Галіна Нячаева

Канец ручніка з в. Неглюбка Веткаўскага раёна.

Угледзімся ў кожны са знакаў. Іх агульная аснова — ромб, гэта значыць жаночы, зямны пачатак. Але ў кожным з выпадкаў ромб ужо не "сцэльны", не "глу-хоўка" (тут і далей тэрміны мясцовых майстрых), але рас-крыжа-ваны, рас-крэс-лены касым крыжам, інакш "казлом". (Мал. 1.) Тэма "казла ў гародзе" (жаночы сімвал (параўнайце яго з дзявочым "садам")) — адна з галоўных у абрадавых песнях, якія мы ведаем і сення. У адным са старажытных варыянтаў "стрэльнай" мясцовай песні архаічныя сімвалы зводзяцца ў наступным сюжэце:

Як успашам полечка…

Як пасеем семечка…

Як унадзіўся ды й тэй казёл…

Малюнак 1. Магія бранага ткацтва — у лікавых законах. Тры чырвоныя ніткі пераадольваюць аснову "крокамі" (па тры белыя ніткі "перасягаюць" за адзін крок). Так нараджаюцца знакі. Яны перамагаюць бязмернае.

Прынамсі, усе “тэрміны" знака тут ёсць. Яны расстаўляюцца ў песні па фіксаваных "месцах", яны быццам бы паслядоўна запаўняюць гэтыя месцы і выстройваюць у словах вядомы нам геаметрычны знак, які і вучоныя называюць "засеяным полем". У рэшце рэшт —

Вазьму казла за рогі —

Звяду казла на торгі,

Прадам казла

За тры рубля,

Куплю сабе тры зялля…

Што первае зелле — бялілечка,

А другое зепле красілечка,

А трэцяе зелле — чарнілечка!

Такім чынам, "шкодны" (пасля сяўбы) казел уключаецца ў каштоўнасці культурнага абмену, вырашэнне "рэальнай" апазіцыі пераводзіцца ў сімвалічны код трох колераў… (Мал. 2.)

Малюнак 2. а) Як успашам полечка…

б) Як пасеем семечка, семечка…

в) Як унадзіўся дый тэй казёл…

У канцы вясны вобраз павінен змяніцца, казёл ужо залішні, яго "прадаюць".

Тое, што мы сення лічым непадзельным, падтрымлівае сваю структуру ў традыцыі, у яе універсуме. Можа стацца, што ў той самай традыцыі захоўваюцца не толькі рэшткі знака, але і ўвесь яго геаметрычны воблік, нябачная "магнітная" фігура, згустак нейкіх духоўных "аперацый".

"Не поле корміць, а ніва… " Увесь час абварочваецца вакол гэтае нівы, якая быццам знаходзіцца ў цэнтры сусвету. Залогам года, гожага часу служаць усе чатыры сонцавароты (4 "крукі").


"КРУЧЧА" I "ЛАПА"

Знакі ў нашай пары заснаваныя на архаічным "засяванні поля". Але іх парасткі розныя. Калі ў першым полі ён толькі прарастае (такі сімвал (мал.З) завецца "лапа кучаравая"), то ў другім — тое, што ўзрастала, уступае "ў фазу васковай спеласці". Пра гэтыя спелыя схіленыя каласы красамоўна гаворыцца ў безлічы народных тэкстаў. Мы ж памянем толькі: "На Севасцьяна (18 жніўня) жыта п'яна". У "крывым" стане і форме выказваюць сябе і "крутыя жнеі", "гарбатыя" сярпочкі, "касыя" косы.

Малюнак 3. Росціць ← зямля, ніва → родзіць.


"Не поле корміць, а ніва… " Увесь час абварочваецца вакол гэтае нівы, якая быццам знаходзіцца ў цэнтры сусвету. Залогам года, гожага часу служаць усе чатыры сонцавароты (4 "крукі").

Калі ж згадаць "крукі" і "ключы" веснавога адмыкання і восеньскага замыкання зямлі (мал. 4), яе веснавое адкрыцце і восеньскае "закутванне" варот, то ў знаку з'явіцца яшчэ больш рухомай духоўнай прасторы. Тут дарэчы будзе згадаць ключы, якія заводзіць у "крывым танку" вясной дзяўчына, і "зялезны" замок пад капытамі ягор'еўскага статка, і "трыц-цаць тры" "залатыя ключы" ў руцэ веснавога святога. Шмат ключоў есць і ў восеньскіх абрадах. Нават словы і мелодыі жніўных песень плывуць на хвалі вяртання, звароту… Усе з зямлі і ўсе да яе, і рытм уздымаецца да універсальнасці быцця і … ментальнасці вяртання да свайго дому і пачатку.

Малюнак 4. "Кручча", "ключы" ў пачатку і на канцы. Сонцаварот, час адмыкання і замыкання зямлі. Крывыя — сошкі; гарбатыя — сярпы; касыя — косы; крутыя — жнеі… Ключы ў руцэ вясновых і восеньскіх святых.

Можна ўбачыць у гэтым крукаватым "жэсце" пачатак усіх танцаў, маленняў. Сувязь з зачаццем — смерцю, нараджэннем і родамі.

А што ж тады першае поле, ромб, які прарастае? Ён завецца "лапа кучаравая", і гэтая назва не ўваходзіць у земляробчы код. Таму мы доўга не маглі зразумець, які ж сэнс утрымлівае сама традыцыя ў архаічным геаметрычным знаку. Калі гэта зямля "па паходжанню", то ў чым пераемнасць сімвала звярынай лапы?

У нашых мясцінах захавалася такая дзявочая варажба: ноччу дзяўчына адна станавілася спінаю да дзвярэй лазні і чакала. Калі яе ззаду пагладзіць махнатая лапа, то замужжа будзе багатым. Такім чынам, звярыны амулет і знак зямлі багатай (кажуць: "Будзь багаты, як зямля!") зводзілі свае сэнсы ў той глыбіні, дзе панаваў Вялес, валасаты бог багацця і сырога зерня, воўны і поўсці… Валасатая, кучаравая, дзявоцкая ці засеяная, але не "рождьшая" зямля. У этымалогіі знака аказалася зямля — "зьмеява", а змей — Вялес—зямны.

ЯК ТВОРЫЦЦА СІНТАГМА ("СКАЗ")

А ці можна зразумець пару ці болей, некалькі знакаў як фразу? У 1985 годзе мы адважыліся, і з тае пары ручнікі загаварылі.

Можна пабачыць, што і кожны знак сам — сказ, але гэта выяўляецца толькі ў параўнанні роднасных знакаў: зямля-росціць ("лапа") і зямля-родзіць ("кручча"). "Дзеяслоў" аказваецца менавіта фікса-ваннем змены ў стане.

І ўсё ж ручнік ніколі не быў простай фіксацыяй з'яў, хоць бы і універсальных.

I таму знакі-адмеціны толькі частка нейкай большай фразы. Ці большай культурнай прасторы. I гэтая фраза і прастора яе ў ручніку супадаюць, бо ён увесь ёсць вобраз — шлях, "дао" нашых продкаў.

Дзе і ў чым можа быць "зашыфраваны" дзеяслоў "большага сказа"?

Глядзім на адну паласу ўзору. Знак "ураджай" (мал. 5) паўтараецца двойчы, ён сіметрычна абдымае сімвал зямлі квітнеючай (ці расліннай сілы зямлі, нівы). Такое рытуальнае "апаясванне" — адзін з універсальных спосабаў магічнага дзеяння. "Зарадзіла-нівачка-зарадзіла" — магчыма, у фальклорнай формуле — таксама гэтая магія? Але ў такіх кругавых фразах, няхай гэта слова, узор ці апаясванне цэлай вескі ніткамі з "абыдзенага" ручніка, энергія накіравана ўсярэдзіну, яна захоўвае і забяспечвае ўдаласць таго, што абдымае. Так ахоўваюць і ніву, і дзіця.

Малюнак 5. Энергія накіравана ў сярэдзіну. Знакі ўраджаю сіметрычна паўтараюцца вакол сімвала нівы. Яны магічна абкружаюць яе. Паўтор блізкі апярэзванню.

"КАЖЫ ТРОЙЧЫ… "

Як жа давесці да здзяйснення ўдаласць і дасканаласць таго, што пакуль што толькі жадаецца? Ткуць у час Вялікага посту, белага часу — калі яшчэ не сеялі… Знакавае дзеянне папярэднічае рэальнаму, яно павінна мець у сабе закон-волю будучыні.

I тут мы адвядзём вочы ад аднае паласы ўзору (дарэчы, яе завуць у неглюбскай традыцыі "хрясты"; ручнікі ткуць "у трое, у сямёра хрястоў"). Мы перастанем глядзець на адну паласу, каб убачыць іх супольнасць. I ўбачым, што аднолькавая па ўзору паласа паўтараецца тройчы, нібы лесвіца ўзыходзіць па тканіне ўверх (мал. 6). Так, ткуць уперад, а ўздымаюць ручнік у Чырвоным (Красным) куце — увышыню, вертыкальна ўзводзячы ці ўзыходзячы… хоць бы вокам.

Малюнак 6. Трайны вертыкальны паўтор: "Дай, Божа… ". На другім канцы ручніка: "Дзякуй, Божа… ".

Молімся, замэўляем, спрабуем…

Тройчы мы паўтараем малітву, замову, спробу… I кажам: няхай будзе, пусть будет… Кожная з гэтых фраз напачатку абазначала просьбу: дазволь, не хай (не ругай), пусці, дай… Дзеяслоў у загадным ладзе, ці, што слушней, у малельным стане, узнікае ў гэтым трайным паўторы, скіраваным да неба.

"РУЧНІК — ЗАЎСЁДЫ КОСМАС… "

Цяпер жа яшчэ раз пашырым погляд, каб і гэты трайны паўтор узораў увайшоў у большы "тэкст".

У касмалагічным кодзе Мадэль Сусвету абавязкова прысутнічае ва ўзоры. Гэта і ёсць "каардынаты" ўсіх дзеянняў ці разгортвання тэкстаў у ручніку (мал. 7). Чырвоны ўзор-малітва паўтараецца амаль бесперапынна, запаўняючы ўсю прастору паміж дзвюма палосамі з белымі ўзорамі. I верхні, і ніжні рады белых постацей памятаюць пра незямныя, пра ніжні і верхні ярусы космасу.

Малюнак 7. Сусвет на ручніку.

Верхні дае бесперапынную вадзяную "крывулю", адну з ідэаграм верхніх водаў. Вопыт вывучэння дае магчымасць меркаваць, што гэткі пульсуючы тып крывулі (гарызантальны ланцуг ромбаў) з крыжыкамі ў кожным "усплеску" трэба разумець як ваду, насычаную агнём, жывую і апладняльную.

Такім чынам, малітва запаўняе ўсю прастору паміж зямлею і небам і дасягае вечных вытокаў нябеснай энергіі. Маленькія фігуркі "сякерак" абводзяць карагодам галоўныя знакі кожнай паласы. Яны зберагаюць інфармацыю і дадаюць свой сэнс, бо з'яўляюцца сімваламі бога-грамаўніка.

Ніжэй зямной мяжы чырвоныя "кручча" і "лапы" ператвараюцца ў белыя, і відаць, што "на Тым свеце" мова ўжываецца тая самая (але наадварот?) Яшчэ відаць, што нашыя зямныя каштоўнасці знаходзяцца і ва ўладзе Ніжняга Свету.

Яшчэ можна зразумець, што тройчы пасылаем маленне да неба на мове чырвонага (крыві, агню, свята… ) і адну долю той малітвы белаю моваю — ад-даем продкам (у парадку ткання яна будзе першай і апошняй, бы масляныя і дзмітраўскія Дзяды).

Але калі ўсе і не так, адно можна сцвярджаць пэўна: продкі ўсё ведаюць пра ўраджай і ніву, пра зямную раслінную сілу, яны заведуюць гэтаю нашаю "красою". "Кручча" і "лапы кучаравыя" — самыя тыя зямныя і падземныя Вялесавы знакі, а ён жа, Вялес, як і духі памерлых дзядоў, — абаронцы нашага зда-роўя. Тры плюс адзін будзе чатыры. I гэта лік паўнаты і да-скана-ласці (чуеце, у таямніцы суцэльнага і гарманічнага — затоенае "сканаць", і ўвесь чын і ёсць пераадольванне смерці). Чатыры і ёсць здзяйсненне. Калі хочаце, можна медытаваць на гэтую тэму ў паўторы гэтых дасканалых знакаў — "мантр". Ці ўзнаўляць касмічны лад, у якім тры фазы расліннага жыцця адбываюцца тут, на паверхні, і толькі адна — у белым чыне, узімку і на тым, падземным свеце.

Можаце ўявіць і архаічную міфалагему Таго свету як пашу з лугамі і схіленнем траў — толькі белых.

У рэшце рэшт і код дрэў і каранеў такі ж красамоўны, і зімні сонцаварот завецца "карачун", і дзіця касалапае—таксама, і дуб-карачун яшчэ памятаюць на Палессі.

А цяпер "прачытаем" "тэкст" двух канцоў (мал. 8). Вось чырвоная паласа ўзору, якая раней за ўсе выткалася і адрозніваецца ад чыну. Несіметрычныя дугі тут могуць быць як месяцамі, так і наканечнікамі стрэлаў. Сэнс паўнаты ў "касым" узоры дасягаецца толькі ў сувязі двух канцоў ручніка. Тады "месяцы" бягуць насустрач па трыццаць шэсць з кожнага боку, даючы семдзесят дзве дужкі і адну поўню з дзвюх па-лосаў —у месцы з'яднання канцоў. Калі ж гэта стрэлы, то такая ж іх колькасць ляціць ад ручніка, быццам ахоўваючы яго, як гэта робяць драўляныя стрэлы аконнай ліштвы.

Малюнак 8. Завяр-шальны ўзор: стрэлы ці месяцы. Поўня-замок і паўната з'яўляюцца толькі пры з'яднанні двух канцоў ручніка. Узор-засцярога.

Увесь жа тэкст ручніка складаецца з двух "гаваркіх" полаў-канцоў і з "маўклівай" белай сярэдзіны, якая пакрывае абразы зверху. Паўтор ёсць і ў гадавым коле ўжывання ручніка. Па Вялікдзень і на Успенне вывешваюць гэты самы прыгожы ручнік. Веснавыя маленні і восеньскія дары і падзякі — быццам тыя ж два канцы ў ручніку. Ткачыха тчэ ручнік у адным і тым жа напрамку, але парадак узораў канцоў — люстэркавы. I вось, калі ручнік вісіць, мы бачым, як уключаецца гэты накірунак ткання ў касмалагічныя ўяўленні. "Веснавы", левы канец пішацца-тчэцца знізу ўверх. А "восеньскі" канец тчэцца-чытаецца зверху ўніз, бы пасланне дароў, пра якія маліліся і дзеля якіх аралі і сеялі вясною, па магічнаму плану ручніка. I канец гэты — правы, бо ад Бога (восеньская сяўба, напэўна, таксама адчувае патрэбу ва ўзорным чыне).

А ці нельга ў рытме абрадавага года знайсці "рыфмы" да самога чыну ўзору (1 адваротная 3 пазітыўныя выявы ў складзе палос-"хрястоў") 1 бе-лая крывуля (адваротная?)

Успомніце сяўбу. Першае рытуальнае засяванне хатаў адбываецца на Ражаство, у белы час, прычым робіць гэта пастух, а не сейбіт (так, Хрысту пакланяліся пастухі, але… ).

Потым, вясной, будуць яшчэ тры тэрміны сяўбы. Калі ж разгледзець адзін абрад, засеўкі, то ў ім назіраецца той жа рытм. Пачатак дзеяння адбываўся быццам бы "адваротным" спосабам. Засяваюць нашча, моўчкі. Лён сеялі галяком, каноплі у нас, на-прыклад, сеялі, завязаўшы вочы ("каб птушкі не бачылі"), засявальшчыка выбіралі часцей з самых старых ці хлопчыкаў, г. зн. з тых, хто рытуальна чысты, сляпы. Чысты пачатак сяўбы меў у сабе "сему" (час-цінку значэння) Таго свету і адваротнай прасторы. Так, Чысты Чацвер, адзін з тэрмінаў рытуальнага засявання, ёсць таксама дзень запрашэння продкаў да хатняга агню і іх частавання. Суровая нітка прадзецца ў гэты дзень наадварот і — "як маці радзіла". Селянін Пінскага павета пачынаў сеяць "наадварот", бо першую жменю зерня кідаў леваю рукою…

Галіна Рыгораўна Нячаева,
дырэктар Веткаўскага музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава.

Апублікавана: Мастацтва, 1’1999.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика