Праблема тэарэтычнага асэнсавання і навуковага каментавання помнікаў старажытнай пісьменнасці, а пазней - твораў новай літаратуры і ўзораў народнай творчасці, паўстала ў філалагічным асяроддзі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. Гэта было абумоўлена развіццём ва ўсходнеславянскай гуманітарыстыцы ідэй культурна-гістарычнай школы і тым, што ў гэты час выдавецкая дзейнасць паступова станавілася на навуковую аснову і пачынала ўсведамляцца як справа важная і адказная. Ужо ў 1860-я гг. акадэмічная навука выпрацавала шэраг патрабаванняў, якія пазней складуць снову тэксталогіі: максімальнае прыцягненне варыянтаў тэкставых / вусных крыніц, адлюстраванне варыянтаў, гісторыка-літаратурнае і этнаграфічнае каментаванне, храналагічны прынцып аналізу твораў і іншае.

У ХХ ст. тэксталагічны падыход развіваецца, у першую чаргу, у кантэксце літаратуразнаўства. У 1928 г. Б.П. Тамашэўскі піша: "Сучасны пісьменнік зразумелы свайму чытачу без адмысловай падрыхтоўкі, акрамя так званай агульнаадукацыйнай, г. зн. дастатковы нейкі культурны ўзровень, каб чытаць і цалкам разумець сучасны твор. Не трэба быць адмыслоўцам, каб цікавіцца белетрыстыкай. Між тым старажытныя літаратуры патрабуюць для азнаямлення з імі цэлага шэрагу спецыяльных ведаў. Неабходна ведаць мову, на якой напісаны твор, і гісторыка-этнаграфічны кантэкст, каб зразумець дакладны сэнс чужога сучаснаму жыццю твора. Акрамя таго наогул, каб зацікавіцца старажытным творам, трэба быць у нейкай меры адмыслоўцам, г. зн. накіроўваць сваю ўвагу на тыя з’явы, якія сёння не актуальныя для культурнай большасці" [Томашевский 1928, 5-6].

Але тэксталагічнае каментаванне ўзораў фальклору надзвычай перспектыўнае і ў галіне даследавання вуснай народнай творчасці. Так, С.А. Рэйсер, грунтуючыся на высновах Б.П. Тамашэўскага, адзначае, што "фальклор, старажытная літаратура, літаратура новага часу - усе яны ў роўнай ступені з’яўляюцца аб’ектамі тэксталогіі" [Рейсер 1978]. С.А. Рэйсер сцвярджае, што адной з задач тэксталогіі з’яўляецца каментаванне тэксту, і фармулюе асноўныя асаблівасці навуковага жанру каментара: "Незалежна ад таго, якой чытацкай катэгорыі каментар прызначаны, ён не ўяўляе сабою чагосьці аўтаномнага ад тэксту, а падпарадкаваны яму - ён павінен дапамагчы чытачу зразумець тэкст. Каментар - сатэліт тэксту" [Рейсер 1970, 293].

Наш палявы і даследчыцкі досвед дазваляе сцвярджаць, што кожная з замоў - своеасаблівы закончаны аповед, у аснову якога пакладзены эпізод з народнага жыцця. Замовы, зафіксававаныя ў лакальных межах, утвараюць сабой адзін вялікі "твор", асобныя часткі якога аб’яднаныя вобразам асобы носьбіта мясцовай культурнай традыцыі. Усе падзеі ў гэтым "творы" падаюцца ад імя першай асобы - чалавека, які жыве гэтым жыццём кожны дзень і ўсведамляе яго на ўзроўні сваёй міфалагічнай свядомасці.

Тэксталагічны аналіз групы замоў, зафіксаваных у лакальных межах, дае надзвычай цікавыя вынікі. Прыкладам падобнага аналітычнага даследавання з’яўляецца гэты артыкул.

Асаблівае месца ў міфалагічных уяўленнях жыхароў населеных пунктаў Веткаўскага, Кармянскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама ў вёсках памежнай Браншчыны займаюць дабрахожыя - міфалагічныя персанажы, якія спалучаюць у сабе рысы дамавіка, лесавіка і дваравога. Упершыню вызначэнне дабрахожага ў навуковы ўжытак было ўведзена аўтарам гэтай публікацыі ў 1992 г. у нататках "О демонологической лексике в языке жителей Ветковского района" [Лопатин 1992, 26-28]. У народнай памяці захавалася вялікая колькасць сведчанняў пра іх. Гэта могуць быць як проста канстатацыі, так і цэласныя былічкі [Лопатин 2007, 275-292; Лопатин 2008, 183-217]. З аповедаў пра дабрахожых можна даведацца літаральна ўсё: аблічча, функцыі, паходжанне, стасункі з чалавекам. Сустрэчы чалавека з дабрахожымі амаль заўсёды адмоўна ўплывалі на стан яго здароўя. Амаль адзінай мовай дыялогу паміж гэтымі істотамі і чалавекам з’яўляюцца замовы, што прамаўляюцца людзьмі, часта ў спалучэнні з "атносам" - рытуальным ахвярапрынашэннем, якое выконваецца паводле асаблівага рытуалу [Лапацін 1993, 41-43; Лапацін 2001, 30-35; Лапацін 2011, 20]. Па словах адной рэспандэнткі, якая нібыта мае здольнасці з імі размаўляць: "Сам ад іх не асвабадзішся. Нада ка мне. Я пашапчу хлеб"1. Цалкам натуральна, што ў тэкстах гэтых замоў узнікаюць дэталёва акрэсленыя рысы дабрахожых.

У гэтым плане цікавым падаецца тэкст, скапіраваны ў 2006 г. аўтарам з лісткоў, што належаць перасяленцы з в. Старое Закружжа Веткаўскага р-на Праскоўі Сяргееўне Кужэльнай, 1933 г. н., а дагэтуль належалі яе свякрусе - Параскеве Паўлаўне Кужэльнай, 1901-1997 (8)2. На мой погляд, у гэтым тэксце найбольш


1 Зап. Г.І. Лапацін, С.І. Лявонцьева ў 1991 г. у в. Старыя Бабовічы Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл. ад Лукер’і Усцінаўны Кажамяка, 1924 г. н. Сш. 108. Арк. 18.

Палявыя запісы атрыбутуюцца па фонду захоўвання Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Асаблівасці гаворкі інфармантаў захоўваюцца. У запісах, скапіраваных са сшыткаў, захоўваюцца асаблівасці арфаграфіі і пунктуацыі.

2 З лісткоў, што належаць Праскоўі Сяргееўне Кужэльнай, 1933 г. н., перасяленцы з в. Старае Закружжа, дагэтуль належылі яе свякрусе Параскеве Паўлаўне Кужэльнай, 1901-1997 (8), скапіраваў Г.І. Лапацін у 2006 г. у г. Ветка. Сш. 121. Арк. 7.

поўна захаваны ўяўленні пра гэты міфалагічны персанаж. Літаральна кожная фраза, кожны выраз, уключаючы яго назву, патрабуе расшыфроўкі. Кожны вобраз замовы можна праілюстраваць тэкстамі аповедаў і былічак, фрагментамі іншых замоўных тэкстаў.

От случайных упадков

Лес зеленой, лес земленой, богатырь моладой, Вы не один, вас 12 усих, у шубы одевались, белой полой покривались, у дорогу убирались, ишли ж вы вирями, бурями, ницами лозами, крутыми беряжками, жовтыми песками, широким надворьем, раба божия (имя) не знала, на следок стала, то простите не дивите, не сама я вас прошу, прося Вас месец, краснае солнышко.

Назва замовы "От случайных упадков" сінанімічная іншым абазначэнням негатыўных наступстваў ад стасункаў з дабрахожымі - "случыўся", "случылась", "случаіцца". Найперш уплываюць такія сустрэчы на стан здароўя чалавека, адсюль і назва - "упадкі". "Інагда будзіце іціць, і на вас найдзе такі вецер. І яно вам ні мінецца. І вы, як таго ўрэмя даждзіцё, калі яно вам случылася, і вам плоха становіцца, тады нада чалавека шукаць, і штоб ён ужо пашаптаў. І яно праходзя" (гл. тэкст 7). Усе прыклады ў зносках з’яўляюцца тыповымі.

"Ета на дамавых. Случаіцца людзям, ці ні там памочыцца, ці што… " (гл. тэкст 6).

"Вот яўляюцца какіе-та людзі, дабраходжыя. Яны ў блісцяшчай адзежы. Як самы дарагі начальнік. Яго, як пабачыш, так паралізуе чалавека. І расказываюць це, што ўмеюць шаптаць, што вецер найдзе - і паралізуе чалавека… "1.

Тут неабходна адзначыць, што вецер - адно з увасабленняў дабрахожага. Адсюль і замовы "Ад ветра": "Маей мамы баба ўсё знала. Вот гаварыла, паехалі ў Ляды, там пасека была, атрэзалі дуб, я пашла каня запрягаць, прывозіць і паднялась (бура), і ўпала на землю. Матка прышла, я - нежывая"2. "Я ляжала, думала, памру нідзелі дзве таму назад. У нас на дварэ яно случаецца. Толькі я, кураняты закрычалі, управілась ужэ ўранні, скот дагледзіла, закрычалі кураняты, я вышла, думала: "Можа, сабака". На сабаку крыкнула, і тут жа, як ідзеш ад хвортачкі, як крутнула перада мной, як усё адно, сіняя кацелка, і міня галавой аб калідор. Так я ляжала не падымалась два дні"3.

Лес зеленой, лес земленой <… > раба божя (імя) не знала

Звяртаем увагу на тое, што ў прыведзеным тэксце адсутнічае традыцыйны для замоў зачын "Госпаду Богу памалюся", носьбіт звяртаецца толькі да лесу. Аналагічная апеляцыя ў канцоўцы, дзе замест традыцыйнага "я словам, Гасподзь с помашчу", гучыць "не сама я вас прошу, прося Вас месец, краснае солнышко".


1 Зап. Г.І. Лапацін у 1990 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на ад Фёклы Дзянісаўны Хамяковай, 1908 г. н. Сш. 52. Арк. 9.

2 Зап. Г.І. Лапацін у 2005 г. у в. Неглюбка Веткаўскага р-на ад Раісы Васільеўны Дзямчыхінай, 1941 г. н. Сш. 105. Арк. 88-89.

3 Зап. Г.І. Лапацін у 1992 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Хвядоры Хвядосаўны Халюковай, 1910 г. н. Сш. 73. Арк. 49.

Відавочна, што ў стасунках з дабрахожымі не звяртаюцца па дапамогу да хрысціянскага бога, што абумоўлена ўяўленнямі пра іх паходжанне. Паводле самай пашыранай версіі, дабрахожыя паходзяць ад дзяцей, якіх бацькі па нейкіх прычынах не пахрысцілі ці, пасаромеўшыся іх вялікай колькасці, утаілі ад Бога. Пры гэтым, паводле асобных аповедаў, іх схавалі менавіта ў лесе. За гэта Бог зрабіў дзяцей нябачнымі і ператварыў іх у дабрахожых. Такім чынам лес стаў для гэтых дзяцей прасторай, якой для чалавека хрышчонага выступае храм. Адсюль і вялікая колькасць аповедаў пра сустрэчы з дабрахожымі ў лесе.

З другога боку, аб’ект магічнай практыкі вызначаецца як "раба Божая". Па меркаваннях носьбітаў традыцыі, выканаўца практыкі і аб’ект гэтай практыкі павінны адпавядаць адзін аднаму ў плане маралі і светапогляду. У гэтым плане цікавай падаецца размова з народнай лекаркай. На пытанне, ад каго яна навучылася шаптаць, лекарка адказвае: "Ад маткі. К маёй матцы, як вечар, палядзіш, із тога канца, а дзярэўня ж бальшая, нясуць малога, з тога - нясуць. <… > А матка ад бабы. Матка гаворя: "Ой, як мне надаела кажан вечар гаварыці". А ка мне ў любоя ўрэмя… І каму паможа, а каму не паможа… Еслі гарэлку хто п’е, такім помашчы німа. <… > А еслі баба гарэлкі ні п’е, штоб апрятна было, тады тому помашч"1.

У гэтым плане паказальны наступны фрагмент (гл. тэкст 7), у якім традыцыйны для замоў малітоўны ўступ спалучаецца з традыцыйнымі ўяўленнямі пра духаў лясной прасторы: "Первым разам, Гасподнім часам Госпаду Богу памалюся, Мацеры Гасподняй прыкланюся. Не сама сабою, Прячыстая Маць са мною. І добры дзень табе, лес лясной і ты, хазяін часной".

Тэксты 6 і 13, хоць і нязначна, але пашыраюць кола тых, хто мог кантактавацца з дабрахожымі: выразы "Хвастом перахрышчуся… " (гл. тэкст 13) і "Маткіным нараждзеніем… " (гл. тэкст 6) паказваюць на калдуноў і тых, каму гэта здольнасць даецца "па пародзе".

У тэкстах былічак мы сустракаем звесткі пра яшчэ колькі персанажаў, што ўмеюць размаўляць з дабрахожымі: асобыя людзі, бабка, бабка серадавая, бабка пятніковая, ваўфілі (ваўхвіліі), граматны чалавек, дастойныя Богу, знахары, знаюшчы чалавек, людзі акуратныя ў паводзінах / людзі скромныя ў паводзінах, калдун, каму Гасподзь дазволіў, набажны чалавек, святар, хто пабачыў папараць-кветку, шаптуны.

<… > богатырь моладой <… >

"Багатырамі" іх называюць за неверагоднаю фізічную сілу і прыводзяць красамоўныя сведчанні:

"Летась я гной важу. Мне цяжола. Тачка такая жалезная. Я па кучачцы. Мне цяжола так цягнуць. Тады гавару: "Госпадзі! Хадзіце-ка мне дапамагаць! Да ўсі ж мае блізкія тут: і браты, і бацька, і матка! Усі хадзіце! Хадзіце, - кажу, - багатырская сіла!". Госпадзі! Адкуль узяўся віхар такі? Падымае маю тачку з гноем


1 Зап. Г.І. Лапацін у 2015 г. у в. Навасёлкі ад Марыі Іванаўны Капковай, 1933 г. н., родам з в. Юркавічы. Сш. 126. Арк. 38.

і мяне ў воздух. Думаю: "Панясе і мяне з тачкай". Я так наніз падаю і кажу: "Амінь! Амінь!", і тады тачка тая наніз устала, урэду ніякага не здзелала"1.

"Ну, вот такія багатыры. І яны, еслі захочаць чалавеку ўрэд здзелаць, яны абязацельна здзелаяць. Еслі захочуць чалавеку дабро, нікагда не абідзяць, усё здзелаюць чалавеку харошая. Так што дабраходжыя - тыя самыя людзі"2.

<… > вы не одін, вас 12 усіх <… >

Дабрахожых, па некаторых крыніцах, ад шасці да сямідзесяці двух. Па асобных уяўленнях - менавіта дванаццаць. "Ной строіў каўчэг. Дванаццаць - сказаў, а дванаццаць - не сказаў. Ён пастыдзіўся Бога, што "у мяне дваццаць чатыры дзіценкі", а сказаў: "Дванаццаць". Гасподзь сказаў: "Ну дак, бяры дванаццаць сваіх дзяцей, ідзі ў каўчэг"3; "Цётка мая знала. Я хацела навучыцца, дык яна мне кажа: "Не хаці, пляменіца. Іх дзвенаццаць братоў. Прагаворыш не так - яны цябе вызавуць перагаворваць"4.

Зварот да дабрахожых на Вы вызначае іх як своеасаблівы народ, як супольнасць, як сям’ю, што пастаянна падкрэсліваецца ў замовах:

"Правялікі гаспадын лесавой, правялікі дваравой, Антоній лесавой, Сціхваній палявой і бізыменный дваравой і маць Маланія, правялікая гаспадыня, прасі сваіх сынавей, каторыя нам шкоду здзелалі. Ты ж іх радзіла, ты ж іх выправіла" (тэкст 9).

"Я вас, братцы, угаварываю, умаляю, на крутыя горы ссылаю. <… > Вот там Максім, Лена, Аляксана, Мар’я - усех вас прашу… " (тэкст 6).

Тое самае і ў аповедах: "Баравой, палявой, дваравой, лесавой, а над німі глаўны - Адам Адамавіч"5, "Сколькі сям’і ў нашым домі, столькі і той сям’і"6, "А мы ж людзі такія, што наш <… > Вот ета тыя дабраходжыя. У іх свая традзіцыя, у нас свая"7, "Тыя самыя людзі, толькі эта - відзімыя, а эта - невідзімыя"8.

<… > у шубы одевалісь <… >

Гэта акалічнасць падкрэслівае ўяўленне пра дабрахожых як пра істот, цалкам пакрытых поўсцю. Час ад часу, паводле былічак, яны з’яўляюцца ў выглядзе авечак, сабак і нават людзей. Адсюль у асобных замовах: "Дзядзішча, дзядзішча, кучаравая галавішча, шырокая барадзішча" (тэкст 3). У былічках: "Мне


1 Зап. Г.І. Лапацін у 1990 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на ад Алены Яфімаўны Голды, 1922 г. н. Сш. 52. Арк. 3.

2 Зап. М.М. Гаршкоў у 1992 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Марыі Лаўрэнцьеўны Зуевай, 1925 г. н. Сш. 3 (відэа). Арк. 30-28.

3 Зап. Г.І. Лапацін у 1989 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Марыі Лаўрэнцьеўны Зуевай, 1925 г. н. Сш. 73. Арк. ЗЗ.

4 Зап. Г.Р. Нячаева у 1991 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Хвядоры Хвядосаўны Халюковай, 1910 г. н. Сш. 95. Арк. 4-5.

5 Зап Г.І. Лапацін, С. І. Лявонцьева ў 1991 г. у в. Старыя Бабовічы Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл. ад Лукер’і Усцінаўны Кажэмяка, 1924 г. н. Сш. 108. Арк. 18.

6 Зап. Г.І. Лапацін у 1993 г. у в. Кашкоўка Краснагорскага р-на Бранскай вобл. ад Марыі Захараўны Бярозы, 1916 г. н. Сш. 1. Арк. 19.

7 Зап. М.М. Гаршкоў у 1992 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Аксінні Лаўрэнаўны Зуевай, 1927 г. н. Сш. 3 (відэа). Арк. 30.

8 Зап. Г.І. Лапацін у 1989 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Марыі Лаўрэнцьеўны Зуевай, 1925 г. н. Сш. 73. Арк. ЗЗ.

лет дзевяць-дзесяць было. Ганялі мы з хлопцамі каней у начное. І, вот, гдзе-та перад Міколай, пад вутра, сматру, стаіць мужык, рукі длінныя, воласы па ўсяму целу. Каня гладзіць, з уздзечкай іграецца. Толькі я хлопцам крыкнуў: "Хлопцы, сматрыце!" І он ісчэз1.

<… > белой полой покрівалісь <… >

Яшчэ адной асаблівасцю іх знешняга аблічча выступае белае адзенне: "Нямнога людзі ўстрачалі, хто ўстрачаў у белай адзежы, хто ў цэркоўнай, як каму здавалась - няроўна, аднаму здаецца так, другому - так"2. Празмерная валасатасць і белае адзенне могуць характарызаваць персанажа і ў межах аднаго тэксту: "У нашай дзірэўні бабі адной здавалася. Яна жыла недалёка, памерла ўжо. Хатка была над Сожам. І, вот, гавора: "Ляжу сплю, адкрываюцца дзверы ў хату, а я знаю, што закрыла. Ідзець такі чалавек кашлаты, і так міня напужаў, што я елі жывая асталася. І тады перабралася з таго места". У белай рубашкі другой раз ходзя, на белым кані, сам - белы. І ў нас называецца дабраходжы3.

"<… > ишли ж вы вирями, бурями, ницами лозами, крутыми беряжками, жовтыми песками, широким надворьем <… >"

Паводле тэкстаў былічак, сустрэць дабрахожых можна літаральна паўсюль. Нашымі інфармантамі называюцца такія элементы прасторы, як агарод, базар, балота, возера, гумно, двор, дом, жывіцы (крыніцы, ключы), калодзежы, кладбішча, клець, лес, ростані (раскрэсы, раскрэс, хрэст), поле, межы. Адсюль і дастаткова незвычайныя вызначэнні як у замовах, так і ў былічках: "Прошу я вас, хозяин полевой, хозяин дворовой, хозяйка полевая, хозяйка дворовая, парень полевой, парень дворовой, девка полевая, девка дворовая <… >" (Гл. тэкст 12); "У поле - я не знаю, а ў лесе - лясныя дамавыя"4; "Прошу я вас, хозяин полевой, дворовой, хозяйку полевую, дворовую, прошу я парня полевого, дворового, прошу я девку дворовую, полевую <… >"5. Але прыналежнасць да розных локусаў, ва ўяўленнях не перашкаджае ім час ад часу збірацца разам на "гульбішчы": "Мы гулялі бліжэй, а іх гульбішча дальшэ было. Но мы не зналі. Яно ж не відна. Адна адышла ад нас, аправілася. I стала яна сохнуць <… >"6; "Такое было. Яны ж ідуць калі на гульбішча <… > Вот як віхры гуляюць па полю - ета ж яны <… >"7.


1 Зап. Г.І. Лапацін у 1992 г. у в. Неглюбка Веткаўскага р-на ад Міхаіла Міхайлавіча Сарасекі, 1917 г. н. Сш. 108. Арк. 12.

2 Зап. Г.І. Лапацін у 1995 г. у г. Ветка ад Паўла Емельянаваіча Мяжэнага, 1926 г. н., з в. Восава Веткаўскага р-на. Сш. 8. Арк. 4.

3 Зап. Г.І. Лапацін, Т. А. Ананьева ў 1999 г. у в. Студзянец Кармянскага р-на ад Любові Мікалаеўны Хутарцовай, 1912 г. н., родам з в. Восава Краснапольскага р-на. Сш. 91. Арк. 88.

4 Зап. Г.І. Лапацін у 1992 г. ад Ніны Сцяпанаўны Дронавай, 1932 г. н., з в. Гута Веткаўскага р-на. Сш. 64. Арк. 7.

5 Зап. у 1996 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на ад Марыі Васільеўны Мартыненка, 1936 г. н., са збору дырэктара Казацкабалсунскага СДК.

6 Зап. Г.І. Лапацін у 1994 г. у п. Ляда Веткаўскага р-на ад Вулляны Іванаўны Кавалёвай, 1931 г. н. Сш. 56. Арк. 112.

7 Зап. М.М. Гаршкоў у 1992 г. у в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Марыі Лаўрэнцьеўны Зуевай, 1925 г. н. Сш. 3 (відэа). Арк. 28-30.

Адсюль у некаторых замовах: "Устану я рана, умыюся бела, выду ў чыстае поле. У чыстым полі ўстрэчу трох цароў: первы цар - лесавой, другі - палявой, трэцці - хазяін дваравой <… >" (гл. тэкст 8); "Выду в чыстае поле в чыстам поли встрячу я тры девцы царёв первый царь лесавы другой палевый трецций хазяин дамавый" (гл. тэкст 10).

<… > не знала, на следок стала <… >

Дабрахожы, паводле народных уяўленняў, не любіць, калі яму пераходзяць дарогу, становяцца на яго след. За гэта ён можа збіць з дарогі, наслаць цяжкую хваробу. У фразе "раба божия (імя) не знала, на следок стала" адразу вызначаюцца і правіна жанчыны, за якую пакараў дабрахожы, і прычына такіх неабачлівых паводзінаў. Правіна ў тым, што яна стала на след дабрахожага (перайшла яго след), паколькі ён для яе нябачны. А не можа бачыць яна яго таму, бо - "раба Божая" і для дабрахожага прадстаўнік іншай культуры. Дабрахожы не любіць, калі яму пераходзяць дарогу, становяцца на яго след. Сустракаем падобны матыў у былічках: "І просяць усех чацвярых: "Я ж ня знаў, да на ваш след ступаў. Вы мяне прасціце, мазгоў не мітусіце, крыві не паліце, сэрца не таміце, раба Божае (імя) асвабадзіце"1; "Не дай Бог, станеш на багатырскі след… »2; "І няльзя была, еслі на іх след трапіш, вот, дзе яны прайдуць, дак начнеш блудзіць. Заводзюць яны няізвесна куды <… > Усё ходзіш, ходзіш і не помніш. І ўсё эта, старыкі гаварылі, што эта на іх след трапіш, і так палучалась"3; "Прасціця мяня, ці на след наступіла, ці памачыцца ні там схадзіла, дзе нада была" (тэкст 6).

Тут пералік правінаў перад дабрахожым пашыраецца: "Абы нідзе нельзя мачыцца. А еслі прышлось, гавары: "Хто пры мне, прасці мне!"4; "Еслі дома есць ён, нельзя апраўляцца дзе зра. Адно месца даўжно быць. У полі ідзеш, управа не заварачывай, абязацельна - улева. Ні пад куст ні садзісь, ні пад дзерава ні па-маламу, ні-па-бальшому"5.

<… > простите не дивите <… >

Ад вінаватага перад ім чалавека дабрахожы чакае просьбы аб прабачэнні: "Во Лёшу Марачкінаму случылася. Малады парань ішоў у сарай. <… > І па-лёгкаму. Дак адзін прашчаў. Старшы прашчаў, а малады не прасціў"6; "Ад ветру стане, ат дабрахожых чалавеку, платочак чысты нясе, хлеба піражок, дзе крыні


1 Зап. Г.І. Лапацін, С. І. Лявонцьева ў 1991 г. у в. Старыя Бабовічы Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл. ад Лукер’і Усцінаўны Кажамяка, 1924 г. н. Сш. 108. Арк. 18.

2 Зап. Л.А. Новікава, Г. Р. Нячаева у 1999 г. у в. Старыя Малынічы Чачэрскага р-на ад Паладдзевай Марыі Міхайлаўны, 1929 г. н. Сш. 90. Арк. 36-37.

3 Зап. Г.І. Лапацін у 1995 г. у г. Ветка ад Паўла Емяльянавіча Мяжэнага, 1926 г. н., з в. Восава Веткаўскага р-на. Сш. 8. Арк. 4.

4 Зап. Г.І. Лапацін у 1992 г. у в. Фёдараўка Веткаўскага р-на ад Матроны Мацвееўны Брайковай, 1928 г. н. Сш. 108. Арк. 10.

5 Зап. Г.І. Лапацін у 1988 г. у г. Гомель ад Ганны Клёцавай, 1904 г. н., з в. Бабічы Чачэрскага р-на, Архіў аўтара.

6 Зап. Г.І. Лапацін у 1996 г. у п. Свабода Неглюбскага с/с ад Вулляны Міхайлаўны Карпёнак, 1930 г. н. Сш. 56. Арк. 57.

ца ці дзе, пятнаццаць нітачак нясе, просе іх. У нас чалавек быў, так знаў, дзе харошы хазяін дабрахожы, а дзе плахі. Таго ўпросіш, а ў том месце не ўпросіш. Дзеўка ў нас ішла, на ракрэсах паляцела, гадоў сямнаццаць, красівенная дзеўка. А другая із ёй ішла, паднімае: "Уставай!" - "Ой, - кажа, - Марфачка, нага мая забалела". Яны за яе да і ў бальніцу. А тады паняслі эты атнос - хлеба піражок, палаценца. Баба яе насіла. Так ён засвісцеў па уху ей. Яна кажа: "Спасіба за ўдар! Яшчэ ўдарь". Тры разы ўдарыў. "А! - кажа, мяне не просяць! У бальніцу павялі!" Яна памерла, дзеўка тая. Дзе случыцца чалавеку, туды і носяць"1.

Гл. падобны матыў і ў іншых замоўных тэкстах: "Прашу вас, угаварываю: "Прасціця мне, ішчэ раз прасціця, ішчэ раз прасціця… " (тэкст 6); "Хазяін дамавой, падарожны, палявы, лесавы, дваравы, прашу я вас нізкімі ўклонамы, гарячымі слезамі, нізкімі паклонамі… " (тэкст 5); "Я ў лес пайду, не адгукнуся і назад не аглянуся. Хоць будзеш гукаць… " (тэкст 13).

Рытуал адносу суправаджаўся шэрагам правілаў: "Как хлеб паложыш, назад не аглянісь… "2; "А патом, как паложішь, ніяк нельзя аглядывацца. Маей бабы свякруха панесла, палажіла, сказала усе словы - і назад. І слышіт: цекают капыты, калёсы ріпять… адна абярнулась, а ані ей кнутам глаз і высцебнулі"3; "Атносы ўсягда дзелаюць ноччу, у цёмнае ўрэмя. Атнёс, спецыяльна нада малітву пачытаць. Атнёс, палажыў, перавярнуўся і нада іцці, не аглядывацца назад, там, што ня будзя. Там будуць прычуды быць, ні ў коем случае няльзя аглянуцца"4.

Прааналізаваны тэкст быў створаны прадстаўнікамі традыцыйнай культуры і адлюстроўвае іх цэльнае, несупярэчлівае ўспрыманне прыроды.

У свой час, у адной з замоў у фразе "Ехаў жа ты, Госпадзі, на буланам кані, у шчыравом сядле па каменнай гарэ, па жалезным масту" я звярнуў увагу на словазлучэнне шчыравое сядло і звярнуўся да выканаўцы тэксту за тлумачэннем. Прыводжу дыялог, які адбыўся паміж намі.

[Сядло якоя?] У шчыравом сядле. Ну, я ня знаю, якоя ета шчыравоя. Ета ў малітве, я ж ета ў малітві. Я ж ета ня знаю. Па каменнай гарэ, да на буланам кане, у шчыравом сядле. А якога яно колеру ці яно ряменнае ці шчэ другоя. Ета ж у малітві <… > Я етага ня знаю. Як малітва, так я чытаю"5.

Але калі мы, у сваю чаргу, жадаем зразумець усю глыбіню гэтага тэксту, то павінны ўспрымаць на яго, абапіраючыся не толькі на веданне літаратурнай мовы і здаровы сэнс, але і на глыбокае веданне ўсёй культурнай традыцыі,


1 Зап. Г.І. Лапацін у 1991 г. у п. Новае Заляддзе Веткаўскага р-на ад Алены Кандратаўны Фяськовай, 1914 г. н. Сш. 52. Арк. 2.

2 Зап. Г.І. Лапацін, С. І. Лявонцьева ў 1991 г. у в. Старыя Бабовічы Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл. ад Лукер’і Усцінаўны Кажамяка, 1924 г. н. Сш. 108. Арк. 18.

3 Зап. Г.Р. Нячаева у 1989 г. у в. Неглюбка Веткаўскага р-на ад Марыі Сцяпанаўны Барсуковай, 1930 г. н. Сш. 89. Арк. 3.

4 Зап. Г.І. Лапацін у 2004 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на ад Марыі Васільеўны Гутар, 1958 г. н. Сш. 99. Арк. 83.

5 Зап. Г.І. Лапацін у 2011 г. у в. Неглюбка Веткаўскага р-на ад Ганны Іванаўны Герасіменка, 1931 г. н. Сш. 131. Арк. 17.

з якой ён арганічна звязаны, якая яго дэлегавала і надала яму самадастатковы выгляд. І тут важна ўсё, да самых, на першы погляд, дробных і нязначных рысачак і дэталяў.

1. Ад дамавога

Пасвяцю паску і хаваю палаценачка пасвяцёнае. Чысценькая ж яно. Я паску ўсягда кладу і пасвяцяю у ём. А тады прыношу, бацюшка пасвеця, яно мокрае, я яго прасушу. Яно ў мяне ляжыць прасушанае, для ўсякага случаю. Ад дамавога, еслі ў дварэ непарадак. Здаецца ўсякае, там, у хаце, усякі случай здаецца. Вот нада эта палаценачка і атрэзаць з цэлае булкі акрайчык хлеба, і туды солькі ўсяродак утаптываць і на эта палаценачка пасвяцёная нагаварываць.

Добры вечар, вот ты, мой дамавой, жыві радам са мной, жыві ж ты ўмесці, абходзься каля маёй скаціны і каля сям’і па чэсці. А калі ты чужы насыльны, так ідзі к яму пагуляй, да ў іх на дварэ і ў хаце паганяй, а ў маём дварэ не бывай.

І еслі ад скаціны - у сараі клалі на бальку, а як жа ў сям’і - так нада класць у хаце, на куце, дзе стаяць іконы.

Зап. Г.І. Лапацін у 1994 г. у г. Ветка Веткаўскага р-на

ад Матроны Цітаўны Еціпнёвай, 1919 г. н., з в. Барталамееўка. Сш. 53. Арк. 21.

2. У новую хату

Калі ідзеш у чужую хату, толькі перасягаеш парог, прыглашай з сабой.

Мой дамавой, хадзі радам са мной. Жыві ты з намі ўмесці, абходзься каля маёй сям’і і каля скаціны па чэсці. А калі ты чужы насыльны, ідзі к яму пагуляй, а ў маём дварэ не бывай.

Яму нада класць у сарай, ежэлі скаціна балеіць, нада хлеба ад цэлае булкі адрэзаць, на белаю трапачку, і палажыць пад страху на шулачку. А еслі ў домі, можна на кут палажыць.

Зап. Г.І. Лапацін у 1998 г. у г. Ветка Веткаўскага р-на

ад Матроны Цітаўны Еціпнёвай, 1919 г. н., з в. Барталамееўка. Сш. 53. Арк. 23.

3. Ад дамавога

Хлеба акрайчык на трапачку, на шулу, пад страху.

Дзядзішча, дзядзішча, кучаравая галавішча, шырокая барадзішча, калі ж ты - мой дамавой, жыві ж ты, на сваём месці, абыходзься па чэсці, сваё хазяйства сустракай, яе кормам накармляй і вадзіцай напавай, і спакою ёй давай. А калі ты - чужы, насыльны, ідзі к яму пагуляй і яго скаціну паганяй і яго папужай.

Зап. Г.І. Лапацін у 1993 г. у г. Ветка Веткаўскага р-на ад Ганны Цітаўны Шэвелевай, 1912 г. н.,

з в. Барталамееўка. Сш. 53. Арк. 20.

4. От дамового

Ты хозяин дворавой Ты хозяин дамовой По двору моим ходи двор мой стереги хозяину (нечепай) подклады в дом и в двор не пускай а хто будзя подкаладать зубы-губы замыкай язык выпирай а дамов пришел что место себе не нашел

[Прачытала са сшытка:

Ты хазяін дваравой, ты хазяін дамавой, па двару майму хадзі, двор сцеряжы, падкладаў ні пускай. А хто будзя падкладаць, зубы-губы выбівай, язык выбірай. А дамоў штоб прышоў і места ні найшоў.]

Са сшыткаў, што належаць Кацярыне Еўдакімаўне Чуяшковай, 1931 г. н.,

з в. Данілавічы, скапіраваў Г.І. Лапацін у 2008 г. Сш. 127. Арк. 34.

5. Ад дамавога

Госпаду Богу памалюся, хазяіна дамавога, падарожнага папрашу. Хазяін дамавой, падарожны, палявы, лесавы, дваравы, прашу я вас нізкімі ўклонамы, гарячымі слезамі, нізкімі паклонамі, прашу я вас усех: забірыця от (імя) балезь балючаю, маючаю, падкідную, падсыпную, падложанаю.

Зап. Г.І. Лапацін у 2009 г. у г. Ветка Веткаўскага р-на

ад Ганны Андрэеўны Аўчыннікавай, 1937 г. н., з в. Старае Закружжа.

Сш. 121. Арк. 28.

6. Ад дамавога

Я вас, братцы, угаварываю, умаляю, на крутыя горы ссылаю, на цёмныя лясы, на жоўтыя пяскі. Вот вам там піць і гуляць, і ў рабы Божжай Ганны болей не бываць. Упрашываю, угаварываю, умаліваю: "Ідзіця на млыны, там млыны меляць, жорны б’юць, ломяцца, кругі круцяцца, і вам там круціцца. Вот там Максім, Лена, Аляксана, Мар’я - усех вас прашу: "Прасціця мяня, ці на след наступіла, ці памачыцца ні там схадзіла, дзе нада была. Прашу вас, угаварываю: "Прасціця мне, ішчэ раз прасціця, ішчэ раз прасціця".

Ета на дамавых. Случаіцца людзям, ці ні там памочыцца, ці што. [Дамавы - гэта хто?] Кажаць, што дамавыя людзі - невідзімыя.

Зап. Г.І. Лапацін у 2012 г. у в. Неглюбка Веткаўскага р-на

ад Ганны Іванаўны Герасіменка, 1931 г. н. Сш. 131. Арк. 41.

7. Ад ветру

Інагда будзіце іціць, і на вас найдзе такі вецер. І яно вам ні мінецца. І вы, як таго ўрэмя даждзіцё, калі яно вам случылася, і вам плоха становіцца, тады нада чалавека шукаць, і штоб ён ужо пашаптаў. І яно праходзя.

Первым разам, Гасподнім часам Госпаду Богу памалюся, Мацеры Гасподняй прыкланюся. Не сама сабою, Прячыстая Маць са мною. І добры дзень цябе, лес лясной, і ты, хазяін часной. Даваў жа ты помачы ўсім, дай жа ты етай жэншчыні сваей помачы. І прашу я цябе, хазяіна дваравога, палявога, устрэшнага, падарожнага. І датуль вы хадзілі, гулялі, етай жэншчыні боль і страх задавалі. І ты (імя) спі высыпайся, на еты страх і боль забывайся. У лесе на шырокай паляне вы гулялі, буялі, краскі рвалі, етай жэншчыні помачы давалі. І ты (імя) спі высыпайся, на еты страх і боль забывайся. Каторага слова ні знаю, Госпада Бога прызываю. Дай жа ты, Госпадзі, помачы.

Зап. Г.І. Лапацін у 1995 г. у в. Балсуны Веткаўскага Казацкія р-на

ад Еўдакіі Сямёнаўны Волкавай, 1924 г. н., Сш. 52. Арк. 18-17. Гл. 4.

8. Ад ветру

Первым разам Божжым часам Госпаду Богу памалюся, Прячыстай Божжай Мацеры пакланюся, кіеўскім, пячэрскім - усім сілам нябесным. Прыступіце ка мне, уся нябесная сіла, Прасвятая Маць Багародзіца, на етай парэ, на ранняй зарэ. Устану я рана, умыюся бела, выду ў чыстае поле. У чыстым полі ўстрэчу трох цароў: первы цар - лесавой, другі - палявой, трэцці - хазяін дваравой. Упрашаю вас, умаляю вас сваім ціхім духам, малітвай, маткіным нараждзеніем. Выгаварываю раба Божжай (імя) на етай парэ, на ціхай гадзіні ціхі вецер. І выгаварываю, вымаўляю, высылаю ў чыстая поле, на сіняя моря. Есць на свеці моря. На тым моры стаіць дуб. Пад тым дубам стаіць дзедзька сівабародзінькі. Ён нічога ні апавядае, адны херувімы садзяржае і з етага раба Божжай ціхі вецер высылая, яму помачы давая. Каторага слова ні знаю, Госпада Бога прызываю. Дай жа, Госпадзі, помач.

Зап. Г.І. Лапацін у 1995 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на

ад Еўдакіі Сямёнаўны Волкавай, 1924 г. н. Сш. 52. Арк. 20. Гл. 4.

9. Ад ветру

Первым разам, Божжым часам Госпаду Богу памалюся, Прячыстай Мацеры пакланюся і ўсім святым апосталам. Прашу я, раба Божжая Дуня, вазьміце у раба Божжай (імя) ета ветряное ліха. Дзе ж ты гуляў, дзе ж ты буяў, і што ты (імя) даў, штоб назад атабраў. Палянская гара, ішоў святы Петра-Павел і стрэл ветра Ціха, прыказаў ветру Ціху: "Вазьмі з раба Божае ветраное ліха. Где ж ты буяў, где ж ты ей болі даваў, штоб назад атабраў". Ішоў сам Гасподзь і Прячыстая Маць раба Божжае помачы даваць. Ні мой Дух, Гасподні.

Зап. Г.І. Лапацін у 1995 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на

ад Еўдакіі Сямёнаўны Волкавай, 1924 г. н. Сш. 52. Арк. 14. Гл. 4.

10. От ветру

Первым разам божым часам госпаду богу прячыстай божжай матери покланюс киевским печерским всим силам небесным прыступитес ка мне вся небесная сила просвятая матер богородица на етай паре на ранняй заре устану я мала рана умыюс бела Выду в чыстае поле в чыстам поли встрячу я тры девицы царёв первый царь лесавы другой палевый трецций хазяин дамавый упрашаю вас умоляю вас сваим тихим духом отдуваю малитвай маткиным пораждениям выгавариваю раба божый (сваё імя) на етай парини на тихай гадини Тихий вецер выгаваряю вымавляю высылаю у чистае поле на синяя моря. Есць на свеци моря на том мори стаиць дуб пад тым дубам сядиць дзедка сивабародинький ён ни чым ни завядая адни херувимы содержая из етага раба божжага (имя бальнога) тихий ветер высылая яму помачи давая каторыя слава забываю госпада на помач прызываю дай госпади помач.

З лісткоў, што належаць Вользе Цімафееўне Максіменка, 1929 г. н.,

з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на, скапіраваў Г.І. Лапацін у 2006 г.

Сш. 99. Арк. 94.

11. Ад ветранога

Устану я, раба Божыя, благаслаўлюсь, выду перахрашчусь. Выду, перахрышчась, із дзвярэй у дзверы, із варот у вароты, дайду да чыстага поля, з чыстага поля да сіняга мора. Там стаіць цэркаў, у той цэркві залатой прэстол, за прэстолам сядзіць Матушка Прэсвятая Багародзіца. Падайду к ёй пабліжэ, пакланюсь ёй ніжэ: Матушка Прэсвятая Багародзіца, вымаўляю з тваёй помашчы з рабы Божжай (імя) дзвенаццаць скарбей, дзвенаццаць балезней, дзвенаццаць шчэкотак, дзвенаццаць молатаў, дзвенаццаць пераломаў, дзвенаццаць утреніх утцікаў, дзвенаццаць калоў, дзвенаццаць хамутоў, дзвенаццаць іспугаў, дзвенаццаць урокаў, дзвенаццаць ветраных, дзвенаццаць перапалохаў, дзвенаццаць крыксаў з буйнай галавы, з жоўтага мозгу, з ясных ачэй, з чорных бравей, з алых губ, з белых зуб, з рацівага сэрца, з гарачай печані, з легкіх, з селязенкі, з почак, з сямідзесяці жыл, з сямідзесяці суставаў, з рэцівых ног, з белых рук, з сярэбранага воласа ва ўсякі час, ва ўсякае ўрэмя. Ва імя Ацца і Сына і Святога Духа. Амінь.

Са сшытка, што належыць Алене Анатольеўне Цішковай,

1964 г. н., з г. Ветка Веткаўскага р-на, перапісаў Г.І. Лапацін у 2001 г.

Тэксты паходзяць ад Веры Васільеўны Нікіцінай (1920-1990)

з в. Старае Сяло. Сш. 101. Арк. 9-8.

12. От ветру

Первым разом, Господним часом Господу Богу помолюся, Матери Прячистой поклонюся.

Прошу я вас, хозяин полевой, дворовой, хозяйку полевую, дворовую, прошу я парня полевого, дворового, прошу я девку дворовую, полевую. Вы - люди ни хрищеные, а эта - хрищеная. Прошу я вас, хозяин полевой, хозяин дворовой, хозяйка полевая, хозяйка дворовая, парень полевой, парень дворовой, девка полевая, девка дворовая, унимайте рабу Бажай боль балючаю, гарючаю, ташнючаю, нудючаю, падумнаю, пагаднаю, смешную, патешную, полевую, дворовую, ветравую, вяхравую, заспачаю, залягачаю з буйной головы, с жовтыя кости, с горячия крови, с черныя печани, с ясных вочей, с мягких вушэй, с пальчиков, суставчиков, с ногтиков, подногтиков. Ни мой дух, Господний. Дай час добрый, люби мой дух легкий.

Зап. у 1996 г. у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на ад Марыі Васільеўны Мартыненка,

1936 г. н., са збору дырэктара Казацкабаўсунскага СДК.

13. Ад дамавіка

Первым разам, добрым часам. Лес лесавой, хазяін дамавой, пазволь мне па майму двару прайці і следа твайго не перайці. Не здавайся ні ў хадзе, ні ў лесе, ні ў пуці, ні ў маём собственнам доме. Я ў лес пайду, не адгукнуся і назад не аглянуся. Хоць будзеш гукаць, а я сваім духам дыхну, а хвастом перахрышчуся. Амінь.

Зап. Г.І. Лапацін, Л.Д. Раманава ў 1999 г. у в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на

ад Наталлі Паўлаўны Казлоўскай, 1930 г. н. Сш. 91. Арк. 32.

14. Як ідзеш у лес

Дзень добры, хазяін лясны, гаспадар таўсты. Іду к табе за ягадамі. Дай мне, Госпадзі, штоб доўга не хадзіў, а дамоў прыхадзіў.

Зап. Г.І. Лапацін, Л.Д. Раманава ў 1999 г. у в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на

ад Праскоўі Васільеўны Лешчанка, 1931 г. н. Сш. 91. Арк. 79.

15. Ад ветру

Зара, зараніца, Божая памашніца, кіеўскія празнічкі, залатыя ўгоднічкі. Шлі яны, шлі, зашлі ў Гасподні дом, селі за сталом, раба Божага (імя) прызывалі, боль угаварывалі з буйнай галавы, з румянага ліца, з шыі, з рук, з ног, з жывата, з грудзей таску вынімалі. З буйнай галавы, з румянага ліца, з касцей, з машчэй, з усіх печаней боль угаварываю. Угаварываю ад усякіх балезней, штоб па жылах не хадзіла, сэрца не ташніла, касцей не ламіла. Па еты раз, па еты час, па ету мінуту. Як зара патухае, так етага чалавека (імя) боль пакідае.

Зап. Г.І. Лапацін, Л.Д. Раманава ў 1999 г. у в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на

ад Наталлі Паўлаўны Казлоўскай, 1930 г. н. Сш. 91. Арк. 31.

Літаратура

Лапацін 1993 - Лапацін, Г.І. Аб адной замове са збору Еўдакіма Раманава / Г.І. Лапацін // Я блізка стаю да народа… : матэрыялы навук. чытанняў, прысвечаных Еўдакіму Раманаву. - Гомель, 1993. - С. 41-43.

Лапацін 2011 - Лапацін, Г.І. Аднос / Г.І. Лапацін // Міфалогія беларусаў: энцыкл. слоўн. / склад.: І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд.: Т. Валодзіна, С. Санько. - Мінск, 2011. - С. 20.

Лапацін 2013 - Лапацін, Г.І. Замовы як аб’ект этнаграфічных назіранняў / Г.І. Лапацін // Российско-Белорусско-Украинское пограничье: проблемы взаимодействия в контексте единого социокультурного пространства - история и перспективы: материалы Междунар. научн. конф., Новозыбков, 17-18 октября 2013 г. / редкол.: В.В. Мищенко [и др.]. - Брянск, 2013. - С. 263-266.

Лапацін 2001 - Лапацін, Г.І. Знакавая структура хлеба ў магічных абрадах / Г.І. Лапацін // Веткаўскі музей народнай творчасці: навук.-метад. зб. / уклад. І.Ю. Смірнова. - Мінск: БелІПК, 2001. - С. 30-35.

Лопатин 2008 - Лопатин, Г.І. О народной демонологии белорусско-брянского пограничья: доброхожие, невидимые и др. / Г.І. Лопатин // Palаeoslavica. - 2008. - Vol. ХVII, № 2. - Р. 183-217.

Лопатин 1992 - Лопатин, Г.И. О демонологической лексике в языке жителей Ветковского района / Г.И. Лопатин // Гомельшчына: Народная духоўная культура: матэрыялы навук. канф. - Гомель, 1992. - с. 26-28.

Лопатин 2007 - Лопатин, Г.И. "Раскажу табе пра русалак… " (Представления о русалках по современным белорусским свидетельствам) / Г.И. Лопатин // Palаeoslavica. - 2007. - Vol. ХV. - P. 275-292.

Томашевский 1928 - Томашевский, Б.П. Писатель и книга. Очерк текстологии / Б. П. Томашевский. - М.; Л. : Прибой, 1928. - С. 5-6.

Рейсер 1978 - Рейсер, С.А. Основы текстологии: учеб. пособие для студентов педагогических институтов / С.А. Рейсер. - 2-е изд. - Л.: Просвещение, 1978. - 176 с.

Рейсер 1970 - Рейсер, С.А. Палеография и текстология нового времени / С.А. Рейсер. - М.: Просвещение, 1970. - С. 293.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика