвонага колеру.

5. СУКРЫСТАЕ — ПРАМОЕ

Калісь Каршаніха казала, як ужо Васіль пажаніліся з Машай, дак яна і кажа: “Падсьцілайця стараю шубу пад бок”. А Маша гаворя: “А чаго?” — “А штоб у дзяцей былі косы кучарявыя”. Дак у іх, праўда, Віцька малы быў, як барашачкі, косы, і ў Томкі кучарявыя, і ў Грышы кучарявыя. [Калі падсьцілаць?] Падсьцяліў, і ніхай яна там. І каждаю ноч. Ты ж не знаіш, калі ты смасьцірыш дзіцёнка”. (Ад п-кі з в Амяльное Веткаўскага р. Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. у Ветцы. Сш. 117. Ар. 174.)

Калі сеялі лён, спачатку расчэсвалі валасы, каб былі длінныя, не закручаныя нідзе і не звязаныя ў вузёл, апраналі длінную сарочку, і абавязкова, каб была ільняная, і пояс не падвязвалі, штоб была прамая, длінная, і бралі праз плячо сявалку, і маліліся Богу, гаварылі: “Госпадзі, благаславі на длінны лён!” І сеялі. А мужчыны таксама апраналі “рубашку” прамую, длінную, тожа без пояса, штоб не падвязаная была, іменна, не падвязаная, длінная. І штаны адзявалі, і рубашка паверх штаноў была прямая, длінная. (Па аповеду ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Прыходзька Пелагеі Андрэеўны, 1927 г. н. зап. Лапацін Г.І. у 2011 г. Сш. 131. Ар. 34.)

У дадзеных абрадах адмыслова і відавочна акцэнт робіцца на зьнешні выгляд адзеньня, якім карыстаюцца выканаўцы гэтых абрадаў. Адметнасць у гэтыя прыклады ўносіць такая дэталь, як вызначаная непадпаясанасьць кашулі, якую апранаюць падчас пасеву льна.

6. МЁРТВАЕ — ЛЕКАВАЕ/ШКОДНАЕ

Пры розных болях, хваробах і ў напружаных жыцьцёвых сітуацыях выканаўцы абрада імкнуцца прыйсьці ў судотык з рэчамі нябожчыка, каб пераняць ад яго пэўныя якасьці альбо для сябе, альбо каб перадаць іх трэцьцяй асобе. У абрадах гэтай групы, як і ў абрадзе, прыведеным ў п. 2.2, выкарыстоўваецца магчымасьць простым дотыкам перадаць уласьцівасьць аднаго прадмета другому. Як паказваюць нашы прыклады, у вербальных формулах, якія суправаджаюць абрад, выразна вызначаецца, менавіта якія якасьці, уласьцівыя нябожчыку запазычваюцца, каб пазбавіцца ад хваробы, спыніць буйны нораў хатняй жывёлы, прываражыць хлопца, спыніць мужа, калі той “загуляе” , засьцерагчы сябе ад адмоўнага прысуду падчас суда ды інш. Да магічных дзеяньняў з рэчамі, што належылі нябожчыку, таксама зьвяртаюцца і выканаўцы шкодных абрадаў. У прынцыпе гэта зразумела: калі можна перадаваць такім чынам добрыя якасьці, то можна перадаваць і благія.

6.1. Што зьдзяюць з яго адзежы, што на ём была, дак ад тыя адрываюць, платочак, там ці што, так бяруць тое, ласкуцінку, хадзілі на суд, штоб не судзілі так. Есьлі балея ёмка, дак перявязывалі: “Як эты мёртвы глух, і нем, уст не адкрывая, нічога не бажая, штоб і была ціха, не балема і неўрідзіма”. (Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Дзямчыхінай Раісы Васільеўны, 1935 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. Сш. 105. Ар. 95.)

6.2. Паміралі мерцьвякі, рукі звязывалі, ногі звязывалі, рот падвязывалі, сьцёжку кралі, што ногі зьвязывалі. Хлопцаў дзеўкі путалі, штоб любілі лучшэ. Куды сумеіш, прышыіш кусочык, штоб не бачыў ён. Здьзелаць, каб ён не бачыў. Як гулялі разам, так сумей яму куды-небудзь прыкальнуць. Можна ж у кусьцюм ушыць. Не ты, так другая зьдзелая. Штоб прічапіўся лучшэ к дзеўкам, гаворя: “Як пакойнік нікуды не завіў, штоб ты ад міне не атходзіўся”. Можа, і жонка каторая путала, накіня сьцежку тую, штоб не бегаў. (Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Халюковай Валянціны Аляксандраўны, 1930 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2006 г. Сш. 105. Ар. 95.)

6.3. Карову, як целіцца, так, як даіць, так путалі, штоб ня біла, штоб стаяла так: “Як мяртвяк ляжыць, штоб і карова так стаяла”. Эта путалі кароў, той сьцёжкай. Эту сьцёжку, што ногі путалі, мяртвяк як памірая, зьвязываюць ногі, рукі, штоб не расходзілась. Тады тую сьцёжку і бралі, а тыя сьцёжкі, хто адзін возьмя, тады дзяруць ад тыя сарочкі, карову путалі, як целіцца перва, біліся ёмка каровы, путалі: “Як мярцьвяк ціха ляжыць, штоб так і карова стаяла”. Штоб прычапіўся лучшэ к дзеўцы, гаворя: “Як пакойнік нікуды не завіў, штоб ты ад міне не атходзіўся”. Можа, і жонка каторая путала, накіня сьцёжку тую, штоб не бегаў. (Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Халюковай Валянціны Аляксандраўны, 1930 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. Сш. 105. Ар. 94.)

6.4. Абыкнавенна нада атрываць, як памёр чылавек… памёр адзін чылавек, а тады сарочка тая, штоб два разы ў той сарочцы памёр чылавек, і мы тую сарочку надзелі яму, мой мужык, кажу: “Ён памрэ”. Мы яму надзелі, і ён у той сарочцы памёр. Два сьмерцякі памёрла ў рубашцы. Тая рубашка — ужо лекарства. Бяры, адрывай сьцёжачку і завяжы, дзе баліць…

А як памрэ, ізьвязываюць ногі сьцёжкай, яны ж раськідаюцца, ногі, і скарэй хапаюць эту завязку, і тады хароняць. Эта вешч харошая! Лякарства. Падперязыюцца, рука баліць — перематыюць.(Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Саломеннай Вульляны Мікалаеўны, 1932 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. Сш. 105. Ар. 94.)

6.5. Ад чорнай балезьні зьнімуць з крыжа ручнік, абвяжуць вакруг пояса, тры дні пабудзя не зьнімаючы, тады назад нясуць на кладбішча. Радзі балезьні робяць так. (Ад ж-кі в. Бабічы Чачэрскага р. Лукомскай Вольгі Кірылаўны, 1921 г. н., зап. Раманава Л.Д. у 1998 г. Сш. 75. Ар. 25.)

6.6. Калі на пахаваньні ўзяць ад сарочкі нябожчыка рубец сарочкі ці путы, то калі будзеш красьці — ніхто не найдзе. Балелі ногі — путы папрасілі; кінулі ў ваду — каб не сьнілася. (Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Барсуковай Марыі Сьцяпанаўны, 1930 г. н. зап. Сьмірнова І. Ю. У 1979 г. Сш. 13. Ар. 11)

6.6. Чулася такоя ў народзе, што, як памрэ чэлавек, дак, як падвязываюць, ці рот раскрыты, ці ногі зьвязывая, што расходжываюцца, пакуль застыня, казалі тряпачкі тыя бяруць на калдаўство. (Ад ж-кі в. Казацкія Балсуны Суднека Ганны Яўсееўны, 1937 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. Сш. 99. Ар. 91.)

7. АСЬВЕЧАНАЕ

Безумоўна, у літаратуры прыводзяцца шматлікія прыклады выкарыстаньня ў абрадах рэчаў, асьвечаных у храме. Не адмаўляюцца ад гэтага і жыхары нашых вёсак. Але, разам з гэтым, яны выкарыстоўваюць магчымасьць зрабіць гэта і на “Сьвячы”. [5] І не мы, а нашы суразмоўцы падкрэслена вызначылі выкарыстаньне ў вясельным абрадзе фартуха, які належыць хроснай маці.

7.1. Баба мая брала ў цэркаў сьмяротную адзежу, штоб грахі ачышчаліся. Брала ў вузялочку. Сама спавядалася і адзежу асьвячала. (Ад ж-кі Веткі Валчковай Фаіны Рыгораўны, 1921 г. н., былой ж-кі в. Покаць Чачэрскага р., Рэчкі Веткаўскага р. зап. Раманава Л.Д. у 2000 г. Сш. 75. Ар. 144, 145.)

7.2. На плашчаніцу носяць, як выносяць, сьцеляць, платочак, што хочыш. Бяруць каторыя, у каго галава баліць. Платочкі, і ўціральнікі, і мацірьял харошы. Я слала, сказала етаму, каторы там: “Эты аддасі назад, а эта ніхай тут астаецца”. (Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Халюковай Валянціны Аляксандраўны, 1930 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. Сш. 105. Ар. 94.)

7.3. Была я маладзейшая, атпраўляла Сьвячу. Служеніе дзелала, атчытывала… Людзі прыносяць, хто лентачку, хто хустачку. Паляжыць хустачка месяц, тады забіраюць, носяць. І сьпяць дажа у етай хустачцы. (Ад ж-кі в. Красная Буда Добрушскага р. Мацьвіенка Тацьцяны Іванаўны, 1929 г. н., зап Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2001 г. Сш. 76. Ар. 37.)

7.4. Як прыедуць за маладой да забіраяць, і кругом стала абводзяць, дак хрёсная матка гаворя: “Глядзі! Як мой хвартук мяне пільнуя, маё цела пільнуя (ужо, падвязыя), што б ты жонку так пільнаваў і ахраняў”. Ета хрёсная матка так гаворя. Штоб яна з мужыком была напару. [Чаму калі выганяіш карову — проста фартух, а калі за нявестай прыязжаюць, там хросная? — Г.Л.] Усё баба наша казала: “Хрёснаю матку шануйця лучшэ родныя. Патаму шта яна ваша г… . дзяржала перяд Хрястом, перяд крястом. Ета бальшоя дзела — кумой быць… Ты дзяцёнка дзяржыш перяд Хрястом — ангелочка. Дак шануйця хрёснаю”. Наша баба ўсё кажа на матку: “Не ругайся з Васяй нікалі. Яна тваё гаўно дзяржала пад Хрястом. Ты выняла ета гаўно, а яна дзяржала пад Хрястом”. (Ад п-кі з в Амяльное Веткаўскага р. Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 117. Ар. 160.)

7.5. (Чаму на “бараду” падчас жніва клалі з мужчынскай кашулі? — Г.Л.)Патаму шта счытаюць: мужчына сьвяты. Бабы ж — грэшныя. Хоць ён і блядун, а ўсё адно — сьвяты. Мужчын жа і ў алтар пускаюць. Мужчына — ета, па закону, сьвяты. (Ад п-к з в. Старое Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1933 г. н., і в. Амяльное Веткаўскага р. Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2006 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 13.)

Такім чынам, як паказваюць зафіксаваныя намі матэрыялы, носьбіты традыцыі не толькі адмыслова вызначаюць тую ці іншую ўласьцівасьць прадмета, які выкарыстоўваецца імі ў абрадзе, але і добра разумеюць, якім чынам менавіта яна адаб’ецца на выніку абрада.

1. Токарев, С.А. К методике этнографического изучения материальной культуры.[Текст] /С.А. Токарев/ Советская этнография. / Москва: Наука. / 1970, №4. — С.3—17.

2. Маслова, Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах ХІХ — начала ХХ века.[Текст] // Г.С. Маслова / Москва: Наука. — 1984. — 216 с; Фадзеева, В.Я. Беларуская народная вышыўка.[Тэкст] // В.Я. Фадзеева. / Мінск. Навука і тэхніка. — 1991. 199 с.; Фадзеева В.Я. “Беларускі ручнік”. [Тэкст] // В.Я. Фадзеева. / Мінск: Полымя . — 1994. С. 37-118, 327 с.

3. Валодзіна, Т.В. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў . [Тэкст] // Мінск: Тэхналогія. — 1999. 167 с. 113-151.

4. Валодзіна, Т.В. С. 86.

5. Лапацін, Г.І., “Божая адзёжка”. Аб уплыве кананічных тэкстаў на народнае хрысціянства на прыкладзе абраду “Свяча” [Тэкст] / Г.І. Лапацін // Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання: зборнік навуковых прац удзельнікаў Vміжнароднай канферэнцыі (Мінск. 29-30 красавіка — 1 мая 2011 г.) БДУ КМ; рэдкал: Мажэйка М.А. (адказ. рэд.) [і інш.] — Мінск: БДУ КМ, 2011, 268 с. С. 93-97.

Генадзь Ісакавіч Лапацін,
вядучы навуковы супрауоўнік Веткаўскагя музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава.

Апублікавана: “Российско-Белорусско-Украинское пограничье: актуальные проблемы науки и образования” Сборник материалов международной научной конференции. г. Новозыбков Брянская обл.. 10-11 ноября 2011 г. Редкол.: В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтов, С.Н. Стародубец, А.В. Шлома, Е.Н. Шубабко. — Брянск: Изд. БГУ, 2011. — 227 с. С. 121 — 128.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика